Рабочыя заводу бачаць дыскрымінацыю ў пункце калектыўнай дамовы, які абмяжоўвае права рабочага на абарону ад звальненьня паводле прыкметы ўдзелу ці няўдзелу ў прафсаюзе. У ААТ «Полацак-Шкловалакно» каб звольніць рабочага, які зьяўляецца сябрам Белхімпрафсаюзу, патрабуецца згода гэтага прафсаюзу. Але калі рабочы ўваходзіць у Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ), то дырэктару прадпрыемства дастаткова толькі праінфармаваць прафсаюз пра звальненьне яго сябра.
Такое новаўвядзеньне ў калектыўную дамову ААТ «Полацак-Шкловалакно» ўнесла са згоды Белхімпрафсаюзу з 1 студзеня 2013 году. Пратэст Свабоднага прафсаюзу наймальнік ня ўзяў пад увагу, хаця зьмена пагаршала прававое становішча толькі рабочых з СПБ. У сакавіку 2013 году дырэктар «Шкловалакна» Мікалай Качаноўскі скарыстаўся дыскрымінацыйнай нормай калектыўнай дамовы, каб звольніць рабочага Віктара Стукава, старшыню Свабоднага прафсаюзу.
Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь дае права рабочаму зьвярнуцца ў суд, калі ён лічыць, што быў падвергнуты дыскрымінацыі ў працоўных адносінах. Аднак уся судовая сыстэма Беларусі замінае магчымасьці скарыстацца гэтым правам. Суды ўсіх узроўняў, аж да Вярхоўнага і Канстытуцыйнага, адмовілі рабочаму заводу ў разглядзе па сутнасьці яго патрабаваньня аб ліквідацыі дыскрымінацыі.
Падаць-то заяву ў суд рабочы можа, але ж толькі хто яе разгледзіць?!
У сакавіку 2013 году Полацкі суд адмовіў Віктару Стукаву ў разглядзе па сутнасьці факту дыскрымінацыі і рэкамэндаваў яму зьвярнуцца ў прафсаюз для ліквідацыі дыскрымінацыі праз калектыўныя перамовы. Рэкамэндацыя суду была выкананая, але камісія па калектыўных перамовах заводу «Шкловалакно» адмовілася зьмяніць калектыўную дамову. З 31 ліпеня перамоўная камісія спыніла сваё існаваньне, бо скончыўся тэрмін калектыўнай дамовы. Менавіта гэтыя абставіны былі ўзятыя за аснову як наноў адкрытыя, каб заахвоціць суд Полацку зноў разгледзець факт дыскрымінацыі па сутнасьці.
Працаўнікі заводу «Шкловалакно» маюць намер і надалей напружваць судовую сыстэму Беларусі, дамагаючыся разгляду факту дыскрымінацыі рабочых паводле прыкметы ўдзелу ў прафсаюзе па сутнасьці. Тым больш што дыскрымінацыйны пункт калектыўнай дамовы з 1 жніўні 2014 году плаўна перайшоў у новую калектыўную дамову ААТ «Полацак-Шкловалакно».