Аўторак, 09 Люты 2021

«Спыніце рэпрэсіі!» Лідарка незалежнага прафсаюзу звярнулася да кіраўніка «Нафтану»

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Выльга Брыцікава. Скрыншот відэа Выльга Брыцікава. Скрыншот відэа

Старшыня першаснай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу (БНП) працаўнікоў ААТ «Нафтан» Вольга Брыцікава выступіла з адкрытым відэазваротам да дырэктара заводу Андрэя Сайко. У ім прафсаюзная лідарка просіць кіраўніка «спыніць рэпрэсіі», паведамляе TUT.BY.

Вольга Брыцікава звяртае ўвагу на тое, што ў яе няма пропуску на тэрыторыю «Нафтанe», таму яна не можа асабіста сустрэцца ні з яго адміністрацыяй, ні з працаўнікамі ў цэхах. У сувязі з гэтым робіць адкрыты зварот.

«Нафтан» – гэта не толькі вытворчыя магутнасці, фінансавыя і матэрыяльныя патокі. «Нафтан» – у першую чаргу жывыя людзі, працоўныя і службоўцы, прафесіяналы і адмыслоўцы. «Нафтан» – гэта жыхары Наваполацку, Полацку і наваколля. «Нафтан» – гэта працоўныя дынастыі. «Нафтан» – гэта людзі, якія ўраслі ў яго каранямі, якія любяць і ведаюць завод. Людзі, у якіх ёсць права і патрэба людзьмі быць і «людзьмі звацца». Паспрабуйце зразумець і прыняць гэта», – просіць Вольга Брыцікава.

Паводле яе слоў, на заводзе «ўзмацніўся ціск на працоўных з боку начальнікаў структурных падраздзяленняў».

«Прычым відавочна, што і начальнікі структурных падраздзяленняў таксама падпадаюць пад прэсінг і знаходзяцца паміж молатам і кавадлам – паміж кіраўніцтвам больш высокага рангу і падначаленымі. Масавая праверка службай бяспекі выканання работнікамі працоўнай дысцыпліны (у асноўным у дачыненні да членаў БНП) і абсурдная трактоўка яе вынікаў, пагроза няздачы экзаменаў і не працягнення кантракту, так званае «добраахвотнае» падпісанне лісту Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі – усё гэта негатыўна адбіваецца на маральна-псіхалагічным клімаце ў калектыве, вядзе да стварэння напружанай сацыяльнай атмасферы», – лічыць кіраўнічка завадской «пяршоўкі» БНП.

На думку Брыцікавай, гэта можа «прымусіць даведзеных да адчаю працоўных да стачкі – як да крайніх мірных захадаў у абароне сваіх парушаных правоў».

«У вашых сілах спыніць рэпрэсіі. Зрабіце гэта!» – звяртаецца прафсаюзная лідарка да гендырэктара ААТ «Нафтан».

Нагадаем, Вольга Брыцікава – адна з актывістак пратэставага руху на наваполацкім «Нафтане» – у студзені ўзначаліла на гэтым заводзе «першасную арганізацыю» Беларускага незалежнага прафсаюзу.

Адным з першых дзеянняў першаснай арганізацыі працаўнікоў ААТ «Нафтан» пры новым кіраўніку стала адкрытая заяву «аб нелегітымнасці VI Усебеларускага народнага сходу».