Спадарыня Ірына, чым уразіла Вас Афрыка і ці ўразіла наогул?
Афрыка – яна заўжды зьдзіўляе! Зьдзіўляе падыходам людзей да свайго жыцьця і ўмовамі жыцьця…
Што тычыцца Дакару, сталіцы Сэнэгалу, то ён уразіў найперш кантрастамі. Узяць, напрыклад, аўто: побач з шыкоўнымі легкавікамі, якіх у Віцебску і не пабачыш, – абсалютна дабітыя таксі. Асноўная ж маса жыхароў перасоўваецца пешкі. І ня проста перасоўваецца, а пры гэтым на хаду пасьпявае яшчэ гандляваць нейкімі гарэшкамі. І што дзіўна, фэшэнэбэльнасьць і галеча суіснуюць там досыць мірна. Дарэчы, гэта адна зь нямногіх афрыканскіх краінаў, якая здатная карміць сябе самастойна.
Уразілі мяне і спартовыя трэнажоры, выстаўленыя на ўзьбярэжжы акіяну працягласьцю ў кілямэтар, якімі можна карыстацца абсалютна задарма.
Уразіў манумэнт афрыканскага адраджэньня, сродкі на які зьбіралі па ўсёй Афрыцы. Унутры скульптуры мужчыны там ёсьць ліфт, які падымае наведнікаў на аглядальную пляцоўку, разьмешчаную ў галаве скульптуры.
Хто і зь якой мэтай запрасіў Вас у Сэнэгал?
У Сэнэгале я была на запрашэньне рады Міжнароднай фэдэрацыі арганізацыяў вулічных гандляроў (StreetNet). На цяперашні час фэдэрацыя аб’ядноўвае арганізацыі з 47 краінаў сьвету. У 2015 годзе мне, як кіраўніцы незарэгістраванага прафсаюзу “Разам”, было прапанавана сяброўства ў гэтай фэдэрацыі, але тады я адмовілася з тае прычыны, што наш прафсаюз ня быў зарэгістраваны. З 2006 году мы тройчы ладзілі ўстаноўчыя сходы, але ўлады ўпарта адмаўляюць нам у рэгістрацыі.
Праз тры месяцы, вывучыўшы нашу дзейнасьць больш старанна, яны зноў зьвязаліся з намі і сказалі, што з улікам нашай актыўнасьці прымуць наш прафсаюз у свае шэрагі, хоць арганізацыя і не зарэгістраваная. Асабіста я ўвайшла ў склад рады па навучаньні. У гэтай якасьці ў складзе міжнароднай групы з 26 чалавек я і прыехала ў Сэнэгал, каб падзяліцца зь мясцовымі гандлярамі досьведам правядзеньня гандлёвых перамоваў. Акрамя таго, сваёй прадстаўнічай дэлегацыяй мы дэманстравалі мясцовым гандлярам, што, аб’яднаўшыся, людзі здатныя ўплываць на падзеі і шмат чаго дасягаць.
Ці лічыце Вы сваю паездку плённай, і ці ўдалося Вам перадаць свой досьвед сэнэгальцам?
Для мяне гэта быў першы выкладчыцкі экзамэн, бо перад тым мяне шмат вучылі. Я намагалася выкласьці сэнэгальцам, што падчас перамоваў трэба канцэнтравацца на нейкім вузкім коле праблемаў, абмяжоўваючы іх колькасьць як максымум трыма, бо за адны перамовы вырашыць больш ніяк не атрымаецца. Да таго ж я вучыла іх таму, што партнэр па перамовах не заўжды ставіцца да цябе варожа, што ён таксама зацікаўлены ў дасягненьні ўзаемапрымальных дамоўленасьцяў, што перамовы – гэта найперш кампраміс.
Плёнам нашай дзейнасьці стала дасягненьне пэўных дамоўленасьцяў на выдзяленьне прымальных для сэнэгальскіх гандляроў квот на рыбным рынку, разьлічаным на ўсю Афрыку. Некалі гэты рынак пабудавалі паводле сваіх стандартаў японцы, а потым перадалі яго афрыканцам.
Як выкладчык Вы вучылі сэнэгальцаў. Але ж, пэўна, і беларусам ёсьць чаму павучыцца ў грамадзянаў гэтай афрыканскай краіны?
У прыватных размовах сэнэгальцы выказвалі зайздрасьць нам з прычыны нашых умовў жыцьця. А асабіста я зайздросьціла той ступені дэмакратыі, якая ёсьць у далёкай афрыканскай краіне – і гэта нягледзячы на тое, што жывуць яны ў разы горш, што найгалоўнейшая каштоўнасьць там – вада, што ежа на стале – гэта ўжо шчасьце.
Але ж і ў сучаснай Беларусі, на жаль, для многіх беларусаў шчасьце апускаецца да ўзроўню, абы хапіла паесьці. Зьмяншаецца матэрыяльны дабрабыт насельніцтва, мы дэградуем, а сэнэгальцы, наадварот, прагрэсуюць і ў эканоміцы, і ў сфэры дэмакратызацыі грамадзтва. І што мне спадабалася, сэнэгальцы не зьбіраюцца за капейкі прадаваць свае радовішчы карысных выкапняў, найперш дыямэнтавыя. Яны чакаюць часу, калі ў краіне зьявіцца магчымасьць пачаць іх здабычу ўласнымі сродкамі. Яны сваю зямлю не прадаюць, памятаючы пра высокую цану свабоды. Яны ня толькі маюць дэмакратыю – яны яе шліфуюць. Яны ўжо маюць тое, што мець мы пакуль ня можам, але пакуль яны ня ведаюць, як гэтым распарадзіцца. Вось адной з задачаў StreetNet якраз і было навучыць іх карыстацца дэмакратыяй.
У Сэнэгале існуе шмат незалежных арганізацыяў. І ў іх ёсьць магчымасьць вольна зьбірацца і абмяркоўваць праблемы, што існуюць. Так, ім бракуе досьведу дыскусіяў, але магчымасьць выказваць свае меркаваньні ў іх ёсьць. Прычым ніякіх заявак на пікет ці мітынг сэнэгальцы не падаюць – яны проста зьбіраюцца і пачынаюць абмяркоўваць. І ніхто іх там ніколі не разганяе, аж пакуль людзі ня ўчыняць нечага крымінальнага – за апошнія чатыры гады ніводнага такога выпадку не было. Калі б нашы грамадзяне гэтак стыхійна зьбіраліся на плошчах, тут бы ня толькі выклікалі міліцыю, а ўвялі б унутраныя войскі. І крыўдна, што ў нашай краіне свабоду сходаў і дэманстрацыяў дзяржава нахабна абмяжоўвае.
С. Горкі