Панядзелак, 09 Сакавік 2020

Герашчанка прапануе зацьвердзіць «трыадзінства рускага народу» ў Канстытуцыі РФ

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Андрэй Герашчанка зь віцебскімі казакамі Андрэй Герашчанка зь віцебскімі казакамі

Кіраўнік ГА «Рускі дом» у Віцебску Андрэй Герашчанка выказаўся пра тое, што трыадзінства рускага народу неабходна запісаць у Канстытуцыю Расеі. Пра гэта ён сказаў у інтэрвію сайту «Белорусский политринг», камэнтуючы навіну пра законапраект, прыняты ў Расеі, які можа адмяніць сумоўе для грамадзян Украіны і Беларусі пры атрыманьні імі статусу носьбітаў расейскай мовы.

«Гэта наогул анахранізм і абсурд – сумоўе з украінцамі і беларусамі наконт атрыманьня імі статусу носьбітаў расейскай мовы! Беларусы і ўкраінцы складаюць разам з расейцамі адзін вялікі народ, што ня раз пацьвярджалі ў сваіх выказваньнях прэзыдэнты Расеі і Беларусі Пуцін і Лукашэнка», – сказаў Андрэй Герашчанка.

Апроч таго, кіраўнік «Рускага дому» «настойвае на тым, што трыадзінства рускага народу – рускіх, беларусаў і ўкраінцаў» – таксама варта было б запісаць у Канстытуцыю Расеі».

Па словах Герашчанкі, расейская ёсьць роднай і асноўнай мовай як у Беларусі, гэтак і ва Ўкраіне, нягледзячы на ўсе «бандэраўскія фокусы нашай паўднёвай суседкі».

Літаральна тыдзень таму Герашчанка прапаноўваў замяніць у беларускай мове «шкарпэткі» на «наскі», а «гарбату» на «чай». А тых, хто працягвае замаўляць у кавярнях «гарбату» – узяць пад кантроль КДБ і МУС. Сам сябе Герашчанка называе «беларускім пісьменьнікам», ён сябра Саюзу пісьменьнікаў Беларусі.

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.