Субота, 02 Сакавік 2019

#БезПраваНаРасправу ў Віцебску. Павал Сапелка расказаў пра праект “Вясны”

Ацаніць гэты матэрыял
(20 галасоў)
Каардынатар праекту #Безправанарасправу Павал Сапелка Каардынатар праекту #Безправанарасправу Павал Сапелка

У апошні дзень зімы юрыст праваабарончага цэнтру “Вясна” Павал Сапелка прэзэнтаваў у Віцебску новы мультымэдыйны праект “Бяз права на расправу”, які скіраваны на выяўленьне выпадкаў жорсткага, нялюдзкага абыходжаньня і катаваньняў з боку праваахоўных органаў.

Як патлумачыў выступоўца, ПЦ “Вясна” цягам 20 гадоў займаецца праблемамі катаваньняў ды жорсткага абыходжаньня, якое зьневажае чалавечую годнасьць. Але пачынаючы з кастрычніка 2018 году на адмысловым сайце праекту разьмяшчаюцца канкрэтныя гісторыі людзей, якія самі траплялі ў падобныя сытуацыі. Свае гісторыі распавядалі ня толькі жыхары Менску, але ўсіх рэгіёнаў Беларусі.

На сайце #БезПраваНаРасправу разьмешчаныя таксама парады для тых, хто стаў ахвярай жорсткага абыходжаньня, узоры зваротаў і скаргаў.

Падчас прэзэнтацыі праекту ў Віцебску

Людзі часта не разумеюць, што такое жорсткае абыходжаньне, не ўяўляюць маштабу праблемы. Найчасьцей жорсткасьць успрымаецца гэтак: пабілі чалавека ў міліцыі, той выцер кроў ды пайшоў да праваабаронцаў. Але ёсьць маса іншых выпадкаў, якія носяць схаваны характар, і людзі не заўсёды гатовыя гаварыць пра гэта.

Ці можна, напрыклад, лічыць правамернымі такія дзеяньні, калі затрыманага па адміністрацыйнай справе вядуць у суд у кайданках? І калі кайданкі могуць быць дарэчы пры затрыманьні крымінальніка, то яны цалкам непатрэбныя пры адміністрацыйным затрыманьні. У гэтым выпадку яны ёсьць нічым іншым, як сродкам прыніжэньня.

Ці яшчэ адзін прыклад. Хто б мог падумаць, што, атрымаўшы 8 гадоў турмы ў 2003 годзе, можна заставацца за кратамі і ў 2019-м? Неверагодна, але толькі “за злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі і перашкоды ў зьдзяйсьненьні яе функцыяў” асуджаны атрымаў ужо 8 пакараньняў і можа, у лепшым выпадку, выйсьці на волю толькі яшчэ праз 2,5 гады. Гаворка пра сумна вядомы артыкул 411.

Вялікая праблема і ў тым, што Беларусь пакуль не выконвае патрабаваньняў міжнародных органаў аб стварэньні мэханізму барацьбы з катаваньнямі і  папярэджаньнем жорсткага абыходжаньня. У Беларусі дасюль не існуе органу, які займаўся б выяўленьнем і доказам фактаў жорсткага, бесчалавечнага абыходжаньня і катаваньняў.

У дзяржаве мусіць быць створаны нацыянальны прэвэнтыўны мэханізм, лічыць Сапелка. А адказныя амбудсмэны павінныя мець права  прыйсьці ў любы час і ў любое месца пазбаўленьня волі без папярэджаньня і выканаць сваю справу па назіраньні (так гэта працуе, напрыклад, у Малдове).

“Тое-сёе робіцца і ў Беларусі, але гэтага недастаткова. Зараз можна скардзіцца на жорсткасьць, праяўленую супрацоўнікамі ўнутраных справаў, ня толькі ў сьледчы камітэт, але і ў пракуратуру”, – распавядае Павал Сапелка.  

“Так склалася, але праваабаронцы ня могуць наўпрост кантактаваць з нашым урадам і дзяржавай. Рэальнага дыялёгу з уладамі, на жаль, наладзіць не атрымліваецца. Адзінае, што можам, – гэта ўплываць  на тыя ці іншыя пытаньні праз розныя міжнародныя інстытуты. І калі гэта нейкім чынам працуе, мы працягваем рабіць гэта, – падкрэсьлівае праваабаронца.   

Павал Сапелка расказаў, што летась некалькі праваабарончых арганізацыяў выступілі з альтэрнатыўным дакладам у Камітэце ААН супраць катаваньняў. Рабіла сваю справаздачу і дзяржава.

“Але калі задача дзяржавы – паказаць, як у пытаньні барацьбы з катаваньнямі ўсё цудоўна, то задача праваабаронцаў заключалася ў выяўленьні рэальных праблемаў, зьвязаных з гэтай тэматыкай”, – заўважыў Сапелка.  

Ён кажа, што Беларусь дагэтуль ня мае артыкулу, які б прадугледжваў крымінальную адказнасьць за акты катаваньняў і жорсткага абыходжаньня. Таму многія выпадкі супрацьпраўных дзеяньняў праваахоўнікаў папросту ня ўлічваюцца і застаюцца па-за ўвагай праваабаронцаў і грамадзтва.

Пасьля выступу ўдзельнікі сустрэчы задавалі юрысту пытаньні аб законнасьці затрыманьня па адміністрацыйным правапарушэньні на 72 гадзіны, невыкананьні дзяржавай рашэньняў Камітэту пра правах чалавека ААН ды іншыя. Найбольш вострыя і балючыя пытаньні задалі бацькі асуджаных па арт. 328 КК РБ.

С. Горкі, фота: Зьміцер Міраш