Тацяна разьвівае ў арганізацыі тры асноўныя накірункі: працуе ў якасьці трэнэра з моладзьдзю (нефармальная адукацыя для маладых палітыкаў і грамадзянскіх актывістаў з мэтай фармаваньня ў іх слушных каштоўнасьцяў і жаданьня працаваць на карысьць свайго гораду і супольнасьці, а не толькі на сябе); ладзіць адвакацыйныя кампаніі з мэтай прасоўваньня інтарэсаў розных супольнасьцяў, якія адстойваюць свае інтарэсы (напрыклад, людзей з інваліднасьцю); разьвівае тэхналёгіі ўзаемадзеяньня ўлады і грамадзтва (шукае, якім чынам можна найбольш эфэктыўна і канструктыўна сумесна вырашаць разнастайныя мясцовыя праблемы).
На прыкладзе дзейнасьці сваёй арганізацыі экспэртка падзялілася пасьпяховым досьведам рэалізацыі адвакацыйных кампаніяў, распавяла, як ва Ўкраіне ўзаемадзейнічаюць мясцовыя органы ўлады з насельніцтвам, і якія зьмены адбыліся ў гэтай сфэры за апошнія некалькі гадоў.
Адметна, што Чаркасы, як і Віцебск, зьяўляецца абласным цэнтрам з насельніцтвам каля 300 тысяч чалавек, і таму параўнаньні і паралелі напрошваліся самі сабой. Але, на жаль, падабенства паміж гарадамі абмежавалася хіба што іх статусам і колькасьцю жыхароў. У разьвіцьці ж грамадзянскай супольнасьці ўкраінцы сягнулі далёка наперад. Напрыклад, віцебскім актывістам было экзатычна пачуць пра такія ўжо звыклыя для жыхароў украінскага абласнога цэнтру рэчы, як партысыпатыўны бюджэт і грамадзкая рада.
Партысыпатыўны бюджэт – гэта частка мясцовага гарадзкога бюджэту, якая зацьвярджаецца з удзелам грамадзкіх арганізацыяў ды звычайных месьцічаў і разьмяркоўваецца непасрэдна грамадзкасьцю гораду на рэалізацыю ініцыятываў жыхароў. Гэты від бюджэту дазваляе грамадзянам ня толькі ўплываць на фінансавыя рашэньні гарадзкіх уладаў, але і робіць працу апошніх больш празрыстай і прадказальнай.
Грамадзкая рада – пастаянны кансультацыйна-дарадчы савет пры органах улады розных узроўняў, які складаецца з прадстаўнікоў грамадзкасьці. Рашэньні рады маюць рэкамэндацыйны характар для органаў дзяржаўнай улады, але абавязковыя для разгляду. Рада можа праводзіць грамадзкую і антыкарупцыйную экспэртызу, ладзіць масавыя мерапрыемствы, зьбіраць і перадаваць уладам прапановы датычна розных праблемаў.
Было цікава пачуць пра тое, якім чынам мясцовая ўлада ва Ўкраіне ўзаемадзейнічае са сродкамі масавай інфармацыі, і наколькі яна адкрытая для грамадзян. Высьветлілася, большасьць чыноўнікаў рознага ўзроўню маюць акаўнты ў сацыяльных сетках. Кожны грамадзянін або журналіст можа «тэгаць» іх прозьвішчы ў сваіх допісах або пакідаць камэнтары на іх старонках. І чыноўнікам нічога не застаецца, як уступаць у дыялёг і адказваць на камэнтары грамадзян. Віцебскім жа чыноўнікам такая адкрытасьць не ўласьцівая. І гараджанам, каб выйсьці на кантакт са службовымі асобамі, даводзіцца загадзя запісвацца на прыём – і ня факт, што тыя яшчэ іх прымуць.
Акрамя гэтага, для паляпшэньня працы і выяўленьня надзённых праблем, мясцовыя ўкраінскія ўлады праводзяць пастаянныя кансультацыйныя мерапрыемствы з насельніцтвам, якія могуць быць у выглядзе грамадзкіх слуханьняў, онлайн апытаньняў, сацыялягічных дасьледаваньняў грамадзкай думкі, грамадзкіх абмеркаваньняў, гарадзкіх майстэрняў, адкрытых прастораў (open spaces) і многіх іншых.
Азнаёміўшыся з умовамі функцыянаваньня грамадзкай арганізацыі, што дзейнічае ва Ўкраіне, робіш выснову, што ў Беларусі пакуль зусім іншая рэчаіснасьць. Але гэта не падстава, каб паніжаць градус грамадзянскай актыўнасьці ў горадзе. І веды, якімі падзялілася спадарыня Тацяна, дакладна ня будуць лішнімі.
https://vitebsk.dns.army/news/pravaabaroncy/item/2823-vitsebchuki-paznajomilisya-z-ukrainskim-dosvedam-adstojvannya-gramadzkikh-intaresau#sigProId0f5d8e7c9c
Уладзімер Бяляўскі