Паэта прывезьлі да роднай хаты на вуліцы Школьнай надвячоркам. Сонца ўжо хілілася на захад, але яшчэ затрымалася, каб разьвітацца зь беларускім песьняром. Землякі Барадуліна пачалі зьбірацца тут за некалькі гадзін, пазьней пад’ехалі людзі зь Віцебску, Менску і іншых куткоў Беларусі. Людзі запоўнілі два бакі вуліцы, некалькі чалавек разгарнулі бел-чырвона-белыя нацыянальныя сьцягі.
Мясцовыя ўлады падрыхтавалі ў двары хаты, дзе паставілі труну, гукаўзмацняльную апаратуру. Тут пачаўся разьвітальны мітынг, адкрыла яго намесьніца старшыні Ўшацкага райвыканкаму Натальля Марковіч. Ад уладаў Віцебскай вобласьці прыехалі намесьнік начальніка галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай работы, культуры і па справах моладзі Ларыса Аленская і намесьнік начальніка аддзелу культуры гэтага ўпраўленьня Пётар Падгурскі. Апошні выступіў з прамовай, у якой падкрэсьліў грамадзянскую пазыцыю народнага паэта.
Ад Саюзу беларускіх пісьменьнікаў выступаў яго старшыня Барыс Пятровіч. Вядомы пісьменьнік і гісторык Ўладзімер Арлоў адзначыў, што ва ўмовах іншай краіны на пахаваньні б былі першыя асобы дзяржавы. Пасьля гэтага ён накрыў труну тым самым бел-чырвона-белым сьцягам, якім накрывалі Васіля Быкава: старыя сябры нават памёрлі ў аднолькавым узросьце — абодвум было па 79 гадоў. Уладзімер Някляеў зачытаў ліст ад Генадзя Бураўкіна, які ня змог прыехаць, бо цяжка хварэе. Старшыня абласнога аддзяленьня ТБМ Язэп Навумчык перадаў спачуваньні ад старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы і беларусаў замежжа.
Пасьля прамоваў прысутныя сталі разьвітвацца з паэтам. Людзі ішлі, дакраналіся рук дзядзькі Рыгора, шмат хто плакаў. Валянціна Быкава — сястра Васіля Быкава — часам пачынала галасіць. Нават старэнькая кашлатая ліпа на ўваходзе ў двор абдымала дамавіну сваім ценем — ці то хацела затрымаць гаспадара на гэтым сьвеце, ці то разьвітвалася зь ім назаўсёды.
Труну ізноў паставілі ў катафалк, і Рыгор Барадулін апошні раз праехаўся па сваіх Ушачах. Плынь людзей ішла пехатой да могілак. На перакрыжаваньнях і каля крам працэсію сустракалі купкі людзей, якія выйшлі з хат разьвітацца са славутым земляком.
Каля могілак яшчэ раз прагучалі словы знаёмых і сяброў паэта. Набажэнства служылі грэка- і рыма-каталіцкія сьвятары. Пасьля на руках дамавіну паднялі на стромы курган — могілкі ва Ушачах дужа высокія і дзядзьку Рыгору будзе добра бачная ня толькі Ўшаччына, але і ўся Беларусь.
Дзень ужо хіліўся да канца, калі Рыгор Іванавіч знайшоў апошні прытулак побач са сваёй мамай. Аб вечка труны грукнулі першыя камякі ўшацкага суглінку, і сонца схавала апошнія промні за небасхілам. Скончылася эпоха.
https://vitebsk.dns.army/news/roznae/item/1159-va-ushachakh-pakhavali-rygora-baradulina#sigProId4aa6f7c701
news.vitebsk.cc Фота: Сяржук Серабро