У прыватнасьці, спадар Зьміцер адзначыў, што перад тым, як трапіць у турму, меў перакананьне, што рэжым беспадстаўна перасьледуе толькі апазыцыю. І якім жа было ягонае зьдзіўленьне, калі пабачыў сярод вязьняў шмат невінаватых людзей. Нехта патрапіў туды праз свой бізнэс, нехта перайшоў дарогу ўчастковаму, нехта папросту адмовіўся даваць хабар чыноўнікам... У нейкай ступені гэта быў пэўны шок: перасьлед зазнае ўсё беларускае грамадзтва.
Усе тыя мэханізмы рэпрэсіяў, пад якія трапляюць палітычныя і грамадзкія актывісты, даўно ўжо апрабаваныя на простым народзе. Перш чым цкаваць кандыдатаў у прэзыдэнты, праваахоўнікі набілі руку на тых жа п'яніцах ды наркаманах...
Пасьля знаёмства з маштабамі пануючай несправядлівасьці ўзьнікла жаданьне пакласьці пачутае ад вязьняў на паперу. Захацелася перадаць боль і жыцьцёвы досьвед тых людзей, зь якімі сустрэўся за час двух зьняволеньняў. Тэксты, напісаныя цягам гадоў адседкі, і леглі ў аснову кнігі «Чарвяк». Аповесьць, што дала назву ўсяму зборніку, была напісаная ў Глыбоцкай турме і дапісвалася ў Гарадзенскай.
Называючы аповесьць «Чарвяк», аўтар зыходзіў зь біблейскай цытаты, словаў, сказаных царом юдэйскім Давідам: «Чарвяк – я, а не чалавек, зьнявага ў людзей і пагарда ў народзе». І гэта кажа чалавек, які некалі пасьвіў авечкі, і якога Бог за вернасьць зрабіў царом. Таму, робіць выснову Зьміцер Дашкевіч, калі і мы будзем вернымі Богу – усё, што ёсьць кепскага ў нашым жыцьці, будзе служыць нам на дабро. Нават турэмнае зьняволеньне.
Пасьля ўступнага слова аўтара ўсе ахвотныя задалі яму пытаньні. Адказы былі разгорнутыя і зьмястоўныя. Вось некаторыя з гэтых адказаў на пытаньні ў скароце:
Як падчас зьняволеньня да Вас ставіліся начальнікі і супрацоўнікі турмаў?
У турме штодзённа адбываецца і маральны, і псыхалягічны, і фізычны гвалт. Калі разнарадка на перасьлед пэўнага вязьня даецца зьверху, то супрацоўнікі мусяць сваю працу выконваць. Хаця ў розных турмах гэта адбываецца па-рознаму: у адных турмах гэта робіцца з радасьцю, і яшчэ нешта дадаюць ад сябе, а іншы б'е нагамі і кажа: «Ну, прабач, у нас жа праца такая».
Для мяне было зьдзіўленьнем заўважыць калясальную розьніцу паміж захадам і ўсходам Беларусі. Заходнікі, на дваццаць гадоў меней адурманеныя бальшавізмам, – гэта абсалютна іншыя людзі. Пры гэтым трэба разумець, што вязень адседзеў два гады і выйшаў, а супрацоўнікі і кіраўніцтва турмаў сядзяць там усё жыцьцё. Таму асоба настолькі дэградуе, што недзе ў Горках ці Мазыры такі мат-перамат стаіць, што вушы вянуць. Людзі, здавалася б, з пагонамі маёра, падпалкоўніка, палкоўніка, а размаўляць могуць толькі мацюкамі. Гэта – не перадаць. Зыходзячы пенай, яны распавядуць табе ва ўсіх падрабязнасьцях, што з табой будуць рабіць, калі ты ня будзеш падпарадкоўвацца.
І вось пераводзяць мяне ў адну з турмаў заходняй Беларусі. Пасьля ўсходняга досьведу рыхтуесься да найгоршага. Сяджу я ў габінэце начальніка, і раптам уваходзіць яго намесьнік, а першы яму з парогу:
– А ты, Франак, быў на споведзі ў касьцёле ў нядзелю?
– Не, Адамавіч, наступным разам абавязкова схаджу.
Адна і тая ж сыстэма, але розьніца ў дваццаці гадох камунізму. На захадзе да 50-60-х гадоў бальшавікоў стралялі. І гэта проста іншы сьвет. Таму розныя сытуацыі, розныя турмы і рознае стаўленьне.
Якое месца для сябе Вы бачыце сёньня ў беларускай палітыцы?
Што такое ў нашых умовах палітыка? Я перакананы: Бог многім людзям дае малую справу і назірае за тым, як яна ідзе. Калі людзі мяркуюць, што сьвет стварыў добры Бог, то трэба пагадзіцца: такому Богу не даспадобы злачынныя рэжымы. Рэжымы, якія ціснуць на свабоду, перасьледуюць іншадумцаў, якія беспадстаўна садзяць людзей у турмы. І Ён бы хацеў камусьці даверыць гэтую краіну, даць яе правільнаму чалавеку, таму Ён дае людзям малыя справы. Бог дае нам нешта малое і глядзіць, ці верныя мы ў гэтым малым.
Напрыклад, дае беларускую мову, якой мы можам штодня карыстацца. Я тут пытаюся ў аднаго нацыяналіста: «Чаму твае дзеці не размаўляюць па-беларуску». Ён адказвае: «Возьмем уладу, будуць размаўляць». Ён так думае. Мы ня хочам быць верныя ў малым. Мы хочам, каб перамены надышлі самі па сабе, мы хочам адразу кіраваць мільёнамі, хаця ня можам быць вернымі ў элемэнтарнай справе.
Дык што, вы лічыце, што ў Беларусі няма 10-15 тысяч высокаадукаваных патрыётаў, якімі можна было б замяніць тутэйшую бюракратыю?
Я лічу, што для людзей, якія прагнуць пераменаў, трэба быць вернымі ў тым малым, што Бог дае сёньня. Каб адбыліся нейкія перамены ў Беларусі, патрэбная нейкая крытычная маса праведных людзей. На маю думку, гэтай крытычнай масы няма, таму мы і жывём так, як жывём. Прыгадайце гісторыю, калі людзі вызваліліся з савецкага рабства, што яны пачалі крычаць? «Вярніце назад». Калі Майсей праз пустэльню выводзіў народ з Эгіпту, яны крычалі тое самае. Нічога новага пад небам няма. Бог дае людзям тое, чаго яны хочуць. Усе, хто ў нашай краіне прагне рабства, будуць яго мець. І так будзе датуль, пакуль ня зьявіцца крытычная маса верных, адказных людзей. Нічога проста так пад небам не бывае.
Уявім, што заўтра лясьне рэжым, і ўладу ў свае рукі возьмуць іншыя, бо мы будзем лічыць, што мы пакуль не дасьпелі...
Я думаю, калі ён лясьне, то мы будзем ужо здольныя ўзяць уладу ў свае рукі. А на сёньня мы мусім працаваць і быць вернымі ў малым. І калі мы будзем вернымі ў малым, ён абавязкова лясьне.
Паводле апытаньняў, 30-40 адсоткаў беларусаў выступае за адзіную дзяржаўную беларускую мову. Дык давайце будзем размаўляць! Уявіце сытуацыю: заўтра кожны трэці-чацьвёрты беларус будзе размаўляць на роднай мове. Гэтаму рэжыму тады будзе халэмус у адны суткі! Бо гэты рэжым трымаецца толькі праз Божае дазваленьне.
Але ўсё ў рукох Божых. Калі мы паглядзім у мінуўшчыну, то ўбачым: усе злачынныя сыстэмы развальваліся дзіўным, парадаксальным чынам тады, калі ніхто на гэта не спадзяваўся. Найяскравейшае таму пацьверджаньне – Украіна! Тое, што там адбываецца – гэта Бог руйнуе рэшткі імпэрыі зла, рэшткі Савецкага Саюзу.
Назавіце беларускіх палітыкаў, якія зараз здольныя зьмяніць Лукашэнку на пасадзе кіраўніка дзяржавы.
У нас шмат годных у палітычным пляне асобаў. Але я мяркую, што больш вартага чалавека, ніж ваш зямляк Павал Севярынец, у Беларусі на сёньняшні дзень не існуе.
https://vitebsk.dns.army/news/palitvjazni/item/73-zmitser-dashkevich-prezentava-u-vitsebsku-knigu-turemnaj-prozy-charvyak#sigProId1b9c97a393
С. Горкі