Леанід Судаленка – старшыня Гомельскага аддзялення Праваабарончага цэнтру «Вясна», праваабаронца з 20-гадовым стажам аказання дапамогі ў аднаўленні парушаных правоў грамадзянаў. Ён дапамагаў у падрыхтоўцы і накіраванні шматлікіх індывідуальных зваротаў у Камітэт па правах чалавека ААН супраць Беларусі.
На працягу 2020 года Леанід Судаленка аказваў юрыдычную дапамогу пры абскарджанні пастаноў, вынесеных судом за ўдзел у несанкцыянаваных мітынгах, якія адбываюцца ў Гомлі пасля выбараў прэзідэнта.
Быў затрыманы раніцай 18 студзеня 2021 па дарозе на офіс у межах крымінальнай справы, узбуджанай па арт. 342 Крымінальнага кодэксу (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і быў змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання.
Крыху раней у грамадска-палітычным цэнтры на вуліцы Палескай, 52, дзе знаходзіцца ў тым ліку і офіс «Гомельскай Вясны», адбыўся ператрус, які доўжыўся больш за 9,5 гадзін. Увесь гэты час у офісе знаходзіўся Леанід Судаленка. Пасля ператрусу яго даставілі ў УБАЗ, затым адпусцілі. Таксама правялі ператрус у яго доме.
- 21 студзеня быў пераведзены ў СІЗА, Леаніду выставілі абвінавачанне.
- 3 верасня ў судзе Цэнтральнага раёну г. Гомля распачаўся працэс над праваабаронцам «Вясны» Леанідам Судаленкам і валанцёркамі арганізацыі Таццянай Ласіцай і Марыяй Тарасенка. Суддзя Сяргей Салоўскі вынес пастанову, якой вырашыў праводзіць суд у закрытым пасяджэнні на працягу ўсяго разбору.
- 3 лістапада 2021 году суддзя Салоўскі асудзіў Леаніда Судаленку да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
- 14 студзеня 2022 году у судзе Гомельскага раёна ў закрытым рэжыме разгледзелі апеляцыйную скаргу. Суддзя Мікалай Маратаеў вырашыў, што прысуд вынесены справядліва, а довады абвінавачаных, выкладзеныя ў скарзе, задавальненню не падлягаюць.
- 26 студзеня 2022 году Леанід Судаленка быў этапаваны ў папраўчую калонію №3.
За сваю праваабарончую дзейнасць быў ушанаваны прэстыжнай французскай прэміі «Свабода-Роўнасць-Братэрства» ў 2019 годзе. У тым жа годзе беларускай праваабарончай супольнасцю ён быў узнагароджаны Нацыянальнай прэміяй за дасягненні ў галіне правоў чалавека ў намінацыі «Праваабаронца года».
Лявон Яфрэменка