Сям’я Семенчуковых – патомныя ўрачы. Маці працуе ў сфэры аховы здароўя, сястра вучылася ў Віцебскім мэдунівэрсытэце (адкуль яе адлічылі па палітычных прычынах), а сам Сяргей гэтым летам паступіў у Віцебскі мэдычны каледж. Як адзначыў Сяргей Семенчукоў, пасьля таго, як адлічылі яго сястру, узяліся за яго самога:
«У нашай краіне патрэбны ляяльныя, а зусім не адукаваныя маладыя людзі. Менавіта таму на мяне абрынуўся рэпрэсіўны апарат. Я выдатна разумею, што мне не дадуць навучацца пры гэтай дыктатарскай уладзе, таму я прыняў рашэньне байкатаваць таргі, на якіх мне прапануюць замяніць свае прынцыпы на магчымасьць атрымаць адукацыю!» - кажа Сяргей.
Далей Сяргей Семенчукоў распавядае сваю гісторыю:
- Летам гэтага году я паступіў у Віцебскі дзяржаўны мэдычны каледж, дырэктар якога Аляксандар Цацоха ўдзельнічаў у шоў “выбары” і стаў “дэпутатам”. З самага пачатку вучобы я зарэкамэндаваў сябе як пасьпяваючы студэнт. Падставай для канфлікту стала абсурдная сытуацыя - быў зьменены расклад і ў панядзелак раніцай зьявілася пара, якой раней не было. Паколькі ў пятніцу я хадзіў у ваенкамат, а на сайце каледжу зьменаў у раскладзе не было і ніхто мяне ні пра што не праінфармаваў, я проста ня мог ведаць пра тое, што ў панядзелак раніцай я мусіў быць на вучобе.
Атрымалася, што я прапусьціў адзін занятак. Гэта было за некалькі дзён да пачатку датэрміновага галасаваньня, куды цэлымі групамі адпраўлялі нашых студэнтаў. Здавалася, усё будзе нармальна, я адпрацую пропуск. Аднак на наступны дзень мяне забрала зь лекцыі да сябе ў габінэт загадчыца аддзяленьня Ірына Кукушкіна. Там нас чакала намесьнік дырэктара па выхаваўчай працы Анжэла Азарчэнкава.
Атмасфэра была напружаная, мяне спыталі, чаму мяне не было на занятках у панядзелак. Я ўсё спакойна патлумачыў. У мяне пацікавіліся, дзе я знаходзіўся падчас той пары. На што я адказаў, што быў дома. Але мне не паверылі і назвалі мае словы “дзіцячым лепетам”. Маўляў, адкуль ім ведаць, дзе сапраўды я знаходзіўся, можа, я ў гэты час быў на пікеце?
Адразу стала зразумела, навошта мяне забралі зь лекцыі. Пасьля мяне пачалі пераконваць у тым, што я такі прагульшчык, якіх у каледжы яшчэ не было. І што такія як я адразу забіраюць дакумэнты. Я доўга ня мог зразумець сэнсу іх слоў, таму што ў мяне была высокая пасьпяховасьць, і да гэтага выпадку ў мяне не было ніводнага пропуску.
Далей былі і іншыя “поскудзі” з боку адміністрацыі. Мэтай усяго гэтага было пераканаць мяне забраць дакумэнты з каледжу. Я вельмі хачу вучыцца, але чамусьці мне не даюць гэтага рабіць. Адзіны спосаб, які я бачу, як я магу выказаць сваю нязгоду з такімі дзеяньнямі, - байкот адміністрацыі каледжу.
Я не зьбіраюся хадзіць на заняткі, пакуль у каледжы ні ў што ставяць нармальных студэнтаў толькі за тое, што тыя не ўступілі ў БРСМ ці не пайшлі на датэрміновае галасаваньне. Ці раздалі ўлёткі, на што маюць поўнае права. Акрамя таго, я ня буду выконваць абсурдных патрабаваньняў адміністрацыі “плаці або забірай дакумэнты”. Гэты каледж стварыў мне невыносныя для вучобы ўмовы. Дык чаму я павінен за гэта плаціць ці ісьці вучыцца ў іншае месца?
Адміністрацыя каледжу тэлефанавала маме, яны хацелі, каб яна неяк паўплывала на мяне. Мама ж адказала, што я дарослы чалавек і сам вырашаю, што рабіць. Тады маці даслалі ліст, дзе гаворыцца, што яна павінна прыйсьці ў каледж і паведаміць, дзе я знаходжуся. Маці патэлефанавала, сказала, што я дома, жывы-здаровы і турбавацца пра мяне ня варта. Таксама я асабіста паведаміў загадчыцы аддзяленьня, што я знаходжуся дома. А на наступны дзень нам дамоў патэлефанаваў капітан міліцыі і сказаў, што я аб’яўлены ў вышук. Тыя з адміністрацыі, хто падаў заявы ў РУУС, нават пабаяліся пазначыць свае прозьвішчы. Я схадзіў да ўчастковага, сказаў што жывы-здаровы і пытаньне аб маёй згубе зачынілі. Думаю, гэты вышук быў спробай мяне запалохаць. Аднак я ведаю, што ні ў чым не вінаваты і ня буду выконваць незразумелых патрабаваньняў адміністрацыі каледжу.
Сама маці Сяргея Семенчукова заяўляе, што не зьбіраецца ціснуць на сына на просьбу адміністрацыі каледжу: «Я абураная тым, што адміністрацыя мэдкаледжу рознымі спосабамі спрабуе пазбавіцца ад дзіцяці толькі за тое, што ён неляяльна ставіцца да дзеючай улады. У сваім жаданьні яны зайшлі настолькі далёка, што спрабуюць ціснуць на майго сына празь мяне. Яны тэлефануюць мне і патрабуюць паўплываць на Сяргея. Ціснуць на дзіця, выкарыстоўваючы яго маці, - гэта подла. Тым больш, што адносіны з сынам мне значна даражэй, чымся добрае стаўленьне староньніх людзей».
1 лістапада ў Віцебскім мэдычным каледжы зьбіраецца пэдсавет. Як паведаміла Сяргею Семянчукову адміністрацыя каледжу, калі да гэтага часу ён не забярэ дакумэнты, то яго пад канвоем міліцыі прымусова даставяць у каледж.