“Адбылася правакацыя з боку рэжыму, таму што ў дзень правядзеньня віцебскага абласнога сходу людзей павыклікалі на працы, хоць сеньня выходны, тэрмінова зь некалькіх раённых арганізацыяў. Зразумела, толькі з той мэтай, каб яны ня трапілі на гэты абласны сход віцебскай гарадзкой арганізацыі. Вось такім чынам чыняцца перашкоды. Безумоўна, ва ўлады няма намеру рэгістраваць рэгіянальныя аб’яднаньні, але тым ня менш мы сходы ладзім, бо дзейнасьць БХД цалкам легальная, і гэтыя сходы - яшчэ адзін доказ таго, што БХД не рэгіструюць з-за нейкіх юрыдычных падстаў”.
Паводле слоў Віталя Рымашэўскага, на працу тэрмінова І без папярэджаньня былі выкліканыя сябры БХД з Наваполацку і Лепеля. На актывістаў ціснуць рэгіянальныя супрацоўнікі КДБ, якія пагражаюць “праблемамі” пры ўдзеле ў гэткіх зьездах хрысьціянскіх дэмакратаў, адзначыў Віталь Рымашэўскі, які падкрэсьліў, што спробаў зарэгістравацца БХД не пакіне, нягледзячы на шматлікія адмовы міністэрства юстыцыі.
Тым ня менш сход 2 чэрвеня адбыўся. У ім узялі ўдзел каля 30 чалавек, у тым ліку, сустаршыня стваранай партыі Віталь Рымашэўскі, кіраўнік Віцебшчыны Тацьцяна Севярынец і старшыня аргкамітэту “Маладых хрысьціянскіх дэмакратаў” Марына Хоміч. Удзельнікі сходу абмеркавалі далейшую дзейнасьць партыі, сьпіс агульнанацыянальных мерапрыемстваў для правядзеньня, прааналізавалі працу за апошнія паўгады і абмеркавалі кампаніі, а таксама вырашалі пытаньні, зьвязаныя з будучай рэгістрацыяй партыі “Хрысьціянскія дэмакраты Віцебшчыны” для юрыдычнай абароны сваіх сяброў.
Паводле Радыё Рацыя і прэсавай службы БХД