Нагадаем: летась 1 сьнежня на ўскрайку гораду спалілі вёску Паўлавічы. Усё адбылося на вачох людзей. Алена Каравіна, Мікалай Голубеў, Георгі Лабачоў, Тацьцяна Уліціна і Андрэй Салаўёў аб’ядналі свае намаганьні супраць тых, хто аддаваў загады паліць пабудовы. Каб паўнавартасна зьвяртацца ў дзяржаўныя структуры, яны падрыхтавалі ўсе неабходныя дакумэнты, у тым ліку даведкі аб уплаце падаткаў на нерухомасьць, на зямлю і г.д.
Зварот у пракуратуру Віцебску з просьбай расьсьледаваць ганебны выпадак падалі таксама праваабаронцы. Адтуль яны атрымалі фармальную адпіску (маўляў, гэта ня вашы дамы палілі, вы ня маеце да справы ніякага дачыненьня), але зварот у Генэральную пракуратуру меў станоўчы вынік — праваабаронцаў запэўнілі, што сытуацыю разгледзяць на месцы па сутнасьці. У выніку Менск усё ж такі даручыў пракуратуры Першамайскага раёну Віцебску высьветліць, наколькі законна дзейнічалі прадстаўнікі гарадзкіх уладаў.
Алена Каравіна шчыра прызналася, што ня надта верыць у посьпех: “Мы вырашылі дабівацца хаця б кампэнсацыі за нашу зьнішчаную маёмасьць. Мы ня вельмі верым у посьпех, бо самі ж улады і парушылі ўсё што толькі можна было, а мы ім на іх жа і скардзімся. Але ўсё ж спадзяёмся на лепшае. Ва ўсялякім разе трэба дабіцца, каб зь іншымі такога не адбылося. Трэба зрабіць высновы з нашай трагедыі. І чыноўнікі павінны ведаць, што за ўсе свае дзеяньні давядзецца адказваць”.
Крыніца: "Народная Воля"