«Да загадчыцы паліклінікі прыйшлі двое ў цывільным, доўга пра мяне распытвалі, пагражалі, што мяне пасадзяць, і загадалі, каб я перастаў даваць інтэрвію “Белсату”, маўляў, вы ўзбударажваеце грамадзкае меркаваньне», - кажа Ігар Пастноў і дадае: з самім урачом “людзі ў цывільным” размаўляць ня сталі. - Я хацеў бы растлумачыць гэтым людзям у цывільным, чаму я зьвярнуўся да “Белсату”: у нас пра элемэнтарную праблему, якая ляжыць на паверхні, немагчыма гаварыць па нашым дзяржаўным тэлебачаньні», - падкрэсьлівае доктар.
Віцебскім аблвыканкамам цяпер кіруе прафэсар мэдыцыны, заслужаны дзеяч навукі Аляксандар Косінец. Аднак у галіне аховы здароўя сытуацыя па-ранейшаму пакідае жадаць лепшага.
Паводле слоў Ігара Пастнова, адна з «болевых кропак» у службе аховы здароўя Віцебску - высокі ўзровень анкалягічных захворваньняў. І пры гэтым спыненае будаўніцтва другога корпусу анкалягічнага дыспансэру. «Калі былі “выбары”, туды паставілі кран, маўляў, яны пачынаюць нешта рабіць, а зараз яго ўжо прыбралі. А хірургічныя хворыя пасьля цяжкіх апэрацыяў ляжаць у калідорах, бо не хапае месцаў», - кажа ўрач.
Інфэкцыйны шпіталь, пабудаваны 60 гадоў таму, Ігар Пастноў называе «далінай сьмерці». У 2010 годзе там пачалі рамонт аднаго з карпусоў. «І да гэтага часу там практычна нічога ня зроблена. А ў першым корпусе хворыя цяпер ляжаць у нечалавечых умовах», - падкрэсьлівае доктар.
У пачатку году ў сеціве зьявілася шакавальнае відэа таго, у якіх умовах трымаюць самых маленькіх пацыентаў шпіталя. На ім бачна, што памяшканьні патрабуюць капітальнага рамонту. У шпіталі паведамілі, што рамонт яшчэ ня скончаны. Расказаць, на якой стадыі працы і наогул ці яны распачаліся, галоўны ўрач шпіталя адмовілася.