Справа ў тым, што 1 красавіка гэтыя супрацоўнікі домабудаўнічага камбінату не змаглі атрымаць абяцаную ім зарплату за люты. Толькі пасьля хваляваньняў прыкладна а 12:50 2 красавіка на рахунках працоўных зьявіліся грошы, аднак толькі 50% ад сумы за люты - другую палову абяцаюць выплаціць на працягу тыдня.
Супрацоўнікі Віцебскага домабудаўнічага камбінату незадаволеныя ня толькі несвоечасовай выплатай заробкаў, але і іх памерамі - большасьць атрымлівае ад 2 да 3 мільёнаў рублёў. 2 красавіка завод буйнапанэльнага домабудаваньня, які належыць камбінату, наведаў прадстаўнік міністэрства, які паабяцаў праз пару месяцаў павялічыць заработную плату, але рабочыя гэтым абяцаньням ня вераць, бо, паводле іх слоў, камбінат знаходзіцца ў бядотным фінансавым становішчы. Таксама рабочыя распавядаюць, што рэгулярна здараюцца прастоі з-за адсутнасьці бэнзіну, саляркі, газу або будматэрыялаў, а гэта адмоўна ўплывае на заробкі. Ёсьць праблемы нават з інструмэнтамі і спэцвопраткай.
Між тым, Дырэктар Віцебскага домабудаўнічага камбінату Дзьмітры Мельнікаў заяўляе, што ніякага страйку, пра які пішуць мэдыі, на прадпрыемстве не было: «Ніякага страйку 1 красавіка не было. Я ня ведаю, адкуль у вас гэтая інфармацыя. Мяне ўжо выклікалі ва ўсе ворганы, у якія толькі можна. Завод цяпер працуе ў плянавым, нармальным рэжыме. Заробак выплачаны ў поўным аб’ёме ўсюды. Можаце прыехаць на завод і проста паглядзець і людзей папытаць».
Паводле Народных навін Віцебска, Хартыі ‘97 і Радыё Свабода