Сарай у гэтым двары ўяўляе небяспеку найперш для дзяцей, якія гуляюць паблізу, -- цагляныя сцены паступова разбураюцца. У безгаспадарчай пабудове нейкі час таму пасяліліся людзі без пэўнага месца жыхарства, і не выключана, што па іх віне там здарыўся пажар. Драўлянай лесвіцы, якая вяла на другі паверх збудавання, ужо даўно няма. Але сярод падлеткаў знаходзяцца рызыканты, каб ускараскацца туды дзеля забавы...
Не ў апошнюю чаргу турбуе жыхароў дома №18 па вуліцы Жасткова і непрывабны знешні выгляд старога сарая. Яго, дарэчы, добра відаць і з абласнога дзіцячага шпіталя, тэрыторыя якога мяжуе з дваром. Здавалася б, чаго прасцей – знесці неэстэтычную і небяспечную пабудову. Аднак з гэтым як раз і паўстала праблема.
Мясцовыя жыхары звярнуліся ў абласную газету «Витебские вести». Адтуль быў накіраваны запыт у ЖЭУ №9. Як высветлілася, яго начальник Ігар Сінякоў даўно ў курсе гэтай праблемы, але ніякіх каардынальных захадаў не прадпрымаў. «Я, еще работая мастером, обращался в вышестоящие инстанции по поводу этого сарая. Но никаких действий не предпринималось. Здание давно в таком состоянии. Раньше его использовали жильцы трехэтажного дома, в котором не предусмотрены подвалы. Со временем сарай стал разрушаться. Мы убрали лестницу на второй этаж, стропила, заколотили двери, чтобы дети не лазили. Нынешним летом провели обследования, составили акты на снос. Будем проводить собрание с жильцами, чтобы получить их согласие», - адкаментаваў зварот жыхароў начальнік ЖЭУ.
Тыя ў сваю чаргу вырашылі, што вярней будзе звярнуцца яшчэ й наўпрост у гарвыканкам, да намесніка старшыні, які курыруе камунальныя пытанні. «Стан нашага двара не адпавядае сацыяльным і санітарным стандартам для месцаў пражывання ў г.Віцебску», - гаворыцца ў звароце.
На спрыянне газеты насельнікі дома №18 спадзяюцца мала: падобны досвед ужо мелі іх суседзі з дома №16, дзе таксама ў двары такі ж сарай. Ім патлумачылі, што сёлета ў ліпені гэтае пытанне супрацоўнікі Мінсітэрства па надзвычайных сітуацыях яшчэ толькі збіраюцца паставіць перад уладамі...
Застаецца хіба дадаць, што дом №18 на вуліцы Жасткова знаходзіцца зусім блізка ад Плошчы Перамогі – аб'екта гарадской інфраструктуры, якім вельмі ганарацца мясцовыя ўлады, куды запрашаюць турыстаў і гасцей горада. Але – 5 хвілін няспешнага ходу, і тыя ж турысты і госці могуць займець зусім не пазітыўныя ўражанні ад Віцебска.
Руслана Зыкіна