Панядзелак, 08 Лістапад 2021

У Віцебску ад каронавірусу памерла актывістка Юлія Барсукова. Ёй было 38 гадоў

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Юлія Барсукова Юлія Барсукова

8 лістапада пайшла з жыцця 38-гадовая актывістка руху «Краіна для жыцця» Юлія Барсукова. 25 кастрычніка яна патрапіла ў лякарню з каронавіруснай інфекцый, апошнія дні знаходзілася на штучнай вентыляцыі лёгкіх. Без маці засталіся двое яе няпоўнагадовых дзяцей.

20 кастрычніка Юліі Барсуковай споўнілася 38 гадоў. А ўжо 22 кастрычніка на яе старонцы ў Фэйсбуку з'явіўся допіс пра хваробу. «Смаку няма. Паху няма», – напісала яна. 25 кастрычніка хуткая яе адвезла ў лякарню. Юлія змагалася за жыццё больш за два тыдні...

Юлія Барсукова брала актыўны ўдзел у выбарчай кампаніі Святланы Ціханоўскай у 2020 годзе, была актывісткай руху «Краіна для жыцця», сябрам аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя. За сваю актыўную грамадскую і палітычную дзейнасць неаднаразова падвяргалася пераследу з боку ўладаў.

19 траўня 2019 года яна была аштрафаваная суддзём Уладзімірам Царыкавым на 30 базавых велічыняў за публікацыю ў тэлеграм-чаце «Краіна для жыцця», адміністратарам якога яна зʼяўлялася. Суддзя палічыў, што яна сваёй публікацыяй парушыла заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

30 чэрвеня суддзя Ілля Белавус аштрафаваў яе на 38 базавых велічыняў за ўдзел у «ланцугу салідарнасці» – акцыі, якая праходзіла ў Віцебску 19 чэрвеня 2020 году – у апошні дзень збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў.

Яшчэ адна адміністрацыйная справа за ўдзел у пікеце для збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую была спыненая ў судзе за недаказанасцю.

Ужо пасля прэзідэнцкіх выбараў, 9 кастрычніка, Юля была аштрафаваная на 25 базавых велічыняў за ўдзел у шэсці 11 жніўня.

Апроч таго, у дачыненні яе была распачатая крымінальная справа па ч.1 арт.342 («Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). У яе доме адбыўся ператрус.

Выказваем глыбокія спачуванні сямʼі і блізкім Юліі. Вечная памяць!

Уладзімір Бяляўскі