Чарачная і гандлёвая кропка, у якую па закупы прыходзяць цяжарныя і мамы зь дзецьмі, разьмясьціліся на першым паверсе новабудоўлі на вуліцы Чапаева. Падобнае суседзтва, мякка кажучы, вельмі зьдзівіла многіх жыхароў мікрараёну.
– Мы меркавалі, што побач адкрыецца піцэрыя ці сямейнае кафэ, а аказалася, чарачная. Незразумела і непрыемна, – скардзіцца прадавец крамы.
Шчыра не разумее, чым кіраваліся пры выбары профілю і месцазнаходжаньня аб'екта, і маладая мама Анастасія.
– Жывём непадалёк і з сынам часта тут шпацыруем. Уяўляю, які кантынгент зараз будзе тут зьбірацца. Чарачная каля дзіцячага крамы? Гэта недарэчнасьць нейкая, – мяркуе дзяўчына.
Адзіныя, каго, відаць, не бянтэжыць гэтая сытуацыя, дык гэта патэнцыйныя наведвальнікі чарачнай.
– А што тут такога? Адкрылі і адкрылі, наадварот, зручна: пакуль жонка па закупы пайшла, можна расслабіцца, стрэс зьняць, – заўважае спадар, які пажадаў застацца невядомым.
Але, мяркуючы па ўсім, у такім месцазнаходжаньні нічога заганнага ня бачаць уладальнікі і маркетолягі аб'екта. «Заходзьце, ужо наліваем!» – Прызыўна абвяшчае банэр шынка. На вокнах пацешныя, на першы погляд, лёзунгі кшталтц «Адвёз жонку на фітнэс – заходзь да нас, ты таксама можаш накачацца» (!) (дарэчы, непадалёк сапраўды знаходзіцца спартовы клюб для жанчын). Па сваіх памерах рэклямны плякат выразна пераўзыходзіць шыльду дзіцячай крамы.
Пашырыць кола кліентаў, мабыць, разьлічваюць і за кошт маладых бацькаў. У такім разе, чаму б не адкрываць чарачныя каля радзільняў і, як той казаў, не адыходзячы ад касы прапаноўваць неадкладна адзначыць нараджэньне атожылкаў?
Натальля Уладзімірава. vitvesti.by