У розныя гады актывісты ўсталявалі на месцы расстрэлаў 34 крыжы, у тым ліку з прозвішчамі вядомых ахвяраў, паставілі некалькі помнікаў на сімвалічных брацкіх магілах, якія можна было знайсці па адмысловых указальніках. Пра скрушныя падзеі, якія адбываліся каля вёскі Хайсы Віцебскага раёна, было напісана на інфармацыйных стэндах, таксама зробленых неабыякавымі людзьмі і сваякамі расстраляных...
«Зараз не засталося ніводнага стэнда, з 34 крыжоў засталіся 8, знішчаны ўсе ўказальнікі. На маю думку, просты чалавек рабіць такое не будзе – тым болей, мясцовыя жыхары добра ведаюць трагічную гісторыю гэтых мясцін. Зрабіць гэта, мяркую, маглі толькі па загадзе ўладаў», -- кажа стваральнік ініцыятывы Ян Дзяржаўцаў.
Паводле ягоных назіранняў, знішчэнне крыжоў і іншых знакаў у «віцебскіх Курапатах» актыўна пачалося пасля 2020 года. А за тымі, хто спрабуе сачыць за парадкам на «расстрэльным месцы», цяпер цікуе міліцыя. Вяскоўцы, якія раней ахвотна дапамагалі актывістам, цяпер баяцца праяўляць ініцыятыву, распавядае Ян Дзяржаўцаў:
«Адна жанчына распавяла, што бачыла людзей, якія наводзілі парадак каля сімвалічнай магілы. А праз пэўны час на ўскрайку леса з'явілася машына, з яе выйшлі людзі з гукаўзмацняльнікам і пачалі патрабаваць, каб тыя, хто зараз у лесе, выходзілі да іх на дарогу. Гэтыя заклікі працягваліся хвілін 15, але ніхто з лесу не выйшаў. Мясцовым жыхарам вельмі не падабаецца, што мемарыял, прысвечаны падзеям, пра якія ім з жахам распавядалі бацькі і дзяды, цяпер знішчаецца».
Пра тое, што ў лесе каля вёсак Хайсы і Дрыколле мясцовыя жыхары знаходзяць выкінутыя з зямлі чалавечыя парэшткі, cябар КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў даведаўся яшчэ ў пачатку 2000-х. У лістападзе 2014г. віцебскія журналісты і актывісты на свае вочы ўбачылі ў лесе чалавечыя косткі і чарапы. Старажылы пацвердзілі, што ў гэтых мясцінах у 1930-я гады расстрэльвалі людзей. 14 лістапада 2014г. тут у першы раз ушанавалі памяць ахвяраў: у трох месцах, дзе былі самыя вялікія яміны з парэшткамі, усталявалі крыжы. Паступова, дзякуючы намаганням ініцыятывы «Хайсы-віцебскія Курапаты», у лесе каля вёскі Хайсы паўстаў самаробны мемарыял, які нагадвае пра забойствы бязвінных людзей у часы сталінскага тэрору. У 2021 годзе невядомыя зламалі два мемарыяльныя крыжы і пашкодзілі шыльды з надпісам «Месца сталінскіх расстрэлаў». У траўні 2023 года актывісты заўважылі чарговыя адзнакі вандалізму: былі зламаныя некалькі драўляных крыжоў, на якіх былі шыльды з прозвішчамі расстраляных, часткова знішчаны ўказальнікі, па якіх можна было дайсці да ямін, дзе ў 2014 годзе былі знойдзены выкінутыя на паверхню чалавечыя парэшткі.
Кірыл Нядзведзкі