Серада, 01 Красавік 2015

Будаўнікі Віцебшчыны зноў на апошнім месцы

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У студзені-лютым 2015 году будаўнікі Віцебскай вобласьці ўвялі ў эксплёатацыю каля 32 тысяч квадратных мэтраў жытла, чым і забясьпечылі вобласьці апошняе месца па краіне.

За два месяцы бягучага году ў Беларусі пабудавана 9,2 тысячы новых кватэр (у студзені-лютым 2014 году – 9,2 тысячы). Уведзена ў эксплёатацыю 997,4 тысячы квадратных мэтраў агульнай плошчы жытла, што складае 19,9% да прадугледжанага заданьня на год, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт.

Увод у эксплёатацыю жытла па абласьцях і Менску ў студзені-лістападзе 2014 году (тысяч квадратных мэтраў агульнай плошчы)

 

Найлепшыя паказчыкі мае Менская вобласьць (339,0 тысяч квадратных мэтраў жытла). Далей ідуць Берасьцейская вобласьць (315,0 тысяч кв.м.); Гарадзенская вобласьць (102,2 кв.м.); Магілёўская вобласьць (86,3 кв.м.); Менск (75,3 кв.м.) і Гомельская вобласьць (47,3 кв.м.). На апошнім месцы з паказчыкам 32,2 кв.м. разьмясьцілася Віцебская вобласьць.

Арганізацыямі Віцебшчыны ўсіх формаў уласнасьці пабудавана 356 новых кватэр (у студзені-лютым 2014 году – 625 кватэр). Уведзена ў эксплёатацыю 32,2 тысячы квадратных мэтраў агульнай плошчы жыльля, што складае 8,1% да прадугледжанага заданьня на год і 72,8% да ўзроўню студзеня-лютага 2014 году.

21,1% ад агульнага ўводу жытла па вобласьці ўведзена ў эксплёатацыю ў сельскіх населеных пунктах; для грамадзян, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоў, уведзена ў эксплёатацыю 40,1% ад агульнага аб’ёму ўведзенага жытла. У параўнаньні са студзенем-лютым 2014 году ўвод у эксплёатацыю жытла для гэтай катэгорыі грамадзян паменшыўся на 17 тысяч квадратных мэтраў.

У цэлым па краіне ў сельскіх населеных пунктах пабудавана 37,5% ад агульнага ўводу жытла, а 42,2% ад агульнага аб’ёму жытла, уведзенага ў Беларусі за студзень-люты, прызначана для грамадзян, якія стаяць на ўліку для паляпшэньня жыльлёвых умоў.

Крыніца: Хімік.інфо