Павал Левінаў паведаміў у Вярхоўны суд, што судзьдзя Ільля Белавус у пастанове ад 14 сакавіка 2019 году сказіў прозьвішчы пацярпелых (“Круглікаў” замест “Круглік” і г.д.), а адной зь іх нават “зьмяніў” пол. Праваабаронца прасіў разгледзець пытаньне ад прафэсійнай прыдатнасьці судзьдзі Кастрычніцкага суду Віцебску Ільлі Белавуса.
На зварот у Вярхоўны суд адказалі зь Віцебскага абласнога суду. Першы намесьнік старшыні аблсуду Анатоль Фаменка прызнаў, што “пры вырабе пастановы судзьдзём Белавусам. І.У. былі зробленыя тэхнічныя апіскі ў прозьвішчах пацярпелай і сьведкаў”.
“Парушэньне, зробленае судзьдзём Белавусам І.У., будзе ўлічанае пры яго штомесячным прэміяваньні”, – гаворыцца ў адказе з абласнога суду.
Апіскі і памылкі ў пастанове абяцаюць выправіць.
Нагадаем, судзьдзя Ільля Белавус 11 красавіка пакараў штрафам віцябляніна Ўладзімера Кійко за фатаграфаваньне зь бел-чырвона-белым сьцягам. У лютым 2018 году менавіта гэты судзьдзя разглядаў справу, распачатую ў дачыненьні віцебскіх журналістаў-фрылянсэраў Віталя Скрыля і Ўладзімера Лунёва. Белавус аштрафаваў іх агулам на 1200 рублёў – за нібыта незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ. На погляд праваабаронцаў, гэтыя справы мелі палітычны характар.
Раней "Віцебская вясна" пісала пра тое, як Павал Левінаў разьвёў віцебскіх судзьдзяў-сужэнцаў Алену Протас і Яўгена Бурунова па розных спэцыялізацыях.