Алеся Бяляцкага затрымалі 4 жніўня 2011 года. Пазней яго асудзілі да 4,5 гадоў калоніі за "ўтойванне прыбыткаў у асабліва буйным памеры”, а па факце — за праваабарончую дзейнасць. Таму 4 жніўня быў абраны і дагэтуль застаецца Днём салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі.
Цяпер жа Алесь Бяляцкі ізноў за кратамі. А разам з ім — яшчэ шэсць прадстаўнікоў “Вясны”.
“У 2013 годзе актывісты і праваабаронцы выйшлі на акцыю пратэсту з плакатам “Мы ўсе Алесь”. А сёння Мы ўсе Валянцін, Мы ўсе Уладзь, Мы ўсе Марфа, Мы ўсе Таццяна, Мы ўсе Алесь, Мы ўсе Леанід і Мы ўсе Андрэй”, — адзначыла падчас акцыі прадстаўніца “Вясны” Дзіяна Пінчук.
“Сімвалічна, што ў гэты дзень такая акцыя. Толькі ўжо не з адным партрэтам Бяляцкага. Нажаль, нас ужо тут багата зняволеных, — сказаў падчас акцыі праваабаронца “Вясны” Сяржук Сыс. — І мы хочам дагрукацца да тых сцен, якія супраць нас, дзе сядзяць амбасадары, якія, безумоўна, сочаць за нашай акцыяй і, безумоўна, фіксуюць гэта”.
Тым часам 30 журналістаў знаходзяцца ў месцах зняволення, 880 арганізацый трэцяга сектару былі знішчаныя, сотні людзей утрымліваюцца за кратамі і яшчэ тысячы людзей былі выгнаныя з краіны. Прадстаўнікі і прадстаўніцы НДА амаль не могуць працаваць унутры краіны без рызыкі патрапіць у турму.
“Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю актуальны да тых часоў, пакуль становішча грамадзянскай супольнасці ў Беларусі не палепшыцца, — адзначыла Дзіяна Пінчук. — Таму сёння мы тут, каб выказаць салідарнасць са зняволенымі калегамі, журналістамі і ўсімі палітвязнямі, каб нагадаць беларускім уладам свае патрабаванні вызваліць іх, а міжнароднай і беларускай супольнасці — што нашая барацьба не скончаная. "Вясна" ёсць і будзе, пакуль хоць адзін палітвязень застаецца за кратамі, а справядлівасць не адновіцца”.