Пятніца, 09 Снежань 2022

Пяць прычын, чаму канцэпцыя правоў чалавека ўсё яшчэ працуе

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Дзень правоў чалавека святкуецца міжнароднай супольнасцю штогод 10 снежня. У гэты дзень у 1948 годзе Генеральная Асамблея ААН прыняла Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека. Але і сёння правы чалавека працягваюць заставацца працуючай канцэпцыяй. 

У цяперашні час усё складаней верыць у філасофію правоў чалавека, як у каштоўнасць. Праваабаронцы сядзяць у турмах Беларусі, са зброяй у руках адстойваюць сваю зямлю ва Украіне і не могуць нічога зрабіць сітуацыяй у Іране. Міжнародныя інстытуты не спыняюцца выказваць заклапочанасць, але ў разуменні людзей гэтая фраза стала хутчэй сінонімам бяссілля праваабарончых арганізацый перад злачынствамі ўладаў некалькіх краін. 

Каштоўнасны арыентыр

Разуменне сістэмы правоў чалавека – глыбокі каштоўнасны падмурак, які дазваляе акрэсліць для сябе правілы жыцця грамадства, па якіх кожнаму і кожнай будзе жыць лепш, чым па-за імі. Яны падкрэсліваюць каштоўнасць кожнага чалавека, вучаць павазе да іншых, а таксама тлумачаць, чаму ўрад – для народа, а не народ – для ўрада. Разумеючы гэтыя рэчы, можна адстойваць свае прынцыпы, а таксама выбраць для сябе шэраг інструментаў у межах гэтай канцэпцыі, якія дазволяць табе зрабіць гэты свет крыху лепшым, а жыццё ў ім – больш прыемным і зручным хаця б для аднаго чалавека. У парадыгме, калі ў цэнтры ўсяго стаіць кожны канкрэтны чалавек са сваім сусветам, у першым шэрагу каштоўнасцяў стаяць ягоныя чалавечая і асабістая годнасць. Гэта і робіць канцэпцыю важнай і прымяняльнай як для кожнага асобнага чалавека, так і для грамадства агулам.    

Таму ў крызісы правоў чалавека павышаецца попыт на адукацыйныя курсы, звязаныя з гэтай тэмай: у змрочныя часы людзі шукаюць зорку, якая выведзе іх з гушчара. Таму што без адукацыі людзі могуць адчуваць інтуітыўна, што ў грамадстве нешта не так, але каб зразумець, што менавіта – патрэбнае паглыбленне ў тэму. У сваю чаргу, навучэнне правам чалавека – своеасаблівая прышчэпка, якая прадухіляе здзяйсненне злачынстваў супраць чалавечнасці, рэпрэсіі і войны. 

Дакументаванне парушэнняў

Вялікі масіў працы праваабаронцаў сёння – дакументаванне шматлікіх парушэнняў правоў чалавека. Каб заявіць, што дзяржава катуе людзей, трэба разумець, што з’яўляецца катаваннямі і жорсткім, бесчалавечным абыходжаннем і задакументаваць гэтыя выпадкі. Каб абвесціць, што выбары ў краіне прайшлі з парушэннямі, трэба ведаць механізмы правядзення празрыстых выбараў, а таксама назіраць за імі, каб знайсці і зафіксаваць тое, што было парушана. Каб казаць, што ў краіне людзі пазбаўленыя свабоды слова, свабоды мірных сходаў, а іх пераслед палітычна матываваны, трэба не толькі разумець, што стаіць за гэтымі паняццямі, але таксама фіксаваць усе магчымыя выпадкі, каб дакладна ведаць маштабы рэпрэсій.

Прыцягненне да адказнасці

Навошта ж нам дакументаваць шматлікія парушэнні правоў чалавека? Таму што, у адрозненне ад беларускіх судоў, нормы міжнароднага права карыстаюцца прэзумпцыяй невінаватасці. Гэта значыць, што абавязак даказваць вінаватасць стаіць за судом, чалавек не мусіць даказваць сваю невінаватасць. І каб згодна з нормамі міжнароднага права прыцягнуць усіх вінаватых да адказнасці за іх злачынствы, патрэбныя доказы іх віны. Таму праваабаронцы ўсіх краінаў цяпер робяць вялікі ўклад у будучыя “Нюрнбергскія працэсы”, каб ніводны злачынца не змог пазбегнуць адказнасці. Гэта патрабуе складанай метадалогіі і дэталяў, што таксама ўлічваецца пры дакументаванні. Калі гэта дапаможа дамагчыся справядлівасці, у грамадства будзе магчымасць пераасэнсаваць гэтыя гістарычныя падзеі і не дапусціць падзей такога кшталту ў будучыні.

Памятаць пра ўсё

У часы, калі адбываюцца шматлікія парушэнні нават неад’емных правоў чалавека (свабода ад катаванняў і рабства), лёгка не звяртаць увагу на тыя, што ў параўнанні з імі падаюцца не такімі фундаментальнымі. Але дзякуючы каталогу правоў чалавека і дэкларацыям, падпісаным дзяржавамі ў розных сферах, заўсёды можна “звяраць гадзіннік” са стандартамі і разумець, якім аднолькава важным тэмам у гэтыя часы надзяляецца не так шмат увагі. Каб не забываць, што яны таксама вартыя таго і пастаянна задаваць сабе пытанні іншага кшталту, якія таксама моцна ўплываюць на адчуванне сябе чалавекам у гэтым свеце. Ці рэалізоўваецца права на дастатковы ўзровень жыцця? А на ўдзел у культурніцкім жыцці? Ці дастаткова ўвагі надзяляецца праблемам людзей з інваліднасцю і жанчын, якія сутыкаюцца з хатнім гвалтам? Праз моцны ўзровень палітычных рэпрэсій нікуды не дзеўся велізарны шэраг праблемаў, з якімі таксама трэба працаваць. 

Публічная праца

Дзякуючы ў тым ліку працы праваабаронцаў пра парушэнні правоў чалавека становіцца вядома грамадству і міжнародным інстытутам. Гэта не толькі інфармацыя пра суды, гісторыі палітзняволеных, якія публікуюць журналісты, гэта таксама агляды парушэнняў правоў чалавека, маніторынг месцаў няволі, інфармаванне спецдакладчыкаў, выступленне на мерапрыемствах. Праваабаронцы ўголас крычаць пра праблемы сваёй краіны на розных узроўнях – гэта не пакідае людзей сам-насам са сваімі праблемамі, прымушае свет звяртаць увагу на шматлікія парушэнні правоў чалавека і рэагаваць на гэта – няхай гэта не заўсёды адбываецца так хутка, як хацелася б. Дзякуючы скаргам, якія праваабаронцы дапамагалі складаць у Камітэт па правах чалавека ААН, пакуль Беларусь не дэнансавала пагадненні, у міжнародных арганізацый была магчымасць ведаць пра сапраўдныя маштабы рэпрэсій.

Варта таксама не забываць, што ў мінулы раз крызіс правоў чалавека пасля Другой сусветнай вайны прывёў да рэгуляцыі сітуацыі ў свеце. Краіны пагадзіліся прытрымлівацца правілаў, якія забяспечвалі адносны мір у свеце на амаль стагоддзе. Магчыма, цяперашні крызіс таксама высветліў тыя праблемныя месцы ў канцэпцыі правоў чалавека, якія дазволяць удасканаліць гэтую сістэму ў будучыні і папярэдзіць новыя войны. А таксама – дапамагчы кожнаму канкрэтнаму чалавеку, які не мусіць апынуцца сам-насам са сваёй бядой.