Сябры Віцебскай гарадзкой Рады Партыі БНФ, Віцебскай гарадзкой арганізацыі АГП, Аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі і Руху “За свабоду” пратэстуюць супраць умяшаньня “прарасейскіх марыянэткавых арганізацый і фінансаванай расейцамі агентуры ў грамадзкае жыцьцё вобласьці”.
“Мы асуджаем і адкідаем любую прапаганду так званага “русского мира”, “единого русского народа”, “притеснения русскоязычного населения и русского языка”, якую вядуць расейскія ідэалягічныя структуры і падкантрольныя ім СМІ”, - гаворыцца ў заяве.
Заяўнікі асудзілі ўдзел некаторых чальцоў дэмакратычных партыяў і рухаў у віцебскім сходзе прапагандыста “рускага сьвету” Арцёма Агафонава. Маецца на ўвазе мерапрыемства, якое, пад выглядам “круглага стала” на тэму «Дэмакратыя і правы чалавека на Беларусі», прайшло ў абласным цэнтры ў чэрвені 2017 году.
Асаблівае зьдзіўленьне ў аўтараў заявы выклікаў удзел у гэтым мерапрыемстве намесьніка начальніка ўпраўленьня ідэалёгіі і па працы з моладзьдзю Віцебскага аблвыканкаму Валерыя Марчанкі.
“Калі Валеры Марчанка ведаў, куды ідзе, то паўстае пытаньне: як так атрымліваецца, што дзяржаўны службовец абласнога маштабу ўдзельнічае ў мерапрыемстве, якое ладзіцца незарэгістраванай арганізацыяй (арт. 193.1 КК РБ) і мае да таго ж антыдзяржаўную скіраванасьць”, - пытаюцца заяўнікі.
У звароце пералічваюцца таксама іншыя мерапрыемствы і зьявы, якія, на думку прадстаўнікоў дэмакратычных арганізацыяў, ёсьць прыкладам умяшаньня суседняй дзяржавы ў грамадзкае жыцьцё рэгіёну. Сярод іх – міжнародная навуковая канфэрэнцыя “Духовные основы славянского мира” (праходзіць у межах “Ірынінскіх чытаньняў”), умацаваньне “рускага духу” ў моладзевых лягерах для беларускіх дзетак інструктарамі з Расеі, грамадзянская ініцыятыва «Гражданское согласие» ды іншыя.
Як мяркуюць заяўнікі, антыбеларускія дзеі адбываюцца пры поўным патураньні з боку ўладаў і на фоне дэмагагічных заяў дзяржслужбоўцаў пра абарону нацыянальнага сувэрэнітэту, нацыянальнай культуры і больш шырокае выкарыстаньне беларускай мовы. Гэтую дэмагогію беларускіх чыноўнікаў выкарыстоўваюць у Расеі для распальваньня гістэрычнай кампаніі аб “адраджэньні беларускага нацыяналізму” і “прыгнёце расейскамоўнага насельніцтва”.
Гэта пры тым, што ў Віцебскай вобласьці “не зьяўляюцца клясы і школы зь беларускай мовай навучаньня, адсутнічаюць беларускамоўныя вышэйшыя навучальныя ўстановы, а беларуская мова не выкарыстоўваецца ў працы дзяржаўных органаў, культурных, камэрцыйных і навуковых установаў”.
С. Горкі