У вобласці ўзрасла колькасць некаторых відаў правапарушэнняў, адзначыў прадстаўнік пракуратуры. У прыватнасці, стала больш наўмысных прычыненняў цяжкіх цялесных пашкоджанняў, выпадкаў хабарніцтва, ухілення бацькоў ад выхавання дзяцей, а таксама ад мерапрыемстваў прызыву на воінскую службу, экстрэмісцкіх злачынстваў. Вырасла колькасць злачынстваў, учыненых на аб'ектах транспарту. Павялічылася і колькасць выпадкаў кіберзлачыннасці, у прыватнасці махлярстваў.
Па словах Ігара Украінца, узровень кампутарнай пісьменнасці насельніцтва адстае ад хуткасці ўкаранення тых ці іншых кампутарных сістэм у паўсядзённае жыццё. Пры гэтым большасць грамадзян фармальна ставіцца да абароны і бяспекі ўласнай інфармацыі, асабістых дадзеных, а такім чынам і маёмасці. У мэтах папярэджання і спынення правапарушэнняў у гэтай сферы супрацоўнікі пракуратуры праводзяць тлумачальную працу для насельніцтва, выступаюць у працоўных калектывах, СМІ.
Падчас прэс-канферэнцыі гаварылася і пра тое, як рэгіянальнае прадстаўніцтва ведамства працуе са зваротамі грамадзян. Так, першым паўгоддзі ў органы пракуратуры вобласці ад грамадзян паступіла звыш 2,5 тысяч зваротаў. Больш за дзве тысячы чалавек звярнулася да пракурорскіх работнікаў падчас асабістых прыёмаў, у тым ліку праводзяцца па месцы жыхарства і працы грамадзян. Але амаль траціна зваротаў не адносілася да дзейнасці органаў пракуратуры і была накіравана для разгляду ў адпаведныя органы. Што да тых зваротаў, якія былі «па адрасе» (іх паступіла 1 200), абгрунтаванымі былі прызнаныя толькі 33%. Гэта значыць, што за мінулыя паўгода толькі па прыкладна 400 зваротах пракурорамі прымаліся меры па аднаўленні парушаных правоў і інтарэсаў грамадзян. Пры гэтым асноўная маса зваротаў была па пытаннях парушэння законнасці пры вядзенні адміністрацыйнага працэсу або нязгоды з прыцягненнем да адміністрацыйнай адказнасці.
Валеры Лушчык