Лякальны маніторынг навакольнага асяродзьдзя ў жніўні 2014 году зафіксаваў на пахаваньні пэстыцыдаў у сьвідравіне №3 у ААТ “Гарадоцкі РАПЗ”, што велічыня гексахлёрцыклягексану (ГХЦГ ) (сума ізамэраў) перавышала вызначаныя нарматывы ў 34,36 разоў, альфа-ГХЦГ – у 21,78 разоў, дэльта-ГХЦГ– ў 45,22 разоў.
У нацыянальны плян выкананьня забавязаньняў, прынятых Рэспублікай Беларусь па рэалізацыі палажэньняў Стакгольмскай канвэнцыі аб стойкіх арганічных забруджвальніках, у 2011-2015 гадох была ўключана ліквідацыя гэтага пахаваньня за кошт бюджэтных сродкаў Віцебскага аблвыканкаму і Мінпрыроды. Ліквідацыі Хмяльніцкае пахаваньне падлягала ў 2013-2014 гадох пасьля ліквідацыі буйнага Слонімскага пахаваньня, якое рабілася за кошт міжнароднай дапамогі.
Але гэтыя пляны завісьлі ў паветры, бо ў 2014 годзе ў Гарадку рыхтаваліся да Дажынак. І калі раней пра пляны Мінпрыроды і мясцовай улады па ліквідацыі небясьпечнага пахаваньня напачатку году паведамляла БЕЛТА, то сёлета “абяцанак” не чуваць. Мо гэта і правільна. Чым трэці год запар карміць абяцанкамі, лепш нарэшце сабрацца зь сіламі і ліквідаваць гэтую хімічную бомбу на тэрыторыі Гарадоцкага раёну.
Крыніца: Гарадок.інфо