Чацвер, 20 Май 2021

З віцебскага ІЧУ вызвалілі наваполацкіх актывістаў, затрыманых 17 траўня

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Алена Радзькова на волі Алена Радзькова на волі

20 траўня з ізалятару часовага ўтрымання ў Віцебску вызвалілі Алену Радзькову, Наталлю Рэфенкулаву, Аляксандра Шэлепня. Яны былі затрыманыя ў Полацку і Наваполацку на 72 гадзіны як падазраваныя ў крымінальнай справе па арт. 341 КК («Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці») і этапаваныя ў Віцебск. Пазней на волю павінен быў выйсці Артур Сінега.

«Здароўе нармальнае, але маральны стан, канечне, нядобры. Спачатку сядзелі ўдвух з жанчынай, потым я адна... Вадзілі заўсёды ў наручніках. Туды прывезлі ў наручніках, калі выводзілі таксама надзелі, і так – аж да выхаду», – расказала па вызваленні актывістка з Наваполацку Алена Радзькова.

Паводле яе, з Наваполацку іх этапавалі ў СІЗА-2 Віцебску з той прычыны, што ні ў Полацку, ні ў Наваполацку не было свабодных месцаў у камерах. Прынамсі так ёй патлумачыў адзін з міліцыянтаў.

Алена Радзькова распавяла, што яе затрымалі ранкам, калі вярталася з дзіцячага садку – адвозіла туды дзіця. Завезлі ў міліцэйскі пастарунак, а адтуль – на ператрус у кватэру, дзе жыве Алена. Шукалі балончыкі і забароненыя рэчывы. Потым быў допыт у следчым камітэце, дзе ёй паведамілі, што яна затрыманая на 72 гадзіны як падазраваная. А пасля – цесны «стакан» у аддзяленні міліцыі і этап у Віцебск.

Праз міліцыю, ператрус, СК, следчы камітэт і віцебскі ІЧУ прайшлі амаль усе затрыманыя ў Полацку і Наваполацку 17 траўня.

«Калі дапытваў следчы, я сказала, што нічога такога не рабіла. Я салідны чалавек, ужо ва ўзросце, і што – мне распісваць вашыя гэтыя двары? Я проста хачу разумець і ведаць што адбываецца ў краіне, таму я лезла ўсюды, я чытала ўсё, каб у галаве ўклалася, што здарылася ў краіне пасля 9 жніўня», – кажа палачанка Наталля Рэфенкулава, якую таксама вызвалілі 20 траўня ў Віцебску.

Наталля Рэфенкулава пасля вызвалення

Паводле жанчыны, калі вызвалялі з ІЧУ, ім ніхто не паведаміў, ці будзе ў іх які суд і ў якім статусе яны наагул знаходзяцца.

Паводле неправеранай інфармацыі, навапалачанку Юлію Шэлепень – жонку вызваленага 20 траўня Аляксандра Шэлепня, пакінулі ў ізалятары часовага ўтрымання яшчэ на трое сутак.

Стала таксама вядома, што актывісты Аляксандр Бондал і Яўген Іваноўскі знаходзяцца на волі. Іх утрымлівалі ў наваполацкім ізалятары і вызвалілі да суду.

Зміцер Міраш