Нядзеля, 04 Жнівень 2024

4 жніўня - Міжнародны дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Менавіта 4 жніўня ў 2011 годзе ў Мінску быў арыштаваны кіраўнік і заснавальнік Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі. Тады яго асудзілі да чатырох з паловай гадоў калоніі за «ўтойванне прыбыткаў у асабліва буйным памеры». Сваёй віны праваабаронца не прызнаў, заявіўшы, што ўсе грошы з рахункаў ішлі на праваабарончую дзейнасць.

Алесь Бяляцкі быў вызвалены па амністыі ў чэрвені 2014 года. Але ціск на беларускіх праваабаронцаў і актывістаў з тае пары не спыніўся.

І сёння Алесь Бяляцкі зноў за кратамі.

14 ліпеня 2021 года па ўсёй Беларусі былі затрыманыя 11 праваабаронцаў-вясноўцаў, а таксама два былых сябры "Вясны". Ператрусы адбыліся ў офісе Праваабарончага цэнтра па вул. Мяржынскага ў Мінску, гарадзенскім офісе арганізацыі, асветніцкай пляцоўцы «Тэрыторыя правоў». Шэсць чалавек апынуліся ў ІЧУ. Трое з іх — дагэтуль утрымліваюцца за кратамі. Гэта старшыня “Вясны”Алесь Бяляцкі, ягоны намеснік і віцэ-прэзідэнт FIDH Валянцін Стэфановіч, юрыст, каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзь Лабковіч. Ім прад’явілі абвінавачванні па арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты сум падаткаў).

У зняволенні сёння знаходзяцца сотні беларусаў, якія шчыра жадаюць нашай краіне быць моцнай і незалежнай. Сотні тысяч суграмадзян з імі салідарныя і прагнуць для Беларусі таго ж самага – волі і росквіту.

Вясна прапануе ўсім ахвотным далучыцца да акцый салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі.

Аляксей Говараў