Вось адзін з прыкладаў: «На Данбасе пі…ры ня водзяцца. Вы паблыталі, паважаны, Данбас з Украінай. Гэта ў Кіеве гомікі парады праводзяць, і ўлада ў іх під…ая, якая прыйшла праз майдан». Сваіх апанэнтаў Дадонаў запрашаў прыехаць да яго на працу ў ПДУ, але папярэджваў: «толькі потым не абгадзьцеся».
Высьветлілася, што Алег Дадонаў родам з усходняй Украіны. Ён скончыў унівэрсытэт імя Даля ў Луганску. Працаваў у Навукова-дасьледчым інстытуце сацыяльна-працоўных адносін Міністэрства працы і сацыяльнай палітыкі Ўкраіны (г. Луганск), выкладаў ва ўнівэрсытэце. Ад лістапада 2008 да мая 2012 працаваў у Луганскім філіяле Нацыянальнай акадэміі навук Украіны на пасадах загадчыка аддзелу сацыяльных праблем разьвіцьця эканомікі рэгіёну.
У лістападзе 2015 году Дадонаў пераехаў у Беларусь, уладкаваўся старшым выкладчыкам катэдры ўліку і аўдыту Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Ад мая 2016 – дацэнт катэдры.
Натуральна, што такія паводзіны кідалі цень ня толькі на самога Дадонава, але і на ўвесь Полацкі дзяржаўны ўнівэрсытэт. Грамадзкі актывіст Раман Максіменка напісаў скаргу рэктару ПДУ Дзьмітрыю Лазоўскаму.
«Прашу адзначыць хамства, абразы, якія дазваляе сабе Алег Дадонаў. Такія паводзіны падрываюць ня толькі імідж і добрае імя ПДУ, але і ўсёй вышэйшай школы Беларусі», – напісаў Максіменка. Да ліста ён прыклаў спасылкі з фэйсбуку.
14 лютага Максіменка атрымаў адказ ад рэктара: «Адміністрацыяй унівэрсытэту з дацэнтам Дадонавым была праведзеная гутарка пра неабходнасьць годных паводзінаў і выкананьня агульнапрызнаных нормаў маралі, а таксама былі ўзятыя пісьмовыя тлумачэньні. Па выяўленым факце Дадонаў прызнаў недапушчальнасьць ужытай ім лексікі і абяцаў далей не выкарыстоўваць», – адзначаецца ў адказе.
Дарэчы, усе непрыстойныя выразы спакойна застаюцца на старонцы дацэнта ў сацыяльнай сетцы «УКантакце». Вось такі прыклад сваім студэнтам дае Алег Уладзімеравіч Дадонаў.
https://vitebsk.dns.army/news/raspalvanne-vapozhasci/item/2195-polatski-universytet-dau-adkaz-nakont-antyukrainskikh-vykazvannyau-datsenta-dadonava#sigProId36b3b3c2e0
Зьміцер Панкавец, nn.by