Пятніца, 20 Ліпень 2018

“Сыходзім у інтэрнэт”. Беларуская крама “Князь Вітаўт” у Віцебску зачынілася

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
"Князь Вітаўт" зачыняецца... "Князь Вітаўт" зачыняецца...

Крама “Князь Вітаўт” не пратрымалася ў Віцебску і аднаго году. Яна адчынілася ў жніўні 2017-га на праспэкце Фрунзэ, у лютым 2018-га пераехала ў піраміду “Марка-Сіці” і зачынілася амаль адразу пасьля сёлетняга “Славянскага Базару”. Мяркуем, гэта страта для Віцебску…

Замаўляць цішоткі з вышыванкамі ды Пагоняй, беларускамоўныя паштоўкі і нацыянальныя сьцягі можна будзе цяпер толькі праз інтэрнэт.

“Сябры, паведамляем вам, што крама “Князь Вітаўт” з ГЦ "Марка-Сіці" ў Віцебску пераяжджае на прастору інтэрнэту, на адрас kniaz.by. Сайт ужо даступны для прагляду, дапрацоўваецца, кожны дзень дадаюцца новыя тавары і навінкі. Замовы пачынаем прымаць і дасылаць з 23 ліпеня”, – паведаміла 20 ліпеня адміністрацыя крамы.

Бонусам для віцяблян будзе бясплатная дастаўка тавару пры замове ад 30 рублёў.  

У размове зь “Віцебскай вясной” адміністратары крамы паведамілі таксама, што плянуюць адчыніць у Віцебску пункт выдачы тавараў.

“Народу сюды ня вельмі шмат заходзіла. Ну і арэнда грошай каштавала. Таму і зачыняемся…” – патлумачылі.

За год працы ў Віцебску “Князь Вітаўт” пасьпеў стаць для гараджан чымсьці большым за “проста краму”.

Тут адбываліся літаратурныя сустрэчы і нават канцэрты. У “Вітаўце” выступалі Альгерд Бахарэвіч і Вальжына Морт, сьпявалі Dzieciuki, раздаваў аўтографы Лявон Вольскі і г.д.

Гэта была ці не адзіная крама ў горадзе, дзе можна было набыць беларускае па-беларуску. На жаль, “Крамы тваёй краіны” ў нашым горадзе фізычна больш не існуе. Спадзяемся – да лепшых часоў…

Зьміцер Міраш