Нядзеля, 12 Люты 2017

Яшчэ нядаўна прыбытковае прадпрыемства «Базыс-Наваполацак» рызыкуе стаць банкрутам

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Базыс-Наваполацак Базыс-Наваполацак

Адны харчовыя крамы ААТ «Базыс-Наваполацак» закрыліся, у другіх значна звузіўся асартымэнт тавараў. Як зьменіцца становішча спраў у найбліжэйшай пэрспэктыве?

– На сёньняшні момант, – растлумачыў намесьнік старшыні Наваполацкага гарвыканкаму Дзьмітры Самуськоў, – прадпрыемства знаходзіцца ў працэсе дасудовага аздараўленьня. Камісіяй па папярэджаньні эканамічнай неплацежаздольнасьці (банкруцтва) распрацаваны комплекс захадаў па аднаўленьні яго плацежаздольнасьці. Улады гораду і кіраўніцтва ААТ «Базыс-Наваполацак» робяць усе неабходныя захады дзеля выхаду са складанай сытуацыі.

Адной з прычын яе ўзьнікненьня стала выплата крэдыту, узятага на будаўніцтва ў дзявятым мікрараёне буйнога гандлёвага цэнтру «Глёбус», які адкрыўся ў верасьні 2015 году. На ажыцьцяўленьне гэтага інвэстыцыйнага праекту выдаткавана 110 мільярдаў недамінаваных рублёў. Разьлік быў зроблены на тое, што побач была будзе пабудаваны новы мост празь Дзьвіну, і ўся інфраструктура мікрараёну, які зьяўляецца ўязной брамай у горад, атрымае далейшае разьвіцьцё.

Але рэалізацыя плянаў прыпынілася праз агульныя эканамічныя прычыны. Узьніклі цяжкасьці ў прадпрымальніцкім асяродку, рэзка зьменшыўся попыт на арэндныя памяшканьні, у тым ліку прапанаваныя «Глёбусам». Між тым Нацыянальны банк праводзіў жорсткую манэтарную палітыку, інфляцыя была невысокай, а стаўкі па крэдытах зьменшыліся неістотна. «Базыс» без пратэрміновак пагашаў запазычанасьць, вымываючы ўласныя абаротныя сродкі. Пачаліся праблемы ў разьліках з пастаўшчыкамі, бракавала грошай для закупкі новых тавараў, адбылося зьніжэньне аб'ёмаў продажаў.

Дзеля выхаду са становішча, што склалася, былі зробленыя такія вымушаныя крокі, як продаж часткі аб'ектаў з аўкцыёну. Дзеля скарачэньня выдаткаў праведзеная аптымізацыя колькасьці работнікаў. Арганізацыя школьнага харчаваньня, якой займалася ААТ «Базыс-Наваполацак», па рашэньні гарвыканкаму перададзеная гатэльнаму комплексу «Наваполацак».

На цяперашнім этапе прынятая стратэгія продажу ўсёй прадуктовай сеткі прадпрыемства буйным пакупнікам.

– Мы глядзім на доўгатэрміновую пэрспэктыву і хочам, каб у горад прыйшлі сур'ёзныя, аўтарытэтныя гульцы. Галоўная мэта – забясьпечыць якаснае абслугоўваньне насельніцтва. Найбольш моцныя пазыцыі на рынку харчовых тавараў сёньня маюць буйныя гандлёвыя сеткі, – падкрэсьліў Дзьмітрый Самуськоў.

Штучнае прыпыненьне разьвіцьця рытэйлераў ён назваў тупіковым шляхам, бо здаровая канкурэнцыя дазваляе стрымліваць рост коштаў і павышаць якасьць абслугоўваньня, а ў канчатковым выніку ад гэтага выйграе пакупнік. Разам з тым Дзьмітры Ўладзімеравіч адзначыў, што два іншыя асноўныя суб'екты гандлю Наваполацку – кампаніі «Эўрагандаль» і «Рэсттрэйд» – паводле антыманапольнага заканадаўства ўжо вычарпалі магчымасьці для далейшага набыцьця аб'ектаў, бо іх долі перавышаюць 20%.

Цяпер завершаная падрыхтоўка пакету дакумэнтаў для правядзеньня аўкцыёну, дзе будуць выстаўленыя два лоты: сем харчовых крамаў ААТ «Базыс-Наваполацак» і асобна – гандлёвы цэнтар «Дзьвіна». Таргі адбудуцца 3 сакавіка. Экспэрты лічаць прапановы цікавымі. Кавярні хуткага харчаваньня «Смайл» будуць рэалізаваныя ў адзіным маёмасным комплексе разам з крамамі, у структуру якіх яны ўваходзяць. Кавярню «Лілея» мяркуецца перадаць гатэльнаму комплексу «Наваполацак». Адначасова прапрацоўваецца пытаньне перадачы акцыяў прадпрыемства ў давернае карыстаньне канцэрну «Мясамалпрам».

У гарвыканкаме разьлічваюць, што комплекс зробленых захадаў дасьць магчымасьць ААТ «Базыс-Наваполацак» вярнуцца да эфэктыўнай гаспадарчай дзейнасьці, а новы ўладальнік сеткі прыкладзе максымум намаганьняў для насычэньня харчовых крамаў шырокім асартымэнтам тавараў і паляпшэньня гандлёвага абслугоўваньня жыхароў вакольных дамоў.

Ларыса Малашэня, vitvesti.by