Панядзелак, 18 Студзень 2021

Павел Левінаў: Можа прыйсці да ўлады добры кіраўнік… Але ў правах чалавека ён – нуль! Давядзецца вучыць

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Павел Левінаў Павел Левінаў

Павел Левінаў паходзіць з сям’і, далёкай ад юрыспрудэнцыі: яго мама – інжынер-канструктар, тата – кіроўца. Яшчэ са школьных часоў ён пачаў адстойваць свае правы – пры тым, што юнацтва Паўла Левінава прыпала на 70-я: эпоху, яшчэ далёкую ад Перабудовы... Інтэрв’ю віцебскага праваабаронцы Паўла Левінава сайту Human Rights House.

Прага справядлівасці

– А пачалося ўсё з адной гісторыі… Я тады хадзіў у школу, адвучыўся сем класаў, меўся пасля восьмага класа паступаць у Віцебскі станка-інструментальны тэхнікум. І калі я першага верасня даведаўся, што мяне перавялі з майго класа, дзе я адвучыўся сем гадоў, у паралельны – я не пайшоў да мамы-таты… Сам не ведаю чаму. Я пайшоў да дырэктара школы вырашаць гэтае пытанне: каб я застаўся вучыцца ў сваім класе. Не хацеў я ў апошні школьны год мяняць калектыў, настаўнікаў… З першай спробы ў мяне не атрымалася; і другой спробай я напісаў заяву на імя дырэктара: «Праз такія і такія абставіны я адмаўляюся хадзіць у школу».

Пасля гэтай заявы дырэктар вярнуў Паўла Левінава ў родны клас.

– Гэта цяпер такое называецца «адвакатыўная кампанія». А тады… Я быў хлапцом, мне было 14 гадоў… Напэўна, гэта быў першы праваабарончы досвед, дзе я змог абараніць – пакуль што толькі свае – правы. Ёсць такая прымаўка: «Дурны прыклад заразны»; а гэты мой учынак, напэўна, быў не столькі заразай, колькі прышчэпкай, вакцынай – праз якую я атрымаў такі досвед абароны сваіх правоў. А гэта ж было задоўга да Перабудовы: гэта быў 1975 год! Перабудовай яшчэ і не патыхала, у нас Леанід Ілліч быў яшчэ не ў маразме; у нас усё яшчэ было, напэўна, не так і кепска ў эканамічнай сітуацыі. У школе мы яшчэ канспектавалі XXV з’езд КПСС, выхоўваліся ў духу марксізма-ленінізму; і такое словазлучэнне, як «правы чалавека», я ўвогуле не ведаў; і калі я абараніў сваё права, я тады яшчэ не разумеў, што я абараніў сваё права вучыцца там, дзе хачу – я, а не нейкія пабочныя, хай і службовыя, асобы. Я тады яшчэ не разумеў, што я абараніў правы чалавека.

– Адкуль гэтая прага справядлівасці?

– Хутчэй за ўсё, тут галоўнае – выхаванне, якое я атрымаў у сям’і. Разумееце, у савецкія часы… Гэта сёння моладзь можа паехаць у любую краіну, былі б грошы. У наш час, у 1975 годзе, Польшча здавалася такім недасяжным замежжам, што калі да майго сябра прыехала дзяўчынка па абмене ў Беларусь, сяброўка па ліставанні – мы на яе глядзелі як на дзяўчынку з іншай планеты! Бо яна прыехала адтуль, з-за жалезнай заслоны! Сённяшняй моладзі і з’язджаць нікуды не трэба, можна і па інтэрнэце камунікаваць з жыхарамі іншых краін. А тады нам было дзіўна нават тое, што ў іх і скура такая самая, як у нас.

Пасля школы Павел Левінаў абраў тэхнічную прафесію: скончыў станка-інструментальны тэхнікум па спецыяльнасці «Эксплуатацыя і наладка станкоў з лічбавым і праграмным упраўленнем», пайшоў працаваць на станочны завод у Віцебску, пісаў праграмы для станкоў:

– Гэта ж, як сёння кажуць, IT-тэхналогіі; напэўна, мяне можна параўнаць з сённяшнімі айцішнікамі. І я яшчэ паступіў у вну на тэхнічную спецыяльнасць. Праўда, калі мы маладыя і прыгожыя, мы думаем не толькі пра вучобу, таму я быў прызваны ў шэрагі ўзброеных сілаў і, праслужыўшы два гады, вырашыў звязаць з войскам сваё жыццё. Я застаўся служыць па кантракце ва ўзброеных сілах – тады Савецкага саюзу, а калі ён распаўся – Беларусі. І нашае пакаленне, разумееце, трапіла ў такую сітуацыю… Як у шлюбе: вянчаўся з адной, а потым усё змянілася, і трэба вянчацца з іншай; а два разы нельга. Калі я прызываўся ў армію, я прысягаў на вернасць народу СССР, і гэтую прысягу даваў па добрай волі; а потым мы змушаныя былі прысягаць на вернасць Рэспубліцы Беларусь. Я разумеў, калі гэта рабілі мы, беларусы па нараджэнні; але мяне напружвала тое, што прысягалі і многія ваенныя, не беларусы, якія нават не разумелі мовы, на якой яны гэтую прысягу прамаўляюць; я не разумеў – як такое ўвогуле магчыма? А ў кантэксце сённяшніх падзеяў [гутарка з Паўлам Левінавым адбылася 5 снежня 2020- заўв. аўт.] хачу ўзгадаць вось што. Як прымаў першую прысягу, у маёй памяці не замацавалася. А калі прысягаў Рэспубліцы Беларусь – я памятаю, як гэта было ўрачыста, і гэта адбывалася пад нацыянальным сцягам Беларусі, які сёння ўлада называе фашысцкім. І ў мяне пытанне: дык я, выходзіць, хто? Фашыст?..

Перш чым сустрэцца з міжнародным правам правоў чалавека, Павел Левінаў быў сябрам КПСС, і ўступіў туды, як ён сам сцвярджае, з ідэйных меркаванняў:

– У партыю я ўступіў, калі служыў у войску. Працэдура была такой: спачатку ты пішаш заяву, год ходзіш кандыдатам, і праз год на партыйным сходзе разглядаюць тваю кандыдатуру: апраўдаў давер ці не апраўдаў. І вось я на сходзе, дзе мяне павінны былі прымаць у сябры КПСС, сказаў прыкладна такое: «Я не супраць палітыкі КПСС, але я адмаўляюся ўступаць у гэтую партыйную арганізацыю, бо мяркую, што на службе ў гэтай ваеннай частцы ёсць людзі, не чыстыя на руку: карупцыянеры і хабарнікі». Мяне на тым сходзе і не прынялі. Па маёй заяве была праверка, узбудзілі крымінальныя справы, і людзі былі заслужана пакараныя. І пасля гэтага, калі партыйную арганізацыю, як кажуць, ачысцілі, я паспяхова ўступіў у партыю. Бо для мяне, паўтараю, гэта была не кан’юнктура! Я выхоўваўся на тых ідэалах, я ў гэта свята верыў, і я пра гэта заяўляў.

Павел Левінаў, Андрэй Стрыжак, Тамара Сідарэнка ў Беларускім доме правоў чалавека. Вільня, 2019 год

«Хачу ўсё ведаць!»

Праваабарончая дзейнасць пачалася для Паўла Левінава з дапамогі людзям:

– Я не ведаю, чаму так склалася… Ведаеце, у часы маёй маладосці ў кіно паказвалі такі «кінажурнал»: «Хачу ўсё ведаць!» Вось і па жыцці я такі чалавек, што мне ўсё цікава. Я хацеў ведаць усё! І вось я займаўся самаадукацыяй – у розных сферах. І людзі, ад салдатаў да высокіх начальнікаў, бывала, прыходзілі да мяне параіцца. Нават у побытавай сітуацыі, жыццёвай. У той час быў дэфіцыт, і прыходзіў да мяне афіцэр: жонка, кажа, просіць пральную машыну, я ў спісах стаю ў ваенторгу, і нешта мая чарга не рухаецца… Я не ведаю, чаму прыходзілі да мяне! Але я кожнае пытанне вывучаў і дапамагаў людзям. І я не звязваў гэта з правамі чалавека. Гэта ж чыста чалавечыя дачыненні. Ну калі я магу дапамагчы, калі ў мяне стае часу і ўмельства, чаму б і не дапамагчы?

У 1999 ці ў 2000 годзе, узгадвае Павел Левінаў, ён замахнуўся на святое святых: праходзячы службу ва Ўзброеных сілах Беларусі, падаў судовую позву на Міністра абароны:

– Гэта быў вядомы працэс і крыху гучны – па тых часах; гэта ж сёння ёсць інтэрнэт, незалежныя СМІ, а тады мы і словаў такіх не ведалі. Судовы працэс я прайграў, бо ён быў звязаны з палітыкай. Сутнасць патрабаванняў была такая. Ваенных, у тым ліку салдатаў тэрміновай службы, пазбавілі права бясплатнага праезду да месца службы і дадому. Я спачатку міністру задаў простае пытанне: з сяла ў Гродзенскай вобласці прызваны малады чалавек служыць у Віцебскую паветрана-дэсантную дывізію. Дома ў яго няпоўная сям’я, мама выхоўвае малодшых дзяцей, працуе даяркай, фінансава дапамагчы цяжка. Яму дзяржава дае адпачынак. Скажыце, калі ласка: ён за якія грошы павінен ехаць у адпачынак? Ён павінен у калегі скрасці з кішэні? Ці, можа, маёмасць армейскую скрасці, каб былі грошы на праезд? Пасля адказу міністра, які, як гэта часта бывае – ты пішаш пра Фаму, а адказваюць пра Ярому – я змушаны быў звярнуцца ў суд. Нягледзячы на тое, што суд я прайграў, праблема з праездам была вырашаная: аднавілі норму пра кампенсацыю праезду ваенным да месца адпачынку. Мне паціскалі руку высокія суддзі ў тым ліку і ў Менску і казалі: «Ну вы паднялі каласальную праблему! Закон на вашым баку, але… мы не можам яе вырашыць, бо… не можам. Мы людзі залежныя, нас прызначаюць на пяць гадоў, і мы не можам пайсці супраць сістэмы». Не Міністр абароны гэтую норму прыбраў. Міністр абароны, скасоўваючы ільготу, спаслаўся на загад прэзідэнта. Таму, хоць і позва была да Міністра абароны, усе разумелі, што Міністр не сам гэта прыдумаў. «Яго» ўжо ў той час ніхто не мог не паслухацца.

«Пытаюцца: як вы сталі праваабаронцам? А я не стаў! Мяне ім зрабіла ўлада»

– Калі я прынёс пазоўную заяву ў суд… Сёння пра гэта хіба са смехам магу ўзгадваць! Я пісаў пазоў сам, без усялякіх юрыстаў. Як разумеў, так і пісаў. Калі прыйшоў падаваць заяву ў суд, суддзя паглядзеў і кажа: «Вы спасылаецеся на Канстытуцыю, на нейкі закон… Усё, на што вы спасылаецеся, вы павінныя заверанымі копіямі прыкласці да заявы». Я выйшаў з суду… Ну добра, думаю. Трэба значыць трэба, суддзя ж сказаў. Завераныя – значыць, завераныя. Я не мог зразумець… Я ж спасылаюся на Канстытуцыю, а яна прынятая на ўсенародным рэферэндуме. Мне што, склікаць рэферэндум, каб яны ўсё заверылі мне? Я не разумеў, што рабіць. Тыкаўся носам туды, туды, і наткнуўся на Віцебскае аддзяленне Беларускага Хельсінкскага Камітэту. Прыйшоў да іх: «Дапамажыце, у мяне ёсць позва, мне трэба заверыць дакументы». Яны з мяне пасмяяліся, сказалі: малады чалавек – а я тады яшчэ быў малады і прыгожы – вас проста разводзяць. Не займайцеся лухтой, пакладзіце ўсё ў канверт і дашліце заказным лістом. Што я і зрабіў. І пасля гэтага заява пачала разглядацца і прайшла ўсе інстанцыі да Вярхоўнага суду. І гэтая справа нават дазволіла мне ў 2000 годзе трапіць на асабісты прыём да Старшыні Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь Валянціна Алегавіча Сукалы.

Выпадковы візіт у БХК абярнуўся запрашэннем уступіць у арганізацыю:

– Я думаю, што людзі з Беларускага Хельсінкскага камітэту паглядзелі на мяне і падумалі: ну нічога сабе, ёсць жа такі. Прапанавалі мне нават уступіць у БХК. Я і ўступіў, і вось ужо фактычна 20 гадоў з яго не выходжу. І вырас у ім…

Павел Левінаў вызнае сябе выключна як праваабаронцу:

– Чамусьці сённяшняя ўлада праваабаронцаў лічыць апазіцыяй. Я ж сыходжу крыху з іншага. Якая бы ўлада ні прыйшла ў Беларусь, няхай гэта будзе найлепшы прэзідэнт, ці нават сам Байдэн сюды прыйдзе – любая ўлада будзе парушаць правы чалавека. Апазіцыя – гэта тыя, хто імкнецца да ўлады. На мясцовым узроўні, на рэспубліканскім… Праваабаронцы – у нас нават у статутах напісана: мы не пераследуем палітычных мэтаў. Таму мы не апазіцыя. У нармальных цывілізаваных краінах праваабаронцы – гэта памочнікі ўлады, якія ўладзе расплюшчваюць вочы, каб яна выправіла свае ўчынкі і рашэнні. Мы не прэтэндуем на ўладу. Мы за тое, каб улада выконвала правы і свабоды чалавека.

– Ведаеце, у мяне пытаюцца: як вы сталі праваабаронцам? А я не стаў. Мяне ім зрабіла ўлада. Калі б суддзя тады прыняў маю заяву, я б, можа, тады так і прайграў гэты працэс, і лёс бы не звёў мяне з Беларускім Хельсінкскім камітэтам. І, можа быць, Павел Левінаў праявіў бы сябе ў іншай сферы. Трэба сказаць дзякуй уладзе за тое, што ўзгадавалі мяне такім, які я ёсць. Нават не ўзгадавалі – а скіравалі мяне на гэты шлях.

Таццяна Равяка, Леанід Мархотка, Павел Левінаў на IV Праваабарончым форуме. Вільня, 2017 год

«А я мяркую, што Беларускі дом правоў чалавека – гэта мой дом»

– Безумоўна, БХК вельмі шмат зрабіў на пачатковай стадыі майго станаўлення як праваабаронцы і як вольнай асобы. Так, у нас былі нейкія семінары, заняткі па правах чалавека, але гэта ўсё было не сістэматызавана. І акрамя таго, вельмі шмат даводзілася займацца самаадукацыяй. Я чытаў літаратуру, вывучаў прэцэдэнты ў нашай краіне, у іншых… Але такі моцны ўнёсак у мазгі пра тое, што такое правы чалавека, з чым іх ядуць і з чым падаюць і ў што ператвараюцца, калі іх парушаюць, – гэтыя веды даў мне курс BISH.

– Ці заспелі вы Барыса Ігаравіча Звозскава?

– Так, безумоўна! Па-першае, Беларускі дом правоў чалавека быў заснаваны ім, і гэтым ужо ўсё сказана. Гэты чалавек вельмі шмат зрабіў для станаўлення праваабарончага руху ў Беларусі. Не проста стварыў рух, але і напоўніў яго зместам. А рухаліся хто? – мы, людзі. Гэта былі яго ідэі, яго і калег: стварыць Беларускі дом правоў чалавека, навучальныя праграмы, якія пачаліся яшчэ тады, у сярэдзіне нулявых гадоў і працягваюцца дагэтуль. Нягледзячы на тое, што фізічна Барыс Ігаравіч ужо не з намі, ён жыве не толькі ў нашых сэрцах, як добры чалавек, але і ў нашых галовах – як настаўнік. Які паставіў нас – кажу не толькі ад сябе, але і ад імя калег, пра якіх ведаю – паставіў нас на праваабарончыя рэйкі. І не толькі паставіў, а яшчэ і даў выспятка, і мы па гэтых рэйках коцімся, набіраючы хаду, таранім перашкоды і прымушаем улады выконваць правы чалавека.

– Не магу ўзгадаць, якія дакладна лекцыі чытаў Барыс Ігаравіч у BISH; але заслуга Барыса Ігаравіча яшчэ і ў тым, што на курс было запрошана шмат экспертаў, у тым ліку і з іншых краінаў, што для нас было вельмі важна. Эксперты прыводзілі канкрэтныя прыклады, як дамагчыся выканання правоў чалавека, як гэта адбывалася ў іншых краінах. Такога высокага ўзроўню эксперты – гэта ўсё дзякуючы асабістым кантактам Барыса Ігаравіча з праваабарончым рухам у еўрапейскіх краінах. Я мяркую, што Барыс Ігаравіч стаіць на адным узроўні з Сахаравым, як заснавальнік праваабарончага руху Беларусі.

– У асабістых зносінах ён быў найперш чалавечным. І, нягледзячы на яго чалавечнасць, ён патрабаваў ад нас дысцыпліны, прычым не толькі дысцыпліны ў паўсядзённым жыцці: калі сказана, што ў 9 пачатак, прыйшоў ты ці не, занятак пачнецца ў 9. А калі ты спазніўся, Барыс Ігаравіч разважаў так: ты выказаў непавагу да ўсіх прысутных. І гэта да праваабароны, у прынцыпе, ніякага дачынення не мае. Але да выхавання асобы… Калі ты праваабаронца, ты павінен быць прыкладам для ўсіх, заўсёды і ва ўсім. У тым ліку і ў дробязях.

– Па маім меркаванні, інтэлігентнасць у Барыса Ігаравіча нават зашкальвала. Я не хачу сказаць, што я не інтэлігентны чалавек, але я магу і пасмяяцца, і патроліць… Барыс Ігаравіч сабе такога ніколі не дазваляў.

– Што для вас Дом правоў чалавека?

– Скажу каротка: родны дом. Я заўсёды прыязджаў у ДПЧ як дадому. Я не пачуваўся там як у гасцях. Беларускі дом правоў чалавека – ён называецца, а я меркаваў, што гэта – мой дом. Ён не толькі – правоў чалавека, а мой! Для мяне там усё роднае, усе родныя, хто там працуе.

Павел Левінаў пагаджаецца, што Барыс Звозскаў дасягнуў сваёй мэты – стварыць супольнасць беларускіх праваабаронцаў:

– Чым каштоўныя курсы BISH: іх жа некалькі выпускаў: першы, другі, трэці… Калі са школай параўнаць, то са школы цябе выпусцілі, і школа больш за цябе не адказвае і не адсочвае твой шлях, не бярэ ўдзел у тваім станаўленні. А курсы BISH, якія прыдумаў Барыс Ігаравіч з калегамі, не толькі цікавяцца, чым займаюцца выпускнікі, а ладзіць сустрэчы, на якіх сустракаюцца выпускнікі розных курсаў: каб падзяліцца сваімі поспехамі, паразамі, каб зрабіць работу над памылкамі… Парасткі, якія ўзышлі тады, сёння выраслі ў вялікае разгалінаванае дрэва, дзе ўсе мы, праваабаронцы, перапляліся і працуем дзеля выканання правоў чалавека ў Беларусі.

«Якія б добрыя людзі ні прыйшлі да ўлады, яны не вучыліся правам чалавека»

Праваабаронца, па яго словах, мае аптымістычны погляд на будучыню Беларусі, асабліва – грамадзянскай супольнасці:

– Так, аптымістычны, нягледзячы на прававы дэфолт і нават катастрофу з правамі. Катастрофы для грамадзянскай супольнасці я не бачу. Так, рэпрэсіі ўзмацніліся; аднак я б гэта катастрофай не называў – хаця я разумею, што рэпрэсіі ў дачыненні да любога індывіда – гэта злачынства; нічога не мае большую каштоўнасць, чым чалавечае жыццё. Але грамадзянская супольнасць на верным шляху. Улада зараз паводзіцца як слон у лаўцы з посудам. Што б яна ні зрабіла, для яе выходзіць бокам. Так, грамадзянскай супольнасці не робіцца лепш, але і ўлада цярпіць страты. Гэты ком павялічваецца, і я думаю, што неўзабаве надыдзе той час, калі ўлада сама сябе загоніць у кут.

– Ці можна сказаць, што грамадзянская супольнасць дзеля гэтага і працавала ўсе мінулыя гады?

– Я працаваў не на змену ўлады. Я не сябра ніякіх партый. Я за тое, каб выконваліся правы чалавека. Сёння ў краіне сапраўды адбыўся прававы дэфолт: гэта калі змагайся не змагайся, а чалец дзяржавы кажа, што трэба адмовіцца ад законаў. Калі я гэта пачуў, я падумаў, што, напэўна, гадоў дваццаць таму не пачуў іншае… Прапусціў! А можа, гэта было прамоўлена на закрытай нарадзе? Вось той загад, які дзейнічаў негалосна ўсе гэтыя гады: «Калі трэба адступіцца ад правоў чалавека, калі ласка: адступайцеся!» І ўвесь гэты час улада адступалася ад правоў чалавека. А сёння адступаецца яшчэ і ад уласнага ж заканадаўства, якое сама ж напісала, прыняла і сама ж прымушала нас па ім жыць.

Але я настроены аптымістычна. Маё глыбокае перакананне: хто б ні прыйшоў да ўлады, ён будзе імкнуцца парушаць правы чалавека. Нават новай уладзе давядзецца тлумачыць правы чалавека. Новая ўлада прыйдзе ж не з ніадкуль – а з нашага соцыюму, дзе яна і жыла. І якія б добрыя людзі ні прыйшлі да ўлады, яны не вучыліся правам чалавека. Яны не падрыхтаваныя! Можа прыйсці добры кіраўнік, эканаміст… Але ў правах чалавека ён – нуль! Давядзецца вучыць. Я спадзяюся, што рана ці позна ўлада ў Беларусі памяняецца, да ўлады прыйдуць людзі прытомныя, здольныя да навучання, якія зразумеюць, што такое правы чалавека, з чым іх ядуць і падаюць, і якімі прыборамі можна ўмешвацца ў правы чалавека.

Гутарыла Яўгенія Парашчанка, спецыяльна для Беларускага дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава