Серада, 06 Люты 2019

Сталічныя эканамісты сустрэліся з прадстаўнікамі бізнэс-супольнасьці Віцебшчыны

Ацаніць гэты матэрыял
(16 галасоў)

У першы дзень лютага у Віцебску кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» эканаміст Леанід Заіка і кіраўнік цэнтру Мізэса эканаміст Яраслаў Раманчук сустрэліся з прадстаўнікамі грамадзкага аб'яднаньня «Асацыяцыя наймальнікаў і прадпрымальнікаў», якое і арганізавала сустрэчу пад назвай «Экономіка Віцебшчыны: 2019, пэрспэктывы разьвіцьця?»

Ролю асноўнага прамоўцы на сустрэчы ўзяў на сябе Яраслаў Раманчук. Леанід Заіка, як мэтр незалежнай эканамічнай думкі, глыбокі і разам з тым іранічны, час ад часу камэнтаваў тэзы, якія вылучаў для аналізу яго маладзейшы калега.

Умоўна выступ можна падзяліць на тры блёкі. Першы быў прысьвечаны глябальным праблемам і зьменам у сусьветнай эканоміцы. Другі – стану эканомікі Беларусі. Трэці тычыўся аналізу эканомікі Віцебшчыны і пэрспэктыў яе разьвіцьця ў цяперашніх эканамічных умовах.

Ісьці ў лічбавы сьвет, або вязаць кошыкі?

Сярод рэчаў, якія змушаюць думаць пра рэформы, эканаміст вылучыў назапашваньне дзяржаўнай пазыкі (абслугоўваньне ў 2019-2020 гг. абыдзецца каля 7 адсоткаў ВУП), нерэфармаваны сэктар дзяржпрадпрыемстваў, адток працоўнай сілы, нізкую якасьць дзяржаўнага кіраваньня ды рэгуляваньня, працоўную міграцыю, якой ахопленыя маладыя і якасныя кадры. А тая акалічнасьць, што ў краіне няма ніводнага прадпрыемства, якое абапіралася б на міжнародныя стандарты карпаратыўнага кіраваньня, стрымлівае і ўнутранае, і зьнешняе інвэставаньне ў эканоміку.

Яраслаў Раманчук зазначыў, што ў сьвеце адбываецца чацьвёртая прамысловая рэвалюцыя, што вельмі важна як для краіны ў цэлым, гэтак і для Віцебшчыны ў тым ліку. У міжнароднай сыстэме падзелу працы гандлююцца паслугі, якія раней не гандляваліся. Паводле аналітыка, чалавек з навыкамі каштоўнага адмыслоўца ў якім заўгодна мястэчку Віцебскай вобласьці можа канкураваць з чалавекам, які працуе ў Сан-Францыска, Адэлаідзе ці ў Лёндане на ўмовах не лякальнай, а сусьветнай заработнай платы. Вось толькі для гэтага ў краіне мусіць быць тэхналёгія 5G.

Для апісаньня эканамічнай сытуацыі, якая існуе ў сьвеце, Яраслаў Раманчук падаў выказваньне доктаркі філялягічных і біялягічных навук Тацяны Чарнігаўскай:

– Мы трапілі наогул у іншы сьвет. Ён цякучы, празрысты, нестабільны, звышхуткі, гібрыдны. У ім павалілася адразу ўсё. Аўтаномнае жыцьцё лічбавага сьвету ідзе поўнай хадой: інтэрнэт рэчаў, самаарганізацыя сетак... Калі ўявіць нейкую краіну, якая ня можа сабе дазволіць увайсьці ў лічбавы сьвет, можна лічыць, што яе наогул няма. Яна – не гулец. Людзі могуць там жыць сабе, кошыкі вязаць, але яны ня ўдзельнікі агульнай справы.

Гэтыя словы наогул можна сьмела рабіць эпітэтам да ўсяго, што імкнуўся данесьці Яраслаў Раманчук віцебскай аўдыторыі.

– «Кошыкі вязаць» – гэта і ёсьць наша «чарка і скварка». Можна, вядома, і кошыкі вязаць, але тады сярэдні ўзрост нашага насельніцтва будзе 55 гадоў», – заключыў эканамічны аналітык.

Зь яго перакананьня, адзіна правільным выйсьцем са становішча нявызначанасьці для Беларусі, у якое трапілі ўсе, мусіць стаць узаемадапамога, супрацоўніцтва і партнэрства, каб выпрацаваць агульную нацыянальную пазыцыю.

На просьбу спадара Яраслава розніцу паміж сытуацыямі за часамі перабудовы і ў цяперашні пэрыяд пракамэнтаваў Леанід Заіка:

– Перабудова 1985 году была гэтакай цацкай для людзей, якія чакалі магчымасьці купляць аўто і сьвежыя трускалкі. Недзе ў 1989 годзе я казаў людзям: «Пачакайце некалькі гадоў, і ўсё будзе: і дываны, і футры... Усяго будзе ў дастатку, толькі гэта будзе дорага каштаваць, а ў вас ня будзе грошай.

Што тычыцца сёньняшняй сытуацыі, то мы назіраем пачатак новай цывілізацыі. Цывілізацыі інтэлекту, дзе для паловы сьвету няма туды ўваходу. Гэта, мабыць, самы шалёны выклік для чалавецтва за апошнія сто гадоў, але «кошыкі» застануцца.

У сувязі з гэткай сытуацыяй паўстае неабходнасьць у адукацыі на працягу ўсяго жыцьця, а таксама ў няспынным, крытычным асэнсаваньні самога сябе.

Статыстыка – рэч упартая: беларусы жывуць не па сродках

Блёк, прысьвечаны аналізу статыстычных дадзеных, быў вельмі карысным для зразуменьня эканамічнай сытуацыі, якая склалася ў краіне ў апошнія пяць гадоў.

Аналізуючы дынаміку ВУП Беларусі, спадар Раманчук зьвярнуў увагу на згубу 22 мільярдаў даляраў у 2015 годзе. За тры наступныя гады пераадолець гэты недахоп так і не ўдалося. Затое за гэты час грашовая маса павялічылася больш як на 25 адсоткаў. І гэта сур'ёзны інфляцыйны выклік.

Далей размова ішла пра крэдытаваньне, грашовую палітыку, фінансавыя рызыкі, дзяржаўны бюджэт, дзяржаўны доўг...

Зьвярнуў увагу аўдыторыі Яраслаў Раманчук і на крэдытную пастку, у якую трапіла Беларусь:

– За 2011-1017 гг. пратэрмінаваная запазычанасьць у сярэднім за год расла на 41 адсотак, доўг па крэдытах і пазыках – на 65 адсоткаў, дэбіторская запазычанасьць на – 37,5 адсотку. Сумарная запазычанасьць суб'ектаў гаспадараньня за 2018 год перавысіла ВУП.

За студзень – ліпень 2018 на касаваньне крэдытаў прадпрыемстваў накіравалі 53,59 мільярду беларускіх рублёў (26% выручкі, або 56,7% валавой дададзенай вартасьці). У прамысловасьці накіравана на касаваньне крэдытаў 35,1 мільярду беларускіх рублёў, у той час як дададзенай вартасьці было створана ў прамысловасьці толькі 28 мільярдаў беларускіх рублёў (122% валавой дададзенай вартасьці).

Эканаміст Леанід Заіка гэтак пракамэнтаваў спэцыфіку цяперашняй эканамічнай сытуацыі:

– Нікому няма справы да таго, што такое макраэканамічнае рэгуляваньне. Добра, урад дасягнуў павелічэньня прыбытку насельніцтва на 17 адсоткаў. Для прадпрымальнікаў гэта добра. Але ў ніводнай краіне сьвету прыбыткі на 17 адсоткаў за год не растуць. Гэта немагчыма, бо гэта небясьпечна. У Расеі за 2018 год прыбыткі павялічыліся на 0,2 адсотку. І яны задаволеныя. А ў нас любімы прэзыдэнт падняў аматарам чаркі і скваркі заробкі на 17 адсоткаў ды паехаў у Крэмль патрабаваць таннай нафты. Што з гэтага вынікае? Беларусы жывуць не па сродках – і гэта адна з субстанцыянальных характарыстык беларусаў. Гэтаму дапамагае ўрад, які таксама любіць жыць не па сродках. Кіраўнік дзяржавы таксама жыве не па сродках.

За 2018 год ВУП павялічыўся на 3 адсоткі, а прыбыткі вырасьлі на 17%, – глупства несусьветнае.

Агульныя высновы: 2018 год быў падарункам для прадпрымальнікаў. Дэвальвацыя беларускага рубля да даляру павялічылася на 8%, і гэта вялікі паказчык.

Хто напіша дарожную мапу для Віцебшчыны?

Сваю размову пра выклікі і пэрспэктывы для паўночнага рэгіёну краіны на 2019 год Яраслаў Раманчук пачаў з аналізу эканамічных паказчыкаў Віцебскай вобласьці за апошнія дзесяць гадоў. За гэты час насельніцтва вобласьці зьменшылася на 65 тысячаў чалавек; на 78 тысячаў паменшала працоўнай сілы; заробак апусьціўся на паўтара пункты, прамысловая вытворчасьць зьменшылася на 2,8 п.п.; розьнічны гандаль – мінус 1.3 п.п.; рэнтабэльнасьць – мінус 2,2 п.п.; чысты прыбытак скараціўся на 2,2 п.п. Параўнаньне ж з 1995 годам і наогул пераконвае ў тым, што Віцебшчына згубіла вельмі сур'ёзна.

Для Віцебскай вобласьці на 2019 год эканаміст вылучыў сем выклікаў:

  • нафтавы ўдар: варыянты кампэнсацыі, мадэль паводзінаў;
  • аршанскі кейс;
  • канкурэнцыя расейскіх памежных рэгіёнаў;
  • Менск як гіпэртрафіраваны цэнтар: дэцэнтралізацыя;
  • інфраструктурны хаб;
  • капіталізацыя і манэтызацыя прыродных рэсурсаў;
  • бюджэтны імпэратыў.

Далей у кантэксце цэлага шэрагу выклікаў гаворка ішла пра фармаваньне магчымай дарожнай мапы для Віцебшчыны. Абмяркоўваліся тэарэтычныя варыянты кампэнсацыі і мадэль паводзінаў Віцебскай вобласьці ў сувязі з нафтавым ударам, які датычыцца прадпрыемстваў нафтавай вытворчасьці ў Наваполацку і Полацку. 

– Ці можна вырашыць праблему «Нафтану» без перадачы часткі актываў расейцам? – задаўся пытаньнем Яраслаў Раманчук.

Такую пастаноўку пытаньня Леанід Заіка назваў шкоднай. Ён запярэчыў:

– Формула ад пачатку павінна быць іншай: трэба ўваходзіць у вэртыкальнае партнэрства. Трэба шукаць сабе ў Расеі партнэра, які мае доступ да нафты, і зь ім інтэгравацца, а прадаваць кожны дурань умее. Лепей за ўсіх гандлююць цыгане. Найміце групу цыган, і яны будуць гандляваць беларускімі нафтаперапрацоўчымі заводамі. Прадаваць – гэта ўжо апошняе.

Падыход Леаніда Заікі спадар Раманчук назваў ідэалістычным, бо пошук партнэра заблякуюць у Крамлі і не дазволяць ідэі рэалізавацца.

Характарызуючы аршанскі інвэстпраект, Яраслаў Раманчук назваў яго своеасаблівым унутраным афшорам. Невядома таксама, як да гэтага ставіцца, бо бліжэйшыя да Воршы раёны могуць пацярпець, бо ўвесь бізнэс пойдзе туды.

Для пасьпяховага эканамічнага разьвіцьця вобласьці ў цэлым неабходныя перадача кіраваньня актывамі з цэнтру на месцы, урэгуляваньне пытаньня падаткаў, стварэньне разьвітай лягістычнай сыстэмы, паляпшэньне кіраваньня зямлёй і воднымі рэсурсамі, зьмяненьне структуры экспарту і сэктару паслугаў. Трэба выкарыстоўваць наяўныя мясцовыя здабыткі: разьвіваць санаторнае абслугоўваньне, павялічваць адукацыйныя паслугі на базе існуючых навучальных установаў. Наяўнасьць у Віцебску адзінай у краіне вэтэрынарнай акадэміі дае магчымасьць для пашырэньня адмысловых паслугаў (online-кансультацыяў і г.д) па ўсім сьвеце. Але для рэалізацыі гэтых задумаў у Віцебскай вобласьці мусіць быць сучасны аэрапорт. Патрабуе вырашэньня і праблема зьмены адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу, бо цяперашняя структура адлюстроўвае эканамічную патрэбу 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя.

Пры канцы сустрэчы Яраславу Рамунчуку было прапанавана напісаць дарожную мапу для Віцебскай вобласьці. Эканаміст пагадзіўся і зазначыў:

Гэта мусіць быць калектыўная праца людзей, якія маюць аўтарытэт. Таму яе мусяць пісаць мясцовыя навукоўцы, аўтарытэтныя прадстаўнікі мясцовага бізнэсу, уплывовыя структуры грамадзянскай супольнасьці. То бок мусіць быць максымальна шырокае прадстаўніцтва зацікаўленых бакоў. Трэба навучыцца абмяркоўваць і ўзгадняць рознабаковыя пазыцыі. Такі экспэрымэнт для мяне быў бы важным, бо зьверху таксама адчуваецца попыт на нейкія рэформы.

С. Горкі