Чацвер, 27 Чэрвень 2013

Віцебскія прадпрымальнікі пагражаюць бeстэрміновым страйкам

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

27 чэрвеня па ўсёй Беларусі прайшоў папераджальны страйк індывідуальных прадпрымальнікаў, незадаволеных новымі ўмовамі гандлю ў рамках Мытнага зьвязу. У Віцебску страйк выйшаў ня дужа масавы: Полацкі рынак спыніў працу прыкладна на 40–50%, Паўднёвы і Смаленскі рынкі наогул працавалі цалкам.

Так здарылася найперш таму, што віцебскія прадпрымальнікі прадэманстравалі сваё стаўленьне да тэхнічнага рэглямэнту яшчэ 6 чэрвеня. Тады ў абласным цэнтры прайшоў асобны аднадзённы страйк, кажа прадпрымальніца Ала са Смаленскага рынку: «Мы 6-га страйкавалі, сваю пазыцыю выказалі, прэзыдэнту ліст накіравалі, чакаем адказу. А два разы страйкаваць ня бачу сэнсу, бо нам патрэбныя грошы. Яшчэ, можа, давядзецца страйкаваць невядома колькі часу, дык спрабуем зарабіць зараз».

Кіраўніца арганізацыйнай групы па стварэньні прафсаюзу індывідуальных прадпрымальнікаў «Разам», старшыня рады віцебскага гандлёвага цэнтру «Эвіком» Ірына Яскевіч адзначае, што актыўней людзі будуць страйкаваць з 1 ліпеня — калі зьменаў ня будзе:

«Шмат людзей спынілі працу толькі таму, каб прадэманстраваць салідарнасьць. Бо людзей заблыталі іншымі праблемамі, хай сабе і дужа важнымі — гэта і выхад з Мытнага зьвязу, і нейкія там рэкамэндацыі для Саўміну… Але ў нас адна галоўная праблема на сёньняшні дзень: мы ня зможам выканаць патрабаваньняў тэхнічнага рэглямэнту. Таму людзі настроеныя так, што з 1 ліпеня яны перастануць плаціць падаткі і спыняць працу зусім — будуць адпачываць дома».

Калі ніякіх зьменаў на карысьць інтарэсаў прадпрымальнікаў найбліжэйшымі днямі не адбудзецца, то ў Віцебску з 1 ліпеня распачнецца новы страйк — ужо бестэрміновы.

Крыніца: Радыё Свабода