Серада, 15 Сакавік 2017

Праваабаронцу забаранілі мітынг у Дзень Канстытуцыі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Леанід Сьвецік Леанід Сьвецік

Заяўка праваабаронцы Леаніда Сьвеціка на правядзеньне мітынгу 15 сакавіка не задаволеная. Спасылаючыся на палажэньні рашэньня гарвыканкаму №881 2009-га году, намесьніца кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віцебску Натальля Ляпёшкіна акцыю забараніла, хоць яна мусіла прайсьці на пляцоўцы, якую гарадзкія ўлады адмыслова адвялі пад масавыя мерапрыемствы.

Такім чынам, легальна адзначыць на вуліцах гораду Дзень Канстытуцыі – сьвята, уведзенае калісьці ўказам прэзыдэнта краіны, – віцебчукам ня ўдасца.

Рашэньне Ляпёшкінай – цалкам прадказальнае. Ад моманту набыцьця моцы згаданым рашэньнем №881 «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску» яшчэ не знайшлося нікога, хто здолеў бы выканаць яго патрабаваньні пра папярэдняе заключэньне дамоваў з рознымі дзяржаўнымі службамі гораду.

На тое, што Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе грамадзянам свабоду мітынгаў, пікетаў, дэманстрацыяў і г.д., мясцовыя чыноўнікі ўжо даўно не зважаюць – рашэньне гарвыканкаму для іх мае вышэйшы прыярытэт у параўнаньні з асноўным законам краіны і дае магчымасьць быццам бы на законнай падставе пазбаўляць жыхароў гораду іх фундамэнтальных правоў.

Кастусь Дзьвінскі