Для правядзеньня масавых акцыяў у Віцебску вызначаныя тры месцы, кожнае – на ўскраіне гораду. Актывісты КХП БНФ ня згодныя з такім парадкам рэчаў. Яны падалі заяўку на шэсьце ад віцебскага чыгуначнага вакзалу да плошчы Леніна, каб там правесьці яшчэ і пікет, распавёў Ян Дзяржаўцаў:
“У гэты дзень (7 лістапада), непасрэдна каля помніку Леніну мы хацелі пагаварыць з жыхарамі гораду пра згубную ролю камуністычнай ідэалёгіі для разьвіцьця Беларусі, пра дзейнасьць камуністаў па зьнішчэньні нацыянальнай культуры, мовы і самаідэнтычнасьці беларускага народу. Нам не дазволілі, і гэта было прадказальна: пра забарону гарвыканкаму ўжо ведалі супрацоўнікі міліцыі, якія даслалі мне ліст, што ня будуць заключаць дамову на ахову мерапрыемстваў”.
Ян Дзяржаўцаў зьвяртае ўвагу на тое, што ў адказе з абласной управы МУС зафіксаваная неадпаведнасьць рашэньню Віцебскага гарвыканкаму, якое рэглямэнтуе парадак падачы заявак на масавыя акцыі:
“Рашэньне ўладаў такое, што спачатку мы мусім падаць дамовы з ЖКГ, мэдыкамі і міліцыяй на абслугоўваньне акцыяў. Потым ужо гарвыканкам вырашае, даваць дазвол ці не. Аднак зь міліцэйскай управы мне пішуць, што дамову на ахову правапарадку заключаць немэтазгодна, бо ім вядома, што гарвыканкам ужо нам адмовіў. Дык чаму ад нас патрабуюць выкананьня гэтага рашэньня пра масавыя акцыі, калі нават міліцыя яго парушае?”
Дарэчы, актывіст КХП БНФ атрымаў тры адмовы на абслугоўваньне акцый - з усіх службаў, пералічаных гарвыканкамам. З прадпрыемства ЖКГ яму адказалі, што з дамовай пра прыборку тэрыторыі ён зьвярнуўся не па адрасе, хаця менавіта гэтае прадпрыемства пазначанеае ў адмысловым рашэньні Віцебскага гарвыканкаму. А з цэнтральнай паліклінікі напісалі, што не заключаць дамову, бо 7 лістапада ў многіх урачоў выходны дзень і выправіць машыну “хуткай дапамогі” на акцыю няма магчымасьці.
Спадар Дзяржаўцаў падкрэсьлівае і яшчэ адну акалічнасьць: толькі з гарвыканкаму і абласной управы МУС яму адказалі па-беларуску. З паліклінікі і ЖКХ адказалі на рускай мове, і актывіст лічыць гэта парушэньнем заканадаўства пра звароты грамадзянаў, які абавязвае чыноўнікаў адказваць на той мове, на якой напісаны зварот.