Пятніца, 08 Люты 2019

“Прапаную спыніць плёткі!” Дырэктар “Эвікому” адказаў прадпрымальнікам

Ацаніць гэты матэрыял
(18 галасоў)
ГЦ "Эвіком" у Віцебску. Фота: Зьміцер Міраш ГЦ "Эвіком" у Віцебску. Фота: Зьміцер Міраш

Віцебскія прадпрымальнікі, якія працуюць у гандлёвым цэнтры “Эвіком”, атрымалі сёньня пісьмовы адказ на свой зварот да кіраўніцтва цэнтру, у якім прасілі не пазбаўляць іх працоўных месцаў. Зварот яны напісалі пасьля таго, як даведаліся, што ім давядзецца саступіць свае месцы крамам расейскай сеткі “Плянэта Адзеньне Абутак”, якая мелася прыйсьці на “Эвіком”.

У пятніцу 8 лютага прадпрымальнікі атрымалі адказ ад дырэктара гандлёвага цэнтру “Эвіком” (філіял РУП “БелЭЗ”) Юрыя Сідарэнкі.

“Ніводнаму суб’екту гаспадараньня гандлёвага цэнтру ня ўручанае паведамленьне аб скасаваньні дагавору і ня зроблена ніякіх захадаў па вызваленьні левага крыла другога паверху.

У сувязі з адзначаным прапаную спыніць крыватолкі і ўпадніцкія настроі”, – напісаў у адказе Юры Сідарэнка.

Дырэктар: Будуць працаваць, як і працавалі раней

У размове зь “Віцебскай Вясной” Юры Сідарэнка запэўніваў, што гэта напраўду былі адно “крыватолкі”. Паводле ягоных словаў, прыход на “Эвіком” расейскай гандлёвай сеткі сапраўды разглядаўся, але кампанія запатрабавала для сябе вялізную плошчу – каля 3 тыс. кв.м. Каб вызваліць яе, трэба было перасяліць на іншыя месцы 56 гандляроў, але прадпрымальнікі пераяжджаць не захацелі.

Дырэктар сьцьвярджае, што з кожным размаўляў асабіста і што варыянт гвалтоўнага высяленьня нават не разглядаўся.

“Нават не разглядаўся, паўтараю. Таму будуць працаваць, як і працавалі раней. Усё спакойна”, – запэўніў Юры Сідарэнка.

Як стала вядома, учора дырэктар “Эвікому” быў у Менску. Прадпрымальнікі мяркуюць, што езьдзіў у сталіцу, каб канчаткова вырашыць пытаньне наконт расейскай гандлёвай сеткі. Нагадаем, уласьнікам “Эвікому” зьяўляецца Адміністрацыя прэзыдэнта (гандлёвы цэнтар быў перададзены ва ўласнасьць у 2005 годзе).

Адзначым, што пасьля таго як на тэлеканале “Белсат” зьявіўся сюжэт пра сытуацыю на “Эвікоме”, гандлёвы цэнтар наведалі супрацоўнікі КДБ. Як расказваюць прадпрымальнікі, супрацоўнікі дапытваліся, хто ў іх лідэр і хто ініцыяваў збор подпісаў пад зваротам, але канкрэтных адказаў не атрымалі.

Зьміцер Міраш