Нядзеля, 22 Студзень 2017

Вязень ПК № 13 паведаміў пра зьбіцьцё ў калёніі і папярэдзіў пра магчымасьць суіцыду

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Вікторыя Лагвіненка расказала, што яе брат Аляксандар адбывае 11 гадоў зьняволеньня за распаўсюджваньне наркотыкаў у калёніі № 13 у Глыбокім.

«У канцы году брата разам зь іншым вязьнем зьбілі ахоўнікі проста ў атрадзе, перад строем іншых вязьняў. Ён паведаміў, што дагэтуль у яго ногі сінія ад каленяў да пояса: білі адмыслова па нагах, каб на твары не было сьлядоў пабояў. Цяпер кінулі на паўгода ў ПКТ – гэта памяшканьне камэрнага тыпу, кшталту ізалятара ў турме. Кажа, што паспрабуе пратрымацца, але не выключае, што таксама давядзецца рабіць суіцыд, як ужо рабіў іншы вязень на пачатку году», – кажа Вікторыя Лагвіненка.

За што зьбілі вязьня Лагвіненку?

Прычыну канфлікту брата з ахоўнікамі калёніі Вікторыя ведае зь ягонага ліста. Што нібыта ў Аляксандра здарылася сварка з «заўгасам» атраду, і з гэтай прычыны вязьня перад строем зьбілі ахоўнікі. Пры чым тут «заўгас»?

«„Заўгас“ у атрадзе павінен адзначаць іх працу, рабіць справаздачы, – кажа Вікторыя. – Ён запатрабаваў, каб за тыя „галачкі“, што ён ставіць, вязьні яму яшчэ і плацілі. Грошай там няма, але плацяць хто чым: хто цыгарэтамі, хто гарбатай, цукеркамі, чымсьці з пасылак. Што была такая завядзёнка, мне сваякі іншых вязьняў пацьвердзілі. Але наш Саша абурыўся, і ўлетку ў яго з „заўгасам“ здарыўся канфлікт, дайшло нават да бойкі. Ён тады ў карцэры адседзеў за гэта. А перад навагоднімі сьвятамі канфлікт паўтарыўся, у іх зноў узьнікла сварка, але цяпер ня біліся, проста палаяліся. Разам з братам паводзінамі таго „заўгаса“ абураўся яшчэ адзін вязень. Дык вось іх удвох вывелі перад строем усяго атраду і пры адміністрацыі зьбілі палкамі па нагах гэтак, што цяпер ногі сінія. Пасьля гэтага ў цяжкім стане кінулі ў ПКТ, сказалі, што на паўгода».

Паводле зьвестак Вікторыі, інцыдэнт у глыбоцкай калёніі № 13 здарыўся 26 ці 27 сьнежня. На пачатку году яна тэлефанавала дзяжурнаму Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС і цікавілася здароўем зьбітага брата.

«Мне адказалі, што зьвестак пра зьбіцьцё ў іх няма, што нібыта ў калёніі ў тыя дні ўсё было добра, інцыдэнтаў не адбывалася», – сказала Вікторыя Лагвіненка.

«Вязень скочыў у акно і разьбіўся»

Тое, што брат не выключае спробы самагубства, абумоўлена, паводле Вікторыі Лагвіненкі, складанай псыхалягічнай абстаноўкай у калёніі.

«Брат расказваў, што ў іх сьмерці здараюцца рэгулярна. Да жыцьця чалавека там ставяцца вельмі лёгка: сышоў – туды табе і дарога. Улетку на дрэваапрацоўчай вытворчасьці загінуў хлопец – у яго літаральна ўваткнуўся востры кавалак дошкі, які адскочыў ад станка. Памёр на вачох іншых вязьняў. Супрацоўнік адміністрацыі толькі памяняў яму абутак на казённы – каб для правяраючых выглядала, што ён працаваў без парушэньняў формы адзеньня. А як год пачаўся, другі вязень скочыў у акно і разьбіўся – таксама аднесьлі на няшчасны выпадак. Дагэтуль у адной камэры чалавек ляжыць з апошняй стадыяй раку, памірае, але рэальнай дапамогі ніякай не атрымлівае. Акрамя парацэтамолу, які даюць ад усіх хваробаў, там больш нічога не дапросісься», – кажа Вікторыя Лагвіненка са слоў брата.

«Пасьля 6-га ўказу на зонах да былых наркаманаў ставяцца асабліва бесчалавечна»

Аляксандар Лагвіненка – індывідуальны прадпрымальнік з Гомеля, яму 32 гады. Вязень адбывае пакараньне паводле трэцяй часткі 328-га артыкулу – гэта распаўсюджваньне наркотыкаў у складзе групы ці паўторна. Але ў судзе Аляксандар прызнаваў віну толькі паводле першай часткі гэтага артыкулу. Сястра Аляксандра не выключае, што больш жорсткую частку сьледчыя «забясьпечылі» брату празь незаконныя захады.

Калёнія № 13 у Глыбокім – не для «першаходак». А за што Аляксандар сядзеў раней?

Вікторыя кажа, што гэта другая адседка брата за наркотыкі. Першая была яшчэ ў 20-гадовым узросьце – «пакурылі траўку зь сябрамі».

Свой першы тэрмін Аляксандар Лагвіненка адбываў у шклоўскай калёніі.

«Кажа, што такога прэсу, як цяпер, не было. Усё зьмянілася пасьля 6-га ўказу Лукашэнкі, якім павялічылі пакараньні за наркотыкі. Пасьля гэтага на зонах да былых наркаманаў ставяцца асабліва бесчалавечна», – мяркуе сястра вязьня.

У глыбоцкай калёніі № 13 карэспандэнту Свабоды адмовіліся камэнтаваць інфармацыю пра зьбіцьцё і перавод у ПКТ вязьня Аляксандра Лагвіненкі.

Алег Грузьдзіловіч, Радыё Свабода