“Пасля падзей 2020 года многія з тых, хто дапамагаў беларусам адстойваць іх правы, апынуліся ў турме. Сябры і калегі кіраўніка ПЦ "Вясна" Алеся Бяляцкага, якія як і легендарны праваабаронца апынуліся пад рэпрэсіямі, але змаглі выехаць з краіны, цяпер актыўна аднаўляюць працу арганізацыі. Яны кажуць, што праваабарона – гэта не прафесія, а стыль жыцця. Нават патрапіўшы ў кацёл вайны ва Украіне, яны працягнулі дапамагаць людзям. Нягледзячы на тое, якой небяспецы падвяргаліся іх жыцці. Сёння нашы героі знаходзяцца ў Літве, дзе шум імклівых грамадзянскіх самалётаў і залпы святочных феерверкаў ўсё яшчэ нагадваюць аб авіяўдарах па мірных гарадах. А былы будынак КДБ, пераўтвораны ў музей акупацыі і барацьбы за свабоду, а таксама парк савецкай гісторыі пад Друскінінкаем зусім не здаюцца артэфактамі далёкага мінулага. Што значыць для беларуса "Ня быць скотам" і як не трапіць у пастку самых страшных старонак гісторыі, расказваем у новым фільме Маланка.Doc”, – гаворыцца ў анатацыі да фільма.
Фільм распавядае пра працу ў эміграцыі некалькіх праваабаронцаў Праваабарончага цэнтра "Вясна", якія сталі двойчы бежанцамі. Спачатку праз пераслед яны павінны былі выехаць з Беларусі ва Украіну, а потым вайна іх выгнала ў Літву.
Аўтары дакументальнай стужкі плануюць прадставіць фільм на некалькіх міжнародных праваабарончых кінафестывалях.