Чацвер, 10 Лістапад 2016

Віцебскі гарсавет ня бачыць мэтазгоднасьці ў гарадзкім рэфэрэндуме

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Леанід Сьвецік Леанід Сьвецік

З прапановай ініцыяваць мясцовае народнае галасаваньне зьвяртаўся да «народных абраньнікаў» гарадзкога ўзроўню праваабаронца Леанід Сьвецік. На яго думку, такое галасаваньне сьцішыла б жарсьці вакол будаўніцтва ў Віцебску Сафійскага сабору.

Сваю прапанову актывіст праваабарончага руху абгрунтаваў тым, што меркаванае ўзьвядзеньне згаданага храму нэгатыўна ўспрымаецца вялікай часткай месьцічаў, і  рэфэрэндум можа стаць цывілізаваным спосабам вырашэньня канфлікту паміж прыхільнікамі і праціўнікамі будаўніцтва.

Адказ праваабаронцу прыйшоў за подпісам старшыні гарсавету Ўладзімера Бялевіча. Ён паведаміў, што праект будаўніцтва атрымаў станоўчую ацэнку дзяржаўных экспэртыз, у тым ліку экалягічнай. І з выкананьнем неабходных працэдураў яго ўхваленьня ўсё нібыта добра: калісьці было, маўляў, грамадзкае абмеркаваньне і архітэктурна-пляніровачнай канцэпцыі праекту, і справаздачы аб ацэнцы ўплыву на навакольнае асяродзьдзе. Больш таго, «работы па будаўніцтве Сафійскага сабору ў г. Віцебску прыпыненыя».

«Зыходзячы з вышэйпададзенага, ініцыяваць правядзеньне мясцовага рэфэрэндуму дзеля дадатковага грамадзкага абмеркаваньня гэтага пытаньня мяркуем немэтазгодным», – напісаў праваабаронцу ў заключэньне спадар Бялевіч.

Што будуць рабіць мясцовыя дэпутаты Віцебску, калі будаўніцтва ўсё ж будзе адноўленае і працягнуцца пратэсты грамадзян, і ці ня зьменяць яны сваю думку наконт мэтазгоднасьці рэфэрэндуму ў такім разе, старшыня гарсавету не паведаміў.

Кастусь Дзьвінскі