Яшчэ на пачатку жніўня бягучага году старшыня Віцебскага абласнога суду Мікалай Хамічонак накіраваў у пракуратуру Віцебску заяву, у якой паведамляў, што В. Місьнікаў ў прысутнасьці работнікаў суду «…выказаў пагрозу ў выпадку прыняцьця адмоўнага рашэньня наконт яго нагляднай скаргі падарваць будынак Віцебскага абласнога суду». Кіраўнік абласнога суду папрасіў пракурора горада Юрыя Раманоўскага па гэтым факце правесьці праверку і прыняць неабходныя меры.
Першая праверка гэтага факту была праведзеная малодшым участковым інспэктарам АУС адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску Сяргеем Раманчуком. Сабраўшы неабходныя матэрыялы, супрацоўнік міліцыі вынес пастанову аб адмове ва ўзбуджэньні крымінальнай справы за адсутнасьцю ва ўчынку Місьнікава складу злачынства. Аднак пракурор гораду адмяніў гэтую пастанову і накіраваў матэрыялы справы для правядзеньня дадатковай праверкі ў Сьледчы камітэт Віцебску.
Падчас паўторнай праверкі было выяўлена, што 9 жніўня 2013 году В. Місьнікаў сапраўды знаходзіўся ў будынку Віцебскага абласнога суду з мэтай перадачы чарговы скаргі. Апытаная працаўніца суду А. Абрамчук, якая прымала ад Місьнікава дакумэнты, паведаміла сьледзтву пра тое, што падчас перадачы скаргі ён раззлаваўся і сказаў, «што калі пададзеная ім скарга ня будзе разгледжаная на ягоную карысьць, а ён быў упэўнены ў адмоўным рашэньні пададзеных асабіста ім заяў і скаргаў, гэтак як ён пра гэта і сказаў, дык тады ён падарве ўвесь суд, або ўсю сыстэму». Падчас іх размовы прысутнічаў супрацоўнік міліцыі з паста аховы суду В. Пчолкін, які чуў усю размову і пацьвердзіў яе зьмест.
Аднак працаўнікі суду не ўспрынялі пагрозу, выказаную Місьнікавым, як рэальную, і ў іх ня ўзьнікла пачуцьцё страху за ўласную бясьпеку. Бо ў дзеяньнях і паводзінах Місьнікава адсутнічалі чыньнікі, якія б паказвалі на тое, што гэткая пагроза рэальная і яе варта апасацца. Яны палічылі, што ў словах прафсаюзнага актывіста адлюстраванае ягонае асабістае меркаваньне і абразьлівае стаўленьне да супрацоўнікаў Віцебскага абласнога суду, а гэтаксама непавага зь яго боку да ўсёй судовай сыстэмы краіны.
Карацей кажучы, трывога, узьнятая старшынём Віцебскага абласнога суду пра намер Місьнікава падарваць будынак Віцебскага абласнога суду, аказалася беспадстаўнай.
Сьледзтва палічыла, што ў дзеяньнях В. Місьнікава адсутнічае аб’ектыўны бок складу злачынства, які быў выяўлены ў пагрозе зьдзяйсьненьня выбуху з мэтай аказаньня ўзьдзеяньня на Віцебскі абласны суд. Пры гэтым у дзеяньнях і паводзінах Місьнікава адсутнічалі чыньнікі, якія б паказвалі на тое, што такая пагроза рэальная і яе варта баяцца. Гэтыя падставы і былі пакладзеныя ў адмову распачаць крымінальную справу ў дачыненьні да актывіста прафсаюзу РЭП.
Тым ня менш у пастанове СК Віцебску было адзначана, што ў дзеяньнях Місьнікава бачацца прыкметы адміністрацыйнага правапарушэньня, прадугледжанага арт. 17.1 (дробнае хуліганства). У цяперашні час складзены пратакол і спадара Валера чакае разгляд адміністрацыйнай справы ў судзе.