«Паводле слоў студэнтаў, калі яны, аб’яднаўшыся, спрабуюць даць адпор мясцовым групоўкам, міліцыя стае на бок скінхэдаў. Туркмэнская амбасада ў Беларусі не рэагуе на зварот студэнтаў», - піша «Хроніка Туркмэністану».
На факультэце навучаньня замежных грамадзян ВДУ і ў дэканаце паведамілі, што, цытуем: «Ніякага прыпыненьня не было. Навучальны працэс ідзе поўным ходам. Напружанасьці ў супольнасьці замежных студэнтаў мы не назіраем». Аднак ад далейшых камэнтароў па тэлефоне прадстаўнікі факультэту адмовіліся. Няма інфармацыі, якая пацьвярджала б канфлікты на міжнацыянальнай глебе, і ў супольнасьцях студэнтаў Туркмэністану ў сацыяльных сетках.
Нагадаем, надоечы зьявілася паведамленьне пра закрытую вечарыну, куды плянавалася дапускаць толькі «туркмэнскіх студэнтаў і рускіх дзяўчат». Інтэрнэт-супольнасьць Беларусі была абураная дыскрымінацыйнымі ўмовамі імпрэзы, і адміністрацыя клюбу яе адмяніла.
Крыніца: Народныя навіны Віцебска