Серада, 16 Сакавік 2016

У Віцебску камунальнікаў чакаюць масавыя звальненьні

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

З 1 красавіка ў Віцебску мусіць застацца адзіны ЖРЭТ, які будзе функцыянаваць на базе Першамайскага ЖРЭТ і стане агульнагарадзкім. У сувязі з гэтым многія жыхары гораду страцяць працу.

Адзін з працаўнікоў Кастрычніцкага ЖРЭТ, на ўмовах ананімнасьці, падаў сайту «Народныя навіны Віцебска» копію папярэджаньня пра скарачэньня штату, зь якім яго азнаёмілі пад подпіс яшчэ пры канцы студзеня. Паводле крыніцы, такія паведамленьні прад'яўленыя большасьці работнікаў ЖРЭТ: «1100 чалавек ідуць на вуліцу!» – заявіў ён.

Рашэньне пра зьліцьцё двух ЖРЭТ прынятае Віцебскім гарадзкім выканаўчым камітэтам. Яно матывуецца аптымізацыяй колькасьці работнікаў ЖКГ, а таксама тым, што добраўпарадкаваньнем гораду павінны заняцца іншыя структуры.

Перад работнікамі, якіх скарачаюць, цяпер востра паўстае праблема пошуку новай працы. Жонка аднаго з тых, хто атрымаў такое апавяшчэньне, зьвярнулася на простую лінію да кіраўніка Віцебскай вобласьці Мікалая Шарстнёва: у сям'і трое дзяцей, жанчына – хатняя гаспадыня, а мужу не працягваюць кантракт.

У той самы час губэрнатар рэарганізацыю ЖРЭТ лічыць неабходнай. У прыватнасьці, Мікалай Шарстнёў заявіў, што найперш вядзецца пра аптымізацыю кіраўнічага апарату. А незапатрабаваныя працоўныя рэсурсы павінны знайсьці сабе прымяненьне на новых невялікіх прадпрыемствах, якіх мяркуецца стварыць ня менш за 200. Праўда, ці будзе створанае хоць адно такое прадпрыемства да 1 красавіка – невядома.

Крыніца: Народныя навіны Віцебска