Згодна з пастановай, выпісанай участковым Арцёмам Аляксеевым, 21 красавіка ў Кастрычніцкі РАУС з заявай зьвярнуўся начальнік СІЗА-2 Эдуард Курыленка. Ён запатрабаваў прыцягнуць доктара да вызначанай законам адказнасьці за публікацыю нібыта не адпаведных рэчаіснасьці зьвестак пра ўжываньне супрацоўнікамі ізалятара супрацьпраўных дзеяньняў у дачыненьні да Рафаэля Габрыэля Саламонавіча Кірылава-Шмільхольдхарда, які зьмяшчаўся там.
Мяркуючы па ўсім, маецца на ўвазе публічны зварот Пастнова да начальніка Сьледчага камітэту і генэральнага пракурора рэспублікі, дзе доктар піша пра парушэньні правоў чалавека, якія, на яго думку, былі дапушчаныя ў дачыненьні да Кірылава-Шмільхольдхарда. У прыватнасьці, там сказана, што «габрэйскаму сіраце была нанесеная незаменная псыхалягічная траўма... зь юдэя былі з прыдалоньняў сарваныя атрыбуты культу... забараніў па выходных юнаку адпраўляць свае рэлігійныя культы. Рафаэль Саламонавіч ня можа хадзіць у сінагогу» і да таго падобнае.
У гэтай публікацыі Ігар Пастноў патрабаваў, цытуем, «правесьці незалежную перакрыжаваную праверку ў СК Віцебску... Праверыць факты месьніцтва і кумаўства ў сыстэме выкананьня пакараньняў, якія вядуць да крадзяжоў мэдыкамэнтаў і іншых парушэньняў».
Пастанова аб аглядзе ў кватэры Пастнова
Як бачым, пасьля шэрагу такіх заяваў праверку пачалі ўжо ў дачыненьні да самога доктара-праўдаруба. Увечары 19 траўня Пастнова запрасілі на размову да ўчастковага, а 22 траўня да яго ў кватэру прыйшлі з аглядам. Як паведаміў актывіст, спачатку ён адмовіўся адчыняць дзьверы і ўпусьціў супрацоўнікаў праваахоўных органаў толькі пасьля таго, як запрасілі загадчыка дыспансэру Віцебскага абласнога клінічнага цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі Юрыя Тарачылу – яго кіраўніка.
Агляд, паводле словаў Пастнова, праводзіў супрацоўнік аддзелу па раскрыцьці злачынстваў у сфэры высокіх тэхналёгіяў Ігар Шкуранаў, зь якім ён ужо сустракаўся 19 траўня ва ўчастковага. Санкцыя на правядзеньне гэтых мерапрыемстваў была атрыманая ў гарадзкога пракурора Юрыя Раманоўскага.
У выніку агляду, як сьцьвярджае Ігар Пастноў, супрацоўнікі праваахоўных органаў сфатаграфавалі тры яго апошнія звароты ў генпракуратуру і адміністрацыю прэзыдэнта на сьцяне «УКонтакце» і канфіскавалі старую кампутарную тэхніку. Зрэшты, сам доктар не адмаўляе таго, што разьмяшчаў гэтую інфармацыю ў адкрытым доступе, і перакананы ў праўдзівасьці выкладзеных ім зьвестак.
Сяржук Серабро, news.vitebsk.cc