“Паводле шматлікіх паведамленьняў, загадчыкам дзяржаўных аптэк было даведзена, што ў дадзенай сытуацыі ня меў рацыі якраз супрацоўнік аптэкі. Як было сказана, калі б нават пакупнік пляваў у твар супрацоўніка, яго трэба было б працягваць абслугоўваць як ганаровага кліента. А калі падобная сытуацыя калі-небудзь будзе вынесеная на суд грамадзкасьці, супрацоўнік будзе адразу ж звольнены…” – паведамляе на сваёй старонцы ў Facebook суполка “Мэдычнае прадстаўніцтва”.
Як удакладняе крыніца, такія ўказаньні загадчыкам былі дадзеныя ў вуснай форме.
“Усе знаёмыя зь дзяржаўных аптэк (у Менску – дакладна) кажуць, што загадчыкі давялі да сваіх калектываў “цярпець нават пляўкі ў твар”, - патлумачыў “Віцебскай вясьне” адзін з удзельнікаў суполкі.
“На жаль, тут застаецца толькі адно: пайсьці і плюнуць. А потым паглядзець, чаму за гэты ўчынак на вас не выклікаюць міліцыю… Вось такі сумны жарт”, - дадае.
“Звычайна ж такія пакупнікі сыходзяць пераможцамі”
Паводле публікацыі, зьнявага аптэкараў наведнікамі – штодзённая рэальнасьць. А канфлікт у Віцебску – той рэдкі выпадак, калі ў гэта ўмяшаліся праваахоўныя органы. Мінздраў ужо ня мог “замяць сытуацыю” і ва ўсім абвінаваціць аптэку, бо зь відэа інцыдэнту пасьпелі азнаёміцца журналісты і грамадзкасьць.
“Звычайна ж такія пакупнікі сыходзяць пераможцамі, пакідаючы пры гэтым скаргу ў кнізе заўваг і наўздагон тэлефануючы на гарачую лінію Мінздраву. І, як вядома, Мінздраў ня бачыць у дзеяньнях падобных пакупнікоў ні зьнявагаў, ні хуліганства. Але адразу ж вырашае “разарваць” аптэку праверкамі”, - сьцьвярджае аўтар допісу.
“То бок прававое поле нашай дзяржавы ўжо не працуе там, дзе зьяўляецца гарачая лінія Мінздраву. І гэта сумна…” – падсумоўвае.
Напрыканцы прапануе яшчэ раз “адчуць розьніцу” паміж рашэньнем суду і меркаваньнем тых, хто “адказвае за фармацэўтыку ў нашай краіне”.
Нагадаем, канфлікт паміж жыхаркай Віцебску і правізарам здарыўся ў жніўні 2017 году. Наведніца зайшла ў аптэку з сабакам і пачала абражаць аптэкара, калі той спрабаваў патлумачыць ёй, што ўваход з жывёламі забаронены. Відэа інцыдэнту трапіла ў інтэрнэт. Адміністрацыйную справу на “жанчыну з сабачкам” ініцыявалі праваахоўныя органы. За хамскія паводзіны жанчына была пакараная штрафам згодна з артыкуламі 9.3 і 17.1 КаАП Рэспублікі Беларусь.
Зьміцер Міраш