Віцебскі лекар Ігар Пастноў, вядомы крытыкай мясцовых уладаў, паведаміў, што 26 лістапада яго выклікалі да галоўнага лекара ВАКЦ псыхіятрыі і наркалёгіі Мартынавай, дзе папярэдзілі пра тое, што ён займаецца неліцэнзійнай дзейнасьцю. Прычынай выкліку да кіраўніцтва стала зьяўленьне ў інтэрнэце інфармацыі пра тое, што лекар аказваў мэдычную дапамогу зьбітаму палітыкуСяргею Рыжову. Паколькі пасьля зьняцьця пабояў Рыжову не прызначылі лячэньня, дык яго кансультаваў і рабіў ін’екцыі Пастноў.
Паводле слоў лекара, кіраўніцтва мэдустановы, дзе ён працуе, лічыць, што такой яго дзейнасьцю могуць зацікавіцца сьледчыя органы, бо яна ажыцьцяўляецца без адпаведнай ліцэнзіі. Пры гэтым Ігар Пастноў заяўляе, што сытуацыя, калі неаказаньне дапамогі лекарам, які спакойна назірае за зьбіцьцём чалавека, лічыцца нармальнай, а яго за аказаньне неадкладнай мэдычнай дапамогі хвораму гатовыя абвінаваціць у неліцэнзійнай дзейнасьці і карупцыі - абсурдная.
Крыніца: Народныя навіны Віцебска