Панядзелак, 08 Чэрвень 2015

Экс-капітан ХК «Віцебск»: Ты быццам бы і працуеш, а даўгі растуць і сем’і галадаюць

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Аляксей Страхаў сам ініцыяваў зварот у СМІ з нагоды сытуацыі ў клюбе. Шматдосьведны Страх (як яго часта называюць былыя аднаклюбнікі) за сваю доўгую кар’еру пасьпеў пагуляць у многіх месцах – ад Хабараўска да Данецку, і нават абараняў колеры нацыянальнай зборнай Беларусі. Ураджэнец Харкава, непрызвычаены выкручвацца і крывадушнічаць, распавёў пра нерадасную сытуацыю ў ХК ХК «Віцебск», у якім Страхаў апынуўся пры канцы сваёй гульнявой кар’еры.

– Хацелася б агучыць праблемы, бо ўсё накіпела ў душы, асабліва ў апошні тыдзень. Проста людзі некампэтэнтныя, неадэкватныя ў кіраўніцтве клюбу. Я не пра ўсіх кажу, але ёсьць людзі, якія нічога не разумеюць у хакеі. Я кажу і пра намесьніка губэрнатара, і пра Захарэвіча. Спортам у вобласьці кіруюць валейбалісты, якія дагуляліся да моладзевай зборнай краіны, пры гэтым яны кляліся, што аддадуць грошы, але не зрабілі гэтага. У Віцебску любяць хакей, гэта відавочна, а кіраўніцтва ня робіць тое, што трэба, можна сказаць, ставіць палкі ў колы. Яно некампэтэнтнае наогул. Усе разумеюць, што такое ХК «Віцебск», ад яго ніхто шмат чаго не чакае: няма стужкі, няма ў дастатковай колькасьці клюшак, але неяк выкручваліся, прызвычаіліся, не патрабавалі нічога звышнатуральнага, усе разумелі, зь якім клюбам падпісваем кантракт, усе туды прыходзяць ад безвыходнасьці. Але калі зьбіраецца нармальная дружына, калектыў аднадумцаў, і выконвае задачу, пастаўленую перад клюбам, практычна бясплатна аддаючыся на лёдзе, я ўважаю за некампэтэнцыю кіраўніцтва, што яно нават ня пойдзе ў распранальню і ня скажа дзякуй. Хоць гэты сэзон быў няпросты, памёр чалавек, які рабіў многае для віцебскага хакея – Уладзімер Базека, паважаны чалавек у горадзе, які спрабаваў каманду з даўгоў вывесьці. Да яго можна было хаця б прыйсьці і пагаварыць, ён заўсёды згладжваў акалічнасьці, мог і нас пакрытыкаваць, але была вера ў яго. Не ў час ён сышоў… Царства яму Нябеснае і за ўсё дзякуй, Уладзімер Васільевіч. Для Віцебску і хакея ён шмат чаго рабіў.

– Праблемы пачаліся пасьля сьмерці Ўладзімера Базекі?

– Праблемы былі і пры ім, але мы яму верылі чамусьці. Месяц магла быць затрымка па зарплаце, два, але заўсёды была надзея. І заўсёды ў выніку мы грошы атрымлівалі, як Уладзімер Васільевіч і абяцаў.

Наконт прэміяў, усе дамоўленасьці былі на словах. Крыўдна, за паўтара сэзону выступу ў «Віцебску» я атрымаў у суме 2,5 мільёну прэміяльных. І зараз далі мільён за перамогу ці то над «Лідай», ці то над «Нёманам», ня памятаю. І тое, гэта былі грошы, раней зрэзаныя за невыкананьне задачы, напрыклад, калі прайгралі «Магілёву». Мы тады стрымалі ўдар, калі з нас зьнялі грошы, хоць выходзіш на лёд, рукі апушчаныя, настрою няма. Атрымліваецца, за «Магілёў» утрымалі грошы, а потым іх жа за нейкую перамогу аддалі, вось і прэміяльныя. А так, каб хакеіст мог перамогамі зарабіць за сэзон, такога няма. Мы зь Яўгенам Курыліным і Ільлём Бусілкам езьдзілі ва ўпраўленьне спорту і турызму аблвыканкаму да Васіля Захарэвіча і тлумачылі сытуацыю, маўляў, так і так, затрымкі грошай пастаянныя.

Яшчэ ў «Віцебску» такая асаблівасьць: каб атрымаць першую зарплату, трэба адгуляць два месяцы. Напрыклад, ты падпісваеш кантракт з 1 ліпеня, а заробак атрымліваеш 25 жніўня, можа быць … Кантракты ад 5 да 10-12 мільёнаў. Можа, у кагосьці больш, я ня ведаю. Але ўявіце, трэба адпрацаваць два месяцы, каб атрымаць ўмоўна 300 даляраў – 5 мільёнаў, і то невядома, ці атрымаеш ты іх. Так, у пачатку сэзону неяк лягчэй было, можа, фундатары давалі грошы, але цяпер нават гэтыя грошы ня могуць выплаціць своечасова. Гэта проста зьдзек з хакеістаў, калі ты тэлефануеш хлопцам па ўсёй лізе, і ўсё табе дапамагаюць, але гэта зьневажальна для спартоўца, які паважае сябе. Мала таго, што ўсе клюбы дапамагаюць стужкамі, лёзамі, клюшкамі, абменамі, дык яшчэ і трэба прасіць дапамогу ў сяброў-хакеістаў. Гэта зьдзек, калі ў цябе клюшка для правага хвату, а табе прыходзіцца гуляць зь левым. Мы ведалі, дзе будзем гуляць, але не да такой жа ступені.

– А што прапісана ў кантракце?

– У ім пішацца твая сума зарплаты і ўсё. А прэмія – на словах. За гэта і чапляюцца: у вас, маўляў, прэміі ў кантракце і не пазначаныя. Хоць перад сэзонам мне асабіста намесьнік губэрнатара Ўладзімер Цярэнцьеў казаў: дзякуй, Аляксей, што застаўся. Дый кіраўніцтву дзякуй, што мне пры канцы кар’еры далі магчымасьць пагуляць у камандзе. Але калі кіраўнікі перад сэзонам кажуць дзякуй, а пасьля сэзону ня хочуць цябе бачыць… Скажыце шчыра: мы ня можам вам выплаціць грошы за сакавік і красавік, і ўсе ўсё б зразумелі. А так ідуць тэлефанаваньні, усе адзін аднаго пытаюцца – налічаць-не налічаць. Пэрыядычна паступаюць на картку бюджэтныя грошы – то 300 тысяч, то 500, то паўтара мільёну, але ўсё непрадказальна, там і бухгальтар пастаянна мяняецца. Так, пайшоў з жыцьця Базека, але хтосьці ж мусіў на сябе ўзяць адказнасьць за клюб! Узяць, напрыклад, Юру Ільіна. Яму давялося прадаць машыну, каб разьлічыцца з даўгамі. Дзе справядлівасьць? Хлопцы ня могуць аплаціць здымныя кватэры, гэта што наогул?! Калі б мы пастаянна атрымлівалі грошы штомесяц, мы б своечасова закрывалі ўсе пытаньні. Сем’і сядзяць галодныя дома, а ты быццам бы і працуеш, а разумееш, што даўгі растуць як сьнежны ком. Усім гэта ўсё надакучыла! Для чаго тады гэтыя каманды ўсім? Я разумею, што гульцы ў «Віцебску» нямоцныя сабраліся, ведаем свой узровень, але пацаны клаліся пад шайбу і рабілі сваю працу перад вачыма заўзятараў. Дзякуй, дарэчы, усім віцебскім заўзятарам, дапамагалі нам, як маглі, і машыны чынілі бясплатна, на любое пытаньне адгукаюцца! Людзі там любяць хакей, вось што цікава! Але ў клюбе трэба ўсё ўрэгуляваць.

– Нават заўзятары Вам дапамагалі?

– Так, усе чым маглі, дапамагалі, і ў палацы – лішняя другая порцыя ежы і ўсё, што хочаш. Людзі адгукаюцца на твае праблемы, бо разумеюць, што ты ходзіш бяз грошай. Людзі ў Віцебску вельмі спагадныя, яны любяць хакей, за што ім вялікі дзякуй! Мы, гульцы, шчыра зрабілі сваю справу, ад нас патрабавалі трапіць у васьмёрку. Усяму палацу спорту шчыра дзякую, кожнаму супрацоўніку і гледачу. У іх ў палацы таксама невялікія заробкі – па два мільёны, але мы бачым, як яны шчыра за нас перажываюць, пытаюцца кожны дзень, як у нас справы. А кіраўніцтва … Паводзіны Цярэнцьева і Захарэвіча для мяне шок. Быў у нас аднойчы страйк, мы ня выйшлі на трэніроўку. Паехалі ў аблвыканкам – нам пераканаўча сказалі: у сакавіку аддамо грошы. Даўгі назапашваліся, праўда, напэўна, не ва ўсёй каманды. Можа, камусьці і плацяць. Ты ж не спытаеш у іншага, які ў яго кантракт: можа, у яго і на мільён кантракт. Мы ўсё цярпелі – тыя ў суме за сакавік і красавік! Гэта цырк! Можа я даўно не гуляў у Беларусі? Я прывык, што кантракт на 10 месяцаў, я нармальна атрымліваў адпускныя, прэміяльныя. Тут жа пастаянна шукаюць шчыліны і спосаб не аддаць грошы хлопцам, якія шчыра рабілі сваю працу.

– Пры падпісаньні кантракту прэміі абяцалі толькі на словах?

– Так, казалі, маўляў, выканаеце задачу – атрымаеце. Ды Бог зь імі, з прэміямі! Я разумею, што цяжкая фінансавая сытуацыя. Але прыйдзі шчыра скажы, якая сытуацыя, а не абяцай на словах за выйграны матч мільёны! А потым трэнэры ня ведаюць, як расьпісаць атрыманую прэмію – камусьці 247 тысяч, а камусьці 2 мільёны. І гэта была адна прэмія за год.

– У нас была інфармацыя, што апошнія выплаты былі ў сьнежні.

– Не зусім так. Можа, камусьці і за сьнежань вінныя, ня ведаю, а можа, камусьці і закрылі даўгі. Разумееце, пачынаеш блытацца, як налічваюць грошы. Напрыклад, табе вінныя за сьнежань 4 мільёны, і ўсе грошы, што паступаюць, ты ўпісваеш у гэты доўг, сам уяўляеш, за колькі месяцаў табе яшчэ вінныя. Таму ва ўсіх гульцоў па-рознаму. Цяпер толькі дзякуючы Багрунову Міхаілу Віктаравічу ўсё трымаецца, дзякуй яму, мне, можа, як больш ўзроставаму і аўтарытэтнаму з двума дзецьмі хоць нешта выплачваюць. А маладым гульцам кажуць: ідзі да мамы, няхай яна цябе накорміць! Што гэта за размова з 20-гадовымі пацанамі? Даўгі растуць як сьнежны ком. Ты атрымліваеш грошы і адразу раздаеш даўгі, бо няма зарплаты менавіта ў належныя чыслы, і ты ня можаш плянаваць выдаткі.

– Асабіста Вам колькі завінаваціўся клуб?

– Ня ведаю, можа, мільёнаў дваццаць восем – трыццаць. Здаецца, ідзі ў суд, няўстойку атрымаеш, але Міхаіл Віктаравіч усё абяцае, што з дня на дзень атрымаем грошы. Але кожны дзень нейкая новая гісторыя. Скажыце нам шчыра: ці нам разьлічваць на гэтыя грошы або не?!

– А з расейскімі гульцамі разьлічыліся?

– Я ня ведаю, у кожнага свой рахунак ідзе. Мы гуляем, трацім сваё здароўе. Усе разумелі, куды мы ідзем. Але калі зьяўляецца калектыў аднадумцаў, і яго ня хочуць захаваць, разбазарваюць, бо ўсе хочуць сысьці, таму што цябе трымаюць за ідыёта, становіцца крыўдна.

– Сыход Дзьмітрыя Дудзіка таксама зьвязаны зь фінансавымі непарадкамі?

– Ня ведаю, наконт гэтага пытаньня я зь ім ня меў зносінаў. Ён спрабаваў вырашаць нашы пытаньні, але, думаю, з Дудзікам разьлічыліся, і ён у баку ад праблем каманды. Ён таксама спрабаваў нам абяцаць, матываваць гуляць нават пры фінансавых цяжкасьцях, хадзіў да кіраўніцтва. Ізноў жа, Багруноў сытуацыю згладзіў. Але я нават шкадую, што мы не давялі гэтую сытуацыю да канца. А так мы ня выйшлі, нам зноў абяцанкі, і мы пайшлі гуляць. Да таго ж выходзіш перад заўзятарамі, пачынаеш заводзіцца: а раптам з гэтага моманту ў цябе ўсё пойдзе і ўсё будзе па-іншаму? Бо гуляеш перш за ўсё за сваё імя і за сваю сям’ю, дзяцей.

Вельмі балюча, калі да цябе прыходзяць быццам бы людзі ва ўзросьце, якія быццам бы бачылі жыцьцё, і ў вочы падманваюць, кіраўніцтву павінна быць сорамна. Штораз мяне пытаюцца: «Хто ты?» Хто я? Мне свае дасягненьні пералічваць? Я абараняў колеры нацыянальнай зборнай, а ён мне ў адказ: я даслужыўся да моладзевай зборнай па валейболе! Дык навошта мне тады задаваць пытаньні, маўляў, хто я такі. Ён бачыў жыцьцё?!

У «Віцебску» 10 гадоў таму купілі нейкі велатрэнажор, катамаран нейкі, і пры гэтым хочуць кудысьці расьці. Мне кажуць: не падабаецца – сыходзь. У прынцыпе, мінімальныя ўмовы ёсьць, займайся ў спартзалі колькі заўгодна, табе яе заўсёды адчыняць, лішнюю порцыю ў сталоўцы даюць, але, прабачце, 21 стагодзьдзе на двары, хочацца чагосьці большага.

– Вы ўжо афіцыйна пакінулі клюб?

– Так, 30 красавіка я звольніўся. Быў нейкі сум, прайшоўся па калідоры і нават не зразумеў, ці быў я тут або ня быў. Кіраўніцтва баялася сустрэцца са мной, сядзелі, як пацукі ў сябе. Пасьля нейкі гульні быў інцыдэнт: намесьнік губэрнатара прыйшоў да трэнэра, а той кажа, маўляў, ідзіце хлопцам скажыце, якая сытуацыя ў клюбе, а той: «Мне няма чаго ім сказаць». А ты прыйдзі, скажы шчыра: «Усё, хлопцы, грошай няма, прабачце, гуляйце, як можаце». І так хлопцы гуляюць за сваю будучыню, год-два, штосьці не ідзе, але раптам цябе потым салідны клуб падпіша, ёсьць маса прыкладаў: Сьцяпанаў, Ляўко, Дадонаў… Але думаеце, пэрспэктыўным даюць нармальна сысьці? Не, кампэнсацыя. Хакеіст цалкам неабаронены, зь яго ўсё выціскаюць. Той жа Мікіта Ядроец, прыгажун, зайграў, хлопец за год мог зарабіць зусім іншыя грошы, але яго не адпусьцілі, маўляў, павінен роднаму клубу дапамагчы. Дапамог, так, але што ён зарабіў? Толькі даўгі за год?

– У Вас скончыўся кантракт, або Вы яго скасавалі?

– Я яго нават не глядзеў, гэта фількава грамата, ён усё роўна не абаронены нічым! Гэта проста для справаздачы – што ў цябе ёсьць кантракт. З табой што хочуць, тое і робяць: захацелі – заплацілі, захацелі – не. Я магу трываць, але за гэты тыдзень накіпела ўсё!

– Чаму менавіта ў гэты тыдзень?

– Ды таму што па пятнаццаць разоў на дзень тэлефанавалі адзін аднаму, казалі, што грошы будуць. Гэта проста невыносна! І гэтых грошай па сутнасьці ўжо няма: усё, што атрымаем, раздадзім за даўгі. Добра, калі ў маладзёнаў бацькі на плаву, могуць дапамагчы. Нават мне, даросламу чалавеку, бацькі часам сотку давалі… Затое задачы ў кіраўніцтва перад сэзонам – ледзь не чэмпіёнскія! Хоць на пачатку сэзону нават форму падкупілі, саколкі новыя, шлемы – каму што трэба, Уладзімер Васільевіч парупіўся.

– Што Вы асабіста цяпер зьбіраецеся рабіць?

– Ды нічога, дачакаюся гэтых грошай, раздам даўгі. Буду шукаць сабе каманду, прапаноў пакуль няма. Годзік яшчэ магу пагуляць. А так з працай цяжка, у «Эўраопт» ісьці, ці што, разгружаць?.. Хацелася б яшчэ застацца ў хакеі, усё жыцьцё там, можа, стаць трэнэрам у дзіцячым хакеі або другім-трэцім трэнэрам у клюбе. Былі такія размовы і наконт «Віцебску», але, мабыць, камусьці перайшоў дарогу, бо я не магу маўчаць, калі людзі на «чорнае» кажуць «белае». У чым сэнс віцебскага хакея? Прыехалі 20-30 чалавек, ім закупілі форму, выдаткавалі грошы, потым, маўляў, не падышлі, ім не заплацілі заробак, зьехалі, прыехалі іншыя гульцы, зноў купля формы і непатрэбная трата… Не бы – пакінуць касьцяк каманды! Былі розныя трэнэры, а што памянялася ў камандзе? Толькі лішнія фатаграфіі на стэндзе павесілі?

– У чым Вы бачыце выйсьце з сытуацыі?

– Проста людзі павінны быць сумленнымі і кампэтэнтнымі. І зарплата павінна быць дзень у дзень. Хай нават месяц затрымкі, але каб тлумачылі. А калі кіраўніцтва баіцца зайсьці ў распранальню… Базека прыходзіў, да яго маглі зьвярнуцца, ён і сам дужа перажываў за каманду. А цяпер два месяцы былі без дырэктара, выканаўцы абавязкаў нават ня ведалі, для чаго клюшкі ў хакеі і хто абараняе колеры клюбу! Для чаго тады ты бярэсься за гэтую працу? Цяпер прызначылі дырэктара, выйшаў інцыдэнт: мне прыхапіла сьпіну – іду, кульгаю па палацы, а мне: «Ты чаму спазьняешся на сход?!». А я на ўколах, пра сход ніхто і не папярэдзіў. Зрабілі выснову, што я дзёрзкі, нейкі не такі.

Добра б зарплаты былі высокія, тады затрымка – не такая праблема. Але як на 5 мільёнаў пражыць два месяцы? А хлопцы ж за свае грошы ўкладаюць у спорт, купляюць спартовае харчаваньне, дзесьці клюшку лепей, дзесьці канькі, я ж бачу, хто сапраўды хоча гуляць і разьвівацца.

Так, цяпер каманды і палацы самі павінны зарабляць грошы. Але цяпер лета, лёд растапілі, стаянка менш запатрабаваная, адкуль браць грошы? Я ўсё разумею, але вы скажыце адкрыта! Давайце заключаць кантракты на пяць месяцаў, навошта пісаць пра дзесяць месяцаў, вы нас усё адно ашукаеце! А то пачынаюцца пераходы на 2/3 акладу ў красавіку-траўні, даўгі…

– Вось калі б Вам шчыра сказалі: грошай няма. Вам бы сапраўды стала б прасьцей толькі ад самой заявы?

– Проста бы ніхто на гэтыя грошы не разьлічваў, можа, хтосьці раней сышоў бы з клюбу, і ня так бы гэта ўсё раздражняла. Бо здымаеш кватэру, у кагосьці крэдыты, дзяцей у школу зьбіраеш… Самае штодзённае, бо ня ходзіш па дарагіх крамах. Усе так жывуць, я разумею, але хакеіст павінен зарабляць, бо ён кожную сэкунду на лёдзе рызыкуе сваім здароўем дзеля гэтай прыгажосьці – хакея. Хто яму што дасьць, калі атрымае траўму? Мала хакейных могілак? Вось Ядроец атрымаў пры канцы сэзону траўму, а быў жа на хаду, мог зьезьдзіць на прагляд у «Нафтахімік» або «Шахцёр», а так страціў форму за месяц. Хто яму патэлефанаваў і сказаў: вазьмі вось грошы на аднаўленьне?.. А на пачатку сэзона нам кажуць: купіце клюбныя гарнітуры. Мы складаем сьпіс, атрымліваем гарнітуры, а ў нас потым з заробку вылічваюць кошт іхны… Для чаго гэтыя касьцюмы, калі на рахунку няма грошай? Каб усе бачылі, што я хакеіст? Хакеіст, які ня можа сябе пракарміць?

– Можа, глабальнае выйсьце ў тым, каб скараціць колькасьць каманд на вышэйшым узроўні?

– Можа быць. Калі так людзі мучацца, прасьцей закрыць каманду. Хто зь пэрспэктыўных віцебскіх хлопцаў гатовы вярнуцца ў «Віцебск»? Бо прыяжджаюць ад безвыходнасьці, я таксама прыйшоў ад безвыходнасьці. Дык у мяне ёсьць імя, але гэта мая апошняя станцыя. Але ж у «Віцебску» ўсё можна наладзіць, стварыць сумленнасьць і прыстойнасьць.

– Але калі грошай рэальна няма?

– Тады сумленна ў гэтым прызнацца, закрыць каманду майстроў і пусьціць фінансы на дзіцячую школу. Хай лепш дзецям купіць клюшкі і канькі, а гульцы з гэтага кшталту прафэсійнай каманды будуць здабываць сабе месца ў іншым клюбе. Гэта зьневажальна і непрыемна ледзьве ня ў простага насельніцтва хадзіць і пазычаць грошы… Першая фраза ў кіраўніцтва: не падабаецца – сыходзь! Можна сысьці, але навошта потым наступнага чалавека ашукваць?! Гэтага не магу зразумець. Прыедзе такі самы, як і я. Апрануць, абуюць новую каманду, колькі яшчэ грошай на гэта пойдзе? Ці не прасьцей захаваць касьцяк каманды? А так падпісалі толькі новага трэнэра – Юрыя Чуха, і ўсё. Цяпер у клюбе Багруноў як громаадвод, у яго тэлефон не змаўкае… Мне сапраўды шкада гэтага чалавека, у яго тэлефон не змаўкае. А астатнія – неадэкватныя. Калі людзі ня могуць прыйсьці і сказаць праўду… Можна падмануць раз, два, тры, але ня кожны ж дзень абяцанкамі карміць!

Калі браць мінімальна, у «Віцебску» ёсьць усё – утульная распранальня, спартзаля, увесь лядовы палац табе ідзе насустрач. Калі б хоць гэтыя мінімальныя грошы па кантракце плацілі своечасова, абышліся б і бяз прэміяў, вытрывалі б.

– Які ў «Віцебску» сярэдні кантракт?

– Можа, мільёнаў сем. Я не магу за ўсіх казаць, і, паўтаруся, можа камусьці і ўсё выплацілі, але скажу за сябе: мне вінныя парадку 30 мільёнаў, а ўжо чэрвень. І ўсім усё адно, паедзем мы – прыедуць новыя, якім падзецца няма куды. А людзей, якія могуць сказаць адкрыта, ня любяць! Бо ж багата высілкаў каштавала стварыць каманду, якая на пустым месцы зьявілася ў гэтым сэзоне!

Я схіляю галаву перад гэтымі хлопцамі, якія былі са мною ў баі і я быў зь імі. Я ведаю, што гэта такое – працаваць бяз грошай: рукі апускаюцца, а дома сядзіць галодная жонка зь дзецьмі. Ідзіце, растлумачыце дзіцяці, чаму ты ня можаш купіць яму лішні банан або цукерку. А на другім паверсе трыбуны сядзяць гэтыя разумнікі, якія бачылі жыцьцё, як яны кажуць. А я што, ня бачыў? Ды яны нават прозьвішчаў ня ведаюць тых, хто за гэты горад гуляў. Гэта крык душы!

belarushockey.com