Ініцыятыва зладзіць акцыю пратэсту належыць арганізацыйнай групе па стварэньні прафсаюзу індывідуальных прадпрымальнікаў «Разам». Кіраўніца арганізацыйнай групы Ірына Яскевіч, старшыня рады віцебскага гандлёвага цэнтру «Эвіком», адзначае салідарнасьць калегаў: «Смаленскі» рынак, «Паўднёвы» рынак, гандлёвы цэнтар «Беларусь» — там індывідуальныя прадпрымальнікі зачыніліся цалкам, апрача харчоў і садавіны. «Полацкі» рынак — таксама на 100%, за выключэньнем хіба аднаго чалавека, што гандляваў джынсамі. Гандлёвы цэнтар «Эвіком» зачынены амаль цалкам. Увогуле, лічу, спыніла працу 90% прадпрымальнікаў».
Закрыцьцё стала нечаканым для пакупнікоў. У павільён на «Смаленскім» рынку людзей наогул не пускалі: ахоўнікі прычынаў не тлумачылі, але казалі, што гандлю сёньня няма. На «Эвікоме» прадпрымальнікі вывесілі аб’явы разнастайнага зьместу: «Тэхнічны перапынак», «Паехалі па тавары», «Пайшлі ў падатковую», «6 чэрвеня — выходны дзень». Гэта захады бясьпекі: за ўдзел у страйках адміністрацыя гандлёвых аб’ектаў пагражае пазбаўленьнем месцаў арэнды. На «Полацкім» рынку нехта вырашыў не хавацца і наўпрост напісаў пра страйк. І пакупнікі ставяцца да гэтага з разуменьнем:
«Я езьдзіла на „Эвіком“ — там не працуюць, потым на „Полацкі“ прыехала, там аб’яву ўбачыла, што страйкуюць. Я так зразумела, што будуць нейкія дадатковыя праверкі якасьці, і гэта грошай вялікіх каштуе. Дык што і для нас тавары будуць даражэйшыя. А куды ўжо даражэй? І так нічога ня купіш… І нам гэта ня трэба, і ім лішні клопат. Дык што правільна робяць, што страйкуюць!»
Заўтра, калі прадпрымальнікі ўжо выйдуць на працу, ім давядзецца тлумачыць, што такое тэхнічны рэглямэнт Мытнага саюзу, і якія наступствы будзе мець афармленьне новых дакумэнтаў пра якасьць і бясьпеку тавараў лёгкай прамысловасьці. Гэта найперш грашовыя выдаткі — як для гандляроў, гэтак і для пакупнікоў, кажа прадпрымальніца Ірына Яскевіч:
«Каб выпрабавалі твой тавар на бясьпечнасьць, трэба здаць 5 узораў кожнага віду тавару. 3 зь іх потым вернуць, а 2 — пашкодзяць. І калі ў цябе было ўсяго 5 адзінак, трэба будзе кошт гэтых двух дадаць да астатніх трох. І заплаціць за саму экспэртызу. Мы лічылі: каб мець такі самы асартымэнт тавару, як на цяперашні момант, прадпрымальніку трэба будзе заплаціць ад 48 да 62 мільёнаў. Таму пальчаткі стануць неверагодна дарагія, парасоны — надзвычай дарагія»…
Прамысловыя тавары будуць правяраць на бясьпеку паводле двух дзесятках пунктаў. Праўда, прадпрымальнікі ніколі раней ня чулі, каб ад іхнага адзеньня ці абутку нехта захварэў… Да таго ж яны не разумеюць, чаму адказнасьць за якасьць ускладзеная на іх, а не на вытворцаў. І калі тэхнічны рэглямэнт тычыцца Мытнага саюзу, дык навошта пацьвярджаць у беларускіх цэнтрах стандартызацыі якасьць ужо сэртыфікаванага расейскага тавару або рэчаў зь іншых краін, набытых у Расеі, — яны ж мусілі прайсьці праверку яшчэ пры ўвозе ў саюзнаю дзяржаву?
Першапачаткова тэхнічны рэглямэнт Мытнага саюзу павінен быў уступіць у сілу яшчэ з 1 студзеня 2013 года, але пасьля мінулай хвалі незадавальненьня была дадзеная адтэрміноўка — да 1 ліпеня. Аднак прадпрымальнікі хочуць не адтэрміноўкі, а перагляду ўмоваў рэглямэнту. Бо паўторныя праверкі прадпрымальнікі лічыць чарговай спробай папоўніць дзяржаўны бюджэт. Або нават спробай зьнішчыць прадпрымальніцтва ў Беларусі. Таму Ірына Яскевіч кажа пра неабходнасьць падтрымкі віцебскай акцыі пратэсту:
«Выканаць патрабаваньні тэхнінага рэглямэнту цяжка, таму вы таксама можаце нас падтрымаць, прадэманстраваць уласнае стаўленьне, „зачыніцца“ на нейкі дзень… І тады прайсьці міма, не заўважыць нашага патрабаваньня будзе ўжо немагчыма!»
Зварот віцебскіх прадпрымальнікаў да ўраду краіны накіраваны ў Палату прадстаўнікоў і дастаўлены ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі.