«Вызваляйце поле, ваш час выйшаў»
- Успомніце, як вы апынуліся ў «Віцебску», - пачынаем гутарку з Аляксеем Халецкім. - Ці не палохаў пры прыняцьці рашэньня аб пераходзе сюды шлейф скандалаў, зьвязаных з імем ранейшага кіраўніка клюбу Віталя Сталбіцкага?
- Перад пачаткам сэзону я падпісаў пагадненьне зь «Белшынай», але потым бабруйчане запрасілі легіянэраў і адправілі мяне ў дубаль. Там гуляць не хацелася. Тады мне патэлефанавалі зь Віцебску, распавялі, што задача перад клюбам - выхад у вышэйшую лігу. Паведамілі: пад гэта будуць адпаведныя зарплаты, прэміяльныя, нармалёвыя побытавыя ўмовы. Наконт Сталбіцкага не хваляваўся, хлопцы казалі, у клюбе зьмянілася кіраўніцтва, усё стала інакш. А высьветлілася, праблемы выкліканыя ня толькі дзеяньнямі дырэктара клюбу.
- Чым яшчэ?
- Пакуль кіраўніцтва гораду ня зьверне ўвагу на футбол, сытуацыя ня зьменіцца. Між тым, калі яшчэ, калі не цяпер, гэта рабіць? У гэтым сэзоне сфармаваўся найзручнейшы момант для выхаду ў вышэйшую лігу. Бо ніхто ў мінулым сэзоне ня вылецеў адтуль. І ў першай лізе няма клюбу-гегемона на прыклад леташняга «Дняпра» або «Гомеля» ўзору 2010-га.
- Што перашкаджае «Віцебску» выступаць у гэтым сэзоне лепш?
- З гульнявых прычын - адсутнасьць згулянасьці. Каманда ў цяперашнім выглядзе сабралася ў апошнія тыдні перад стартам чэмпіянату. Ну, і каляфутбольныя чыньнікі. Гульцы па вялікім рахунку ня маюць матывацыі. Пра прэміяльныя тут гаворка наогул не вядзецца. Зарплата плаціцца рэгулярна, але не заўсёды ў поўным аб’ёме. Да прыкладу, за мінулы месяц я атрымаў два мільёны рублёў, астатнюю суму абяцалі даплаціць пазьней. Ды я за здыманьне кватэры штомесяц плачу 2600000.
- Чаму вырашылі здымаць жытло, а не пражываеце ў гатэлі на базе ЦСК, як большасьць іншагародніх футбалістаў клюбу?
- Калі ў пакоі жывуць па чатыры чалавекі, добра не адпачнеш. Але гэта яшчэ нармальна. А ў траўні падчас газпромаўскага фэстывалю “Факел” на два тыдні гульцоў “Віцебску” наогул перасялілі ў нейкую каморку бяз вокнаў у тым жа ЦСК па шэсьць-сем чалавек ў нумары.
- Кажуць, арганізацыя харчаваньня футбалістаў пакідае жадаць лепшага …
- Так, у суткі на харчаваньне аднаго футбаліста нашай каманды выдаткоўваецца 45 тысяч рублёў. У іншых клюбах нават першай лігі, наколькі я ведаю, у два разы больш. А яшчэ зьдзіўляе непрыемнае стаўленьне работнікаў кафэ пры ЦСК, дзе мы харчуемся. Яно праяўляецца ў сэрвіроўцы сталоў. Да прыкладу, на газпромаўскім фэстывалі “Факел” для яго ўдзельнікаў паклалі ўсе сталовыя прыборы. А нам далі толькі відэльцы, не было ні нажоў, ні лыжак, ні сурвэтак. Быццам мы - людзі другога гатунку. Але ж клюб таксама плаціць грошы за харчаваньне ў ЦСК. Не разумею, адкуль такое стаўленьне.
- Ці праўда, што па заканчэньні вашых трэніровак на ЦСК плот вакол футбольнага поля зачыняецца, нават калі футбалісты працягваюць заняткі, і гульцам аднойчы нават давялося пералазіць праз агароджу?
- Каб пасьля трэніроўкі мы лезьлі праз плот… Такога пры мне не было. Але на трэніроўку неяк давялося лезьці. Аднойчы, ужо атрымаўшы ўстаноўку ад трэнэра, прыходзім да поля ў прызначаны час, а вароты зачыненыя. Ну, прыйшлося лезьці праз плот. А што заставалася? Аднойчы нас падчас трэніроўкі сталі замыкаць. Да мяне тады яшчэ мая сям’я прыйшла на заняткі. Ахоўнік пачаў зачыняць браму, і, як жонка мне потым расказвала, маленькія дзеці спалохаліся, заплакалі. Так, потым трэнэры змаглі дамовіцца, нам далі працягнуць заняткі… Або яшчэ адзін цікавы выпадак.
- Падзяліцеся.
- Наша каманда трэніруецца, раптам прыходзяць з ахоўнікам ЦСК нейкія спартоўцы-аматары і нам кажуць: вызваляйце поле, ваш час выйшаў, і пачынаюць нас выганяць. Або зноў жа, некаторыя футбалісты “Віцебсуа” хочуць пасьля трэніроўкі застацца на полі, папрацаваць індывідуальна. Да прыкладу, Вадзім Курловіч гэта практыкуе. Але кожны раз нас выганяюць. У іншых клюбах такога не сустракаў. Нідзе платы не закрываюць, футбалістаў не выганяюць. Можна заставацца, дапрацоўваць. Як галоўны трэнэр скажа, так і ёсьць. Працаўнікі спартовай базы пад яго падладжваюцца.
- Ёсьць інфармацыя, што вялікія нараканьні ў гульцоў выклікае і якасьць палёў.
- Там такі агарод…. Трава высокая, на полі пралысіны, не паліваць яго, калі трэба. Якасна трэніравацца немагчыма …
«Аднойчы каманду кармілі пратэрмінаванымі прадуктамі»
Дапоўніў расповед капітана “Віцебска” Валер Ісаеў. Праўда, сьпярша вядомы футбольны агент распавёў, чаму ён толькі зь цяперашняга сэзону стаў дапамагаць клюбу роднага гораду:
- Як жыхар Віцебску, які прафэсійна займаўся футболам, вельмі хачу, каб каманда гуляла ў вышэйшай лізе. Апошнія два гады мяне наогул не цікавіла, што адбываецца з клюбам. Бо дырэктарам быў спадар Сталбіцкі. Больш жудаснага стаўленьня да футболу і гульцоў я ня бачыў. Сёлета кіраўніцтва гораду прызначыла дырэктарам клюбу Юрыя Васільевіча Камісарава. Мы разам займаліся футболам у ДЮСШ. У нас сяброўскія адносіны. У гады яго кіраўніцтва СДЮШАР «Дзьвіна» я школе дапамагаў. Калі Камісарава прапанавалі пасаду дырэктара клюбу, ён са мною параіўся. З той інфармацыі, што я меў, Юрыю Васільевічу ня раіў ісьці на гэтую пасаду, бо меркаваў, што з-за складанай эканамічнай сытуацыі ў краіне фінансаваньне клюбаў першай лігі будзе слабым. Але ён пабываў на прыёме ў кіраўнікоў гораду. Адміністрацыя яго пераканала.
- Што, на ваш погляд, замінае клюбу выступаць больш пасьпяхова, чымся цяпер?
- Паводле ўмоў кантрактаў каманда адпавядае трэцяму-чацьвёртаму месцу ў першай лізе. Двое самых высокааплатных гульцоў каманды, зыходзячы з пагадненьняў, маюць зарплату ў паўтары тысячы даляраў. Найважнейшае пытаньне - трэніравальны працэс. Ну, і ўсё што зьвязана з побытам. Тут вялікія праблемы. Вам, напэўна, падрабязна пра гэта распавёў Аляксей Халецкі. Магу толькі дадаць, што, са слоў трэнэраў, футбалістаў на базе ЦСК аднойчы кармілі пратэрмінаванымі прадуктамі харчаваньня. Хіба гэта нармальна?! Акрамя таго, маю інфармацыю, што працаўнікам ЦСК, якія даглядаюць палі, было сказана не рабіць гэтага.
- Што скажаце наконт стаўленьня да клюбу кіраўніцтва гораду?
- Футбольны клюб - гэта прэстыж гораду. Няма нідзе ў сьвеце такога, каб каманды фінансавалі маленькія кампаніі. Гэта або буйныя карпарацыі, або мясцовыя ўлады. Як правіла, на постсавецкай прасторы, калі ёсьць увага губэрнатара ці мэра, каманды існуюць. Мы ўдзячныя нашаму губэрнатару за тое, што ў горадзе будуюцца новыя помнікі, добраўпарадкоўваюцца вуліцы. Але мы чакаем, калі ён крыху паглядзіць і на футбол.
- Пакуль жа выходзіць ня самая прыемная сытуацыя.
- Быццам бы ўлады хочуць, каб каманда паднялася наверх. Клюбу, каб выйсьці ў вышэйшую лігу неабходна 500-600 тысяч даляраў. Нават пры фінансавых праблемах у рэгіёне, лічу, гэтую суму абласны цэнтар можа выдаткаваць на разьвіцьцё футболу. Усе кажуць, што жаданьне ёсьць. Сягоньня можна атрымаць грошы на клюб толькі дзякуючы адміністрацыйнаму рэсурсу. Камандзе патрэбная падтрымка. Так, гарадзкое спартовае кіраўніцтва дапамагае клубу. Але яго магчымасьці абмежаваныя. Гэтае пытаньне павінна вырашацца на ўзроўню мэра ці губэрнатара. Між тым, я ведаю, што на сёньня мэнэджэр і дырэктар клюбу ходзяць па судох, каб выплаціць старыя даўгі. Каманда экіпіраваная на пазыку, аналягічным чынам “Віцебск” езьдзіў на зборы.
- Ці ня мелі вы магчымасьці прыцягнуць у клюб майстравітага гульца, выкарыстоўваючы свае сувязі?
- Былі зробленыя вялікія намаганьні, каб на сьцяжку перад стартам узяць Аляксея Халецкага, Вадзіма Курловіча і Эдуарда Жаўнерава. Вярнулі Андрэя Шчарбакова. Думаў, пагодзяцца і іншыя гульцы. Але ўпершыню сутыкнуўся з тым, што футбалісты не ідуць у абласны цэнтар гуляць. Гэта прывітаньне спадару Сталбіцкаму. Натуральна, хлопцы, якія здатныя гуляць за межамі краіны, у першую лігу не пойдуць. Але дзевяць футбалістаў пайшлі або ў «Слуцак», або ў «Гарадзею», або нават у «Граніт». Тыя, з кім у мяне добрыя адносіны. Людзі сыходзілі, нават калі ім прапаноўваліся тыя самыя грошы, што і ў іншых камандах. Гэта заслуга спадара Сталбіцкага.
Крыніца: Goals.by