Партыйныя дэлегаты з розных рэгіёнаў Віцебшчыны заслухалі і абмеркавалі справаздачу старшыні абласной арганізацыі Станіслава Храпавіцкага, выбралі абласнога кіраўніка, зацьвердзілі дэлегатаў на партыйны зьезд і выслухалі аргумэнты патэнцыйных прэтэндэнтаў на пасаду новага лідэра АГП. Акрамя Мікалая Казлова і Васіля Палякова, пра свой намер удзельнічаць у выбарах старшыні партыі заявіла яшчэ Ганна Канапацкая, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў.
У сваім выступе Станіслаў Храпавіцкі асноўны націск зрабіў на ўдзеле сябраў партыі ў леташняй выбарчай кампаніі: 23 прадстаўнікі партыі былі вылучаныя ў склад выбарчых камісіяў, 8 чальцоў падавалі дакумэнты для рэгістрацыі ў якасьці кандыдатаў у дэпутаты. Удзельнічалі партыйцы і ў назіраньні за выбарамі, ладзілі перадвыбарчыя пікеты... Выбарчыя кампаніі даюць легальную магчымасьць арганізаваць пікет, сустрэцца з людзьмі і данесьці да іх свой погляд на падзеі ў краіне. Для падрыхтоўкі кандыдатаў у дэпутаты і назіральнікаў былі праведзеныя сэмінары і трэнінгі.
Згадаў абласны лідэр і ўдзел партыйцаў у гэтак званых «маршах недармаедаў», пасьля якіх дэмакратычным сілам Воршы нават удалося наладзіць пэрыядычныя сустрэчы з кіраўніцтвам гораду для абмеркаваньня гарадзкіх праблемаў. І хаця гэтыя сустрэчы нельга назваць эфэктыўнымі, ужо адно тое, што такі дыялёг існуе, можна расцэньваць як станоўчую зьяву.
Пасьля справаздачы адбылося абмеркаваньне, былі выказаныя крытычныя заўвагі і пажаданьні, але ў цэлым праца абласной партыйнай арганізацыі была прызнаная здавальняючай.
На пасаду старшыні былі вылучаныя два прэтэндэнты, але Генадзь Ананьеў зьняў сваю кандыдатуру, і па выніках галасаваньня Станіслаў Храпавіцкі захаваў за сабой пасаду рэгіянальнага кіраўніка. Рэйтынгавым галасаваньнем ад Віцебскай вобласьці дэлегатамі зьезду АГП былі абраныя 11 сяброў партыі. А двое з новых чальцоў партыі атрымалі з рук дзейнага старшыні АГП Анатоля Лябедзькі партыйныя білеты.
Зь вялікай цікавасьцю дэлегаты канфэрэнцыі выслухалі прэтэндэнтаў на пасаду старшыні АГП.
Мікалай Казлоў:
АГП на сёньняшні дзень – самая працаздольная партыя ў апазыцыйным палітычным полі. Таму я лічу, што галоўнай задачай будучага кіраўніка будзе захаваньне таго багажу і аўтарытэту, якія мы маем. Разам з тым нам патрэбныя новыя сябры ў нашай партыі, новыя прыхільнікі.
Наступным важным момантам нашай дзейнасьці я бачу парлямэнцкую і прэзыдэнцкую кампаніі. І мы мусім да гэтых падзеяў быць цалкам падрыхтаваныя. Хтосьці мусіць займацца сацыяльнымі праблемамі. Але найперш, гэта, вядома, выбары. Прэзыдэнцкая кампанія – гэта і пытаньне кааліцыі, і пытаньне адзінага кандыдата, і пытаньне праймэрыз.
Што тычыцца лідэра партыі, то перад ім стаіць задача выпрацоўкі праграмы дзейнасьці і ўвасабленьня ў рэчаіснасьць тых задач, якія мы калектыўна зацьвердзім на зьезьдзе. Калі коратка, то менавіта ў гэтым я бачу асноўную ролю лідэра партыі на найбліжэйшыя два гады.
Васіль Палякоў:
Мая праграма складаецца з трох блёкаў. Першы блёк – гэта партыйнае будаўніцтва, другі блёк – гэта ўдзел у выбарах прэзыдэнта, трэці – удзел АГП у зьдзяйсьненьні рэформаў.
Асноўнымі момантамі партыйнага будаўніцтва лічу захаваньне партыйных каштоўнасьцяў, ніякіх гульняў з уладамі, мусіць быць пераемнасьць, безь якой мы ня ў стане рухацца наперад.
Пры прыняцьці рашэньняў я выступаю за тое, каб яны прымаліся як мага больш адкрыта, з удзелам найбольшай колькасьці сябраў партыі на розных стадыях абмеркаваньня.
Што тычыцца прэзыдэнцкай кампаніі, то я выступаю за адзінага кандыдата ад як мага шырэйшай апазыцыйнай кааліцыі праз працэдуру адкрытых праймэрыз.
АГП традыцыйна лічыцца партыяй з моцнай эканамічнай праграмай, таму яшчэ да пачатку палітычных пераменаў у краіне мы мусім мець каманду, здольную правесьці эканамічныя рэформы.
Пры канцы Анатоль Лябедзька патлумачыў аднапартыйцам нюансы што да ўзаемадачыненьняў паміж АГП і прызначанай уладай дэпутаткай у Палату прадстаўнікоў Ганнай Канапацкай, якая зьяўляецца сяброўкай партыі:
Перавагаў узяць мандат было крыху больш, чым ня браць яго, таму мы ўзялі. Цяпер у нас ёсьць досьвед працы з мандатам прызначанага дэпутата, пасьля якога я заяўляю, што ніякі прызначаны дэпутат ніколі ня будзе выступаць асабіста супраць Аляксандра Лукашэнкі, яго сям'і, сілавікоў і гэтак далей. Ён ніколі ня будзе падымаць тэму сумленных выбараў, бо гэта самая балючая тэма для ўлады. Ён можа рабіць нешта ў сфэры культуры, эканомікі.
Да верасьня 2017 году мы вельмі шчыльна працавалі з Ганнай, усе выступы яе былі напісаныя намі. Мы напісалі ёй палітычную праграму, каб яна балятавалася на пасаду старшыні палаты. Зразумела, што яе туды ніхто не абраў, але для нас было вельмі важна сказаць, чаму мы ўзялі гэты мандат.
Пасьля верасьня зьявілася заява пра стварэньне палітычнага руху. З гэтага пачалася праблема, цяпер у нас толькі кропкавая супраца.
Паводле словаў дэлегатаў канфэрэнцыі, абмеркаваньне падчас канфэрэнцыі ў Віцебску можна лічыць вельмі насычаным і плённым. Што тычыцца высноваў наконт будучага старшыні партыі, то іх пакуль нельга назваць адназначнымі.
https://vitebsk.dns.army/news/roznae/item/2816-ablasnaya-spravazdachna-vybarnaya-kanferentsyya-agp-prajshla-u-vitsebsku#sigProId7a85851a00
С. Горкі