Панядзелак, 25 Лістапад 2013

Валянціна Крук: Ніякіх зьвестак пра нараду ў Полацкім райвыканкаме я не паведамляла

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Валянціна Крук Валянціна Крук Фота: Полацкі веснік

У Полацку разгарэўся скандал, зьвязаны з публікацыяй на нашым сайце інфармацыі пра забаронены ў горадзе канцэрт Зьмітра Вайцюшкевіча. У цэнтры скандалу апынулася Валянціна Крук, дырэктар Полацкага цэнтру рамёстваў і нацыянальных культур, у якім мусіў адбыцца канцэрт сьпевака.

Спадарыня Валянціна зьвярнулася ў рэдакцыю нашага сайту. Яна папрасіла паведаміць грамадзкасьці, што ня ведае, адкуль зьявілася інфармацыя пра нараду ў Полацкім райвыканкаме, на якой яна прысутнічала. Зьвесткі пра гэтую нараду яна нікому не паведамляла, журналісты нашага сайту зь ёй не зьвязваліся, ніякага інтэрвію яна не давала. Хто зьяўляецца крыніцай публікацыі – ёй невядома.

Паводле слоў Валянціны Крук, яна ня звольненая і працягвае працаваць. Па дапамогу ў праваабарончы цэнтар «Вясна» або да іншых праваабаронцаў наконт свайго звальненьня яна не зьвярталася.

На думку Валянціны Крук, паведамленьне, апублікаванае на нашым сайце, пра тое, што ёй прыгразілі звальненьнем, - гэта ўмяшаньне ў яе асабістае жыцьцё. Яна лічыць, што аўтар публікацыі парушыў нормы журналісцкай этыкі.

Са свайго боку, рэдакцыя пацьвярджае, што Валянціна Крук ня мае ніякага дачыненьня да зьяўленьня інфармацыі аб забароне канцэрту Зьмітра Вайцюшкевіча ў Полацку і аб нарадзе ў Полацкім райвыканкаме. Прыносім прабачэньні за праблемы, якія, магчыма, узьніклі ў спадарыні Валянціны з прычыны нашай публікацыі.